БЕРГ (Леў Сямёнавіч) (14.3.1876, г. Бендэр, Малдова — 24.12.1950),

рускі фізіка-географ і біёлаг. Акад. АН СССР (1946, чл.-кар. 1928). Засл. дз. нав. РСФСР (1934). Праф. Петраградскага (потым Ленінградскага) ун-та (1916). Вёў даследаванні ў Зах. Сібіры, Сярэдняй Азіі, на Каўказе, Усх.-Еўрап. раўніне і інш. Распрацаваў вучэнне пра ландшафты, глебавую тэорыю ўтварэння лёсаў, класіфікацыю клімату на ландшафтнай аснове. Займаўся лімналогіяй і іхтыялогіяй. Аўтар прац па геамарфалогіі, палеагеаграфіі, геалогіі. Даследчык гісторыі рус. геагр. адкрыццяў і Геагр. т-ва СССР. Прэзідэнт Геагр. Т-ва СССР (1940—50). Дзярж. прэмія СССР 1951. Імем Берга названы дзеючы вулкан на в-ве Уруп (Курыльскія а-вы), пік на Паміры, ледавікі на Паміры і ў Джунгарскім Алатау і інш.; імя Берга ўвайшло ў лацінскія назвы больш як 60 жывёл і раслін.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—5. М., 1956—62.

Л.С.Берг.

т. 3, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Берг А. (кампазітар) 1/589; 11/348, 425

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Берг А. І. 2/301; 5/556, 578; 8/93, 534; 9/37

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БУКО́ЎСКІ ((Bukovskis) Леў Уладзіміравіч) (30.5.1910, Рыга — 18.3.1984),

латышскі скульптар. Нар. мастак Латвіі (1976), чл.-кар. АМ СССР (1975). Вучыўся на арх. ф-це Латв. ун-та ў Рызе (1932—35), Фларэнційскай АМ (1938—39). Аўтар помнікаў змагарам рэвалюцыі 1905 на могілках Матыса ў Рызе (1956—59, у сааўт.), мемар. ансамбля Памяці ахвяр фашызму ў Саласпілсе (1961—67, у сааўт., Ленінская прэмія 1970), станковых кампазіцый («На цаліне», 1954—55, «Героі грамадзянскай вайны Э.​Берг і А.​Жалязняк», 1957) і партрэтаў.

Л.Букоўскі. Помнік змагарам рэвалюцыі 1905 года на могілках Матыса ў Рызе. 1959.

т. 3, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВЕ́НЦЫЯ (ад лац. inventio знаходка, вынаходніцтва),

невялікая 2—3-галосая музычная п’еса, звычайна імітацыйнага складу. Упершыню тэрмін «І.» выкарыстаў франц. кампазітар К.​Жанекен (16 ст.). І. — твор, у якім выразна рэалізуецца пэўная кампазіцыйна-тэхн. ідэя. Найб. вядомы 15 двух- і 15 трохгалосых «сінфоній» І.​С.​Баха. Іх будова арыентавана на тагачасныя тыпы 2- і 3-часткавай формы з істотнымі прыкметамі фугі. У 20 ст. І. пісалі М.​Бутынг, Б.​Марціну, А.​Берг. І. могуць уваходзіць і у цыкл («Поліфанічны сшытак» Р.​Шчадрына) ці складаць яго «12 І.» (Б.​Цішчанкі для аргана); маюць пед. ці канцэртнае прызначэнне.

т. 7, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУС (Якаў Вілімавіч) (1670, Масква — 30.4.1735),

ваенны і дзярж. дзеяч Расіі, вучоны, ген.-фельдмаршал (1726). Граф (1721). Паплечнік цара Пятра I. Паходзіў са знатнага шатл. роду, яго продкі з 1647 жылі ў Расіі. Удзельнік Крымскіх 1687, 1689 і Азоўскіх 1695—96 паходаў. Склаў карту зямель ад Масквы да М. Азіі (1696). Уваходзіў у склад Вялікага пасольства. У 1701 кіраваў Наўгародскім прыказам. Камандаваў артылерыяй у Палтаўскай бітве 1709, Пруцкім паходзе 1711 і інш. У 1717—22 сенатар і прэзідэнт Берг- і Мануфактур-калегій. Разам з дыпламатам А.​І.​Остэрманам падпісаў Ніштацкі мірны дагавор 1721. З 1726 у адстаўцы. Рэдагаваў геагр. карты і глобусы, перакладаў замежныя кнігі, загадваў (з 1706) Маскоўскай грамадз. друкарняй, развіваў артыл. навуку і інш. Імем Бруса названы грамадз. Каляндар 1709—15.

т. 3, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ БІЯЛО́ГІЯ,

навука пра малекулярныя асновы жыццёвых з’яў. Вывучае структурна-функцыян. арганізацыю генет. апарата клетак і механізмы рэалізацыі спадчыннай інфармацыі (малекулярная генетыка), малекулярныя механізмы ўзаемадзеяння вірусаў з клеткамі (малекулярная вірусалогія), заканамернасці імунных рэакцый арганізма (малекулярная імуналогія), зменлівасць і спецыялізацыю клетак у антагенезе (М.б. развіцця), а таксама структурную арганізацыю біямалекул, механізмы іх функцыянавання і рэгуляцыі актыўнасці, сувязь паміж структурай і функцыяй, узаемадзеянне з інш. малекуламі і інш.

М.б. ўзнікла ў сярэдзіне 20 ст. на стыку генетыкі, біяфізікі, біяхіміі (вылучылася з апошняй), асновай яе стала раскрыццё Ф.Крыкам і Дж.Уотсанам прасторавай будовы ДНК (1953). Вял. ўклад у развіццё М.б. зрабілі амер.. вучоныя К.Б.Анфінсен, С.​Ачоа, Д.Балтымар, П.​Берг, Дж.Ледэрберг, Х.Т.Карана, А.Корнберг, М.Нірэнберг, Р.Халі, англ. — М.Перуц, швейц. — В.Арбер, франц. — Ф.Жакоб, Ж.Мано і інш., сав. — Ю.А.Аўчыннікаў, А.​А.​Баеў. А.М.Белазерскі, А.С.Спірын, М.М.Шамякін, У.А.Энгельгарт і інш.

На Беларусі даследаванні па М.б. вядуцца ў ін-тах Нац. АН Беларусі: эксперым. батанікі, фотабіялогіі, генетыкі і цыталогіі, біяарган. хіміі, Цэнтр. бат. садзе, БДУ, НДІ гематалогіі і пералівання крыві, НДІ эпідэміялогіі і паразіталогіі і інш. Уклад у развіццё М.б. зрабілі Ю.М.Астроўскі, А.А.Ахрэм, І.​Дз.Валатоўскі, А.С.Вечар, С.В.Конеў, У.М.Рашэтнікаў, А.А.Шлык і інш.

М.​А.​Картэль.

т. 10, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫТУ́РА (італьян. partitura ад лац. partio дзялю, размяркоўваю),

нотны запіс шматгалосага муз. твора для аркестра, хору, камернага ансамбля і інш. У П. кожная партыя пішацца ці друкуецца на асобным нотным стане; натаносцы (радкі) размяшчаюцца па вертыкалі — у пэўным парадку па групах інструментаў і па гарызанталі — паводле прынцыпу супадзення тактаў, тэсітуры — зверху ўніз (за выключэннем труб), партыі арфы, фп., аргана, салістаў, хору — над групай струнных (смыкавых). Размяшчэнне інстр. груп у П. для сімф. аркестра (зверху ўніз) наступнае: драўляныя духавыя, медныя духавыя, ударныя, струнныя. Чытанне (аналіз) П. — адна з дысцыплін муз. адукацыі кампазітараў, дырыжораў, музыказнаўцаў і інш.

Першыя звесткі пра П. датуюцца пач. 16 ст. («Tabulae compositorias», «Кампазітарскія табліцы»), Развіццё кампазітарскай тэхнікі, інструментарыя, інстр. складу аркестра адбілася на структуры П. Сучасная арганізацыя П. сфарміравалася ў 19 ст. Некат. змены ў традыц. правілы ўнеслі Г.​Берліёз, Р.​Вагнер, Р.​Штраус, А.​Месіян і інш. Спробы прасцейшага запісу арк. твораў рабілі М.​Рымскі-Корсакаў, М.​Мяскоўскі, С.​Пракоф’еў. У сярэдзіне 20 ст. новыя віды кампазітарскай тэхнікі (А.​Шонберг, А.​Берг, А.​Анегер і інш.) спрыялі ўзнікненню ўмоўных спосабаў натацыі, а таксама інш. знакавых натацыйных прынцыпаў. У бел. музыцы гэта адбілася ў некат. творах Дз.​Смольскага, В.​Кузняцова, В.​Капыцько і інш.

Літ.:

Таранов Г. Курс чтения партитур. М.; Л., 1939;

Нюрнберг М. Нотная графика. Л., 1953;

Рогаль-Левицкий Д.Р. Беседы об оркестре. М., 1961;

Мальтер Л. Таблицы по инструментоведению. М., 1966;

Благодатов Г.И. История симфонического оркестра. Л., 1969;

Фортунатов Ю.А. История оркестровых стилей. М., 1973.

Т.​А.​Дубкова.

т. 12, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙТМАТЫ́Ў (ням. Leitmotiv літар. вядучы матыў),

1)у літаратуры — асноўная думка, сюжэтна-тэматычны кірунак, ідэйна-эмацыянальны тон, стылявая дамінанта творчасці пісьменніка ці асобнага твора. Напр., рамант. ўзвышэнне свабодалюбівых імкненняў — Л. дакастр. творчасці Я.​Купалы; сцвярджэнне хараства духоўнасці — Л. паэзіі М.​Багдановіча. Л. можа быць характэрны для асобнага стылю ці кірунку. Напр., разрыў паміж ідэалам і рэчаіснасцю — філасофскі Л. л-ры рамантызму. Канкрэтна праяўляецца Л. у сюжэце, дэталі, што паўтараецца і вар’іруецца ў творчасці (творы) пісьменніка і набывае такім чынам вял. кантэкст, напаўняецца глыбокім зместам. Напр., у паэзіі А.​Куляшова такімі дэталямі з’яўляюцца вобразы Бесядзі і першага кахання лірычнага героя — Алесі, якія нясуць думку пра памяць, вернасць дарагому ў жыцці. У паэзіі акрамя малюнкавых адзначаюць Л. гукавыя, інтанацыйна-рытмічныя.

2) У музыцы — адносна кароткая муз. пабудова, якая неаднойчы паўтараецца на працягу твора; служыць абазначэннем і характарыстыкай пэўнага персанажа, прадмета, з’явы, эмоцыі і інш. У якасці Л. могуць выступаць тэма (лейттэма), гарманічны зварот ці асобная гармонія (лейтгармонія), інстр. тэмбр (лейттэмбр).

Найчасцей выкарыстоўваецца ў муз.-тэатр. жанрах, з 19 ст. і ў сімф. праграмнай музыцы Як муз.-драматургічны прыём фарміраваўся ў канцы 18 ст. ў позніх операх В.​А.​Моцарта, у кампазітараў франц. школы (А.​Грэтры, Э.​Меполя, Л.​Керубіні). Найб. ролю адыгрываў у операх 19—20 ст. (Р.​Вагнер, Дж.​Вердзі, Ш.​Гуно, Ж.​Бізэ, Ж.​Маснэ, М.​Мусаргскі, П.​Чайкоўскі, М.​Рымскі-Корсакаў, Р.​Штраус, К.​Дэбюсі, А.​Берг, Л.​Яначак, Дз.​Шастаковіч, С.​Пракоф’еў, А.​Пятроў, Р.​Шчадрын і інш.). Л. у сімф. творах выкарыстоўвалі Штраус, А.​Скрабін і інш.

У муз.-драм. творах бел. кампазітараў Л. выкарыстаны ў операх М.​Аладава, А.​Багатырова, А.​Бандарэнкі, Г.​Вагнера, В.​Войціка, С.​Картэса, Дз.​Лукаса, Ю.​Семянякі, Дз.​Смольскага, У.​Солтана, Я.​Цікоцкага, балетах Вагнера, Я.​Глебава, В.​Залатарова, У.​Кандрусевіча, М.​Крошнера, А.​Мдывані, аперэтах Семянякі, Р.​Суруса і інш.

Літ.:

Асафьев Б.В. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;

Кулешова Г.Г. Белорусская советская опера. Мн., 1967;

Яе ж. Композиция оперы. Мн., 1983.

А.​М.​Пяткевіч (літаратура), Г.​Р.​Куляшова (музыка).

т. 9, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ ГЕНЕ́ТЫКА,

навука пра спадчыннасць і зменлівасць жывых істот на субклетачным і малекулярным узроўні; раздзел генетыкі і малекулярнай біялогіі. Вывучае заканамернасці і малекулярныя механізмы захавання, узнаўлення і перадачы спадчыннай інфармацыі. Даныя М.г. выкарыстоўваюцца ў медыцыне, прам-сці, сельскай гаспадарцы, складаюць аснову многіх біял. навук.

Вылучылася ў самастойны кірунак у сярэдзіне 20 ст. ў сувязі з доказам ролі малекул ДНК і РНК у спадчыннасці і ўкараненнем у біялогію новых фіз. і хім. метадаў даследаванняў. У развіццё М.г. вял. ўклад зрабілі амер. вучоныя А.Д.Хершы, Дж.Ледэрберг, Дж.Уотсан, А.Корнберг, М.Нірэнберг, Х.Г.Карана, Д.Балтымар, франц. — Ф.Жакоб, Ж.Мано, англ. — Ф.Крык, сав.А.​А.​Баеў, А.С.Спірын, Г.К.Скрабін, і інш. Вывучаны механізмы функцыянавання і структура ДНК і РНК, расшыфраваны генетычны код, адкрыта адваротная транскрыпцыя, высветлена роля і механізмы дзеяння ферментных сістэм у рэплікацыі, транскрыпцыі, трансляцыі і рэпарацыі генаў; створана аперонная мадэль рэгуляцыі экспрэсіі генаў. Стварэнне рэкамбінантнай малекулы ДНК (амер. вучоны П.​Берг, 1972) паклала пачатак развіццю генетычнай інжынерыі. Вядуцца работы па малекулярна-генет. карціраванні геномаў, лакалізацыі і кланіраванні генаў. У шэрагу арганізмаў вызначана нуклеатыдная паслядоўнасць ДНК усяго генома. Створаны генетычна мадыфікаваныя мікраарганізмы, расліны і жывёлы з генамі, каштоўнымі для сельскай гаспадаркі, медыцыны і інш. У 1997 англ. вучоныя адкрылі магчымасць кланіравання жывёл з адной саматычнай клеткі.

На Беларусі праблемы М.г. распрацоўваюцца з канца 1960-х г. Значны ўклад у развіццё М.г. зрабілі Р.Р.Ганчарэнка, М.Л.Картэль, Г.І.Лазюк, У.А.Пракулевіч, Ю.К.Фамічоў і інш. Даследаванні вядуцца ў ін-тах Нац. АН Беларусі: генетыкі і цыталогіі, біяарганічнай хіміі, эксперыментальнай батанікі, лесу, Цэнтр. бат. садзе; БДУ, НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў. Вывучаюцца малекулярныя структуры і функцыянаванне геномаў раслін, роля паўторных паслядоўнасцей ДНК у геномах, генет. трансфармацыя раслін, мітахандрыяльныя і хларапластныя геномы. Высвятляюцца генет. арганізацыя храмасом фітапатагенных бактэрый і генетыка бактэрыяфагаў, малекулярныя механізмы генет. рэгуляцыі сінтэзу ферментаў у бактэрыяльнай клетцы. Даследуюцца праблемы спадчынных заган развіцця.

Літ.:

Стент Г., Кэлиндар Р. Молекулярная генетика: Пер. с англ. 2 изд. М., 1981;

Инге-Вечтомов С.Г. Введение в молекулярную генетику. М., 1983;

Картель Н.А. Биоинженерия: методы и возможности. Мн., 1989.

М.​А.​Картэль.

т. 10, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)