Беніцкі П. 11/272

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НІЦКІ КЛЯШТА́Р БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.

Існаваў у в. Беніца (Маладзечанскі р-н Мінскай вобл.) у 1701—1850-я г. Засн. ў 1701 трокскім кашталянам М.​К.​Коцелам (яго нашчадкі валодалі Беніцай да 1810). Мураваны Троіцкі касцёл асвячоны ў 1704 віленскім біскупам К.К.Бжастоўскім. Спачатку кляштар быў драўляным, але «найвыгаднейшым», як паведамляюць бернардзінскія гісторыкі. Пазней пабудаваны мураваны корпус. Першым гвардыянам (настаяцелем) быў К.​Коцел. Пры касцёле існавала брацтва Бязгрэшнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Прыкладна ў 1780—1842 пры касцёле працавала школа. У 1850-я г. кляштар скасаваны, у канцы 19 ст. жылы будынак разбураны ўласнікам Беніцы. Касцёл у 1866 перароблены на царкву, у 1919 вернуты католікам, каля 1945 закрыты. Касцёл аднанефавы, крыжова-купальны з двухвежавым гал. фасадам; неф завершаны пяціграннай апсідай, перакрыты скляпеннем з распалубкамі. Захаваліся рэшткі алтароў і стукавых надмагілляў. У сутарэннях былі пахаваны Коцелы і Швыкоўскія.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 3, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НІЦА,

вёска ў Беларусі, у Лебедзеўскім с/с Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. За 30 км ад г. Маладзечна, 113 км ад Мінска, 5 км ад чыг. раз’езда Заскавічы. 248 ж., 120 двароў (1995). У Беніцы базавая школа, бальніца. Помнікі архітэктуры 18 ст. — Троіцкі касцёл і брама; царква.

Вядома з 15 ст. як сяло Маркаўскай вол. Віленскага ваяв. З сярэдзіны 16 ст. сяло-маёнтак Ашмянскага пав. З 1554 належала Астравухам, з 1576 — Валовічам, з 1634 — Коцелам (Катлам). У 1701 засн. Беніцкі кляштар бернардзінцаў, быў сядзібны дом з б-кай, архівам, маст. галерэяй, лямусам. У 19 — пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці. З 1813 дзейнічала школа, з 1862 — нар. вучылішча. У 1886 пабудавана царква. У 1921—39 у Польшчы, цэнтр гміны Віленскага ваяв. У 1940—59 цэнтр сельсавета.

т. 3, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)