СТАІЦЫ́ЗМ,
школа ў антычнай філасофіі, прадстаўнікі якой імкнуліся абгрунтаваць унутр. незалежнасць, непахіснасць, нязломнасць асобы. Засн. каля 300 да н.э. Зянонам з Кітыёна ў Афінах; першапачаткова школа размяшчалася ў афінскім порціку Стоя (адсюль назва). У развіцці С. вылучаюць 3 перыяды: стараж. Стоя (3—2 ст. да н.э.; Зянон, Клеанф з Аса, Хрысіп Солскі і іх вучні Арыстон з Кеаса, Герыл Карфагенскі, Эратасфен Кірэнскі і інш.); сярэдняя Стоя (2—1 ст. да н.э.; Баэт, Панетый, Пасідоній) і позняя Стоя (рымскі С.; 1—2 ст. н.э.; Сенека, Эпіктэт, Марк Аўрэлій, Мусоній Руф і інш.). Некат. даследчыкі вылучаюць 4-ы перыяд у развіцці С., да якога адносяць эклектычных платонікаў і піфагарэйцаў 1—2 ст. н э., а таксама Філона Александрыйскага. Стараж. Стоя характарызуецца жорсткасцю, рыгарызмам этычнага вучэння, сярэдняя — памякчэннем вучэння С. і выкарыстаннем метадаў Платона і Арыстоцеля, позняя — тэндэнцыяй да сакралізацыі. Філас. сістэма С. складаецца з 3 частак: фізікі (натурфіласофіі), этыкі і логікі. У аснове натурфіласофіі С. — вучэнне Арыстоцеля пра матэрыю і форму, адноўлены і значна перагледжаны касмалагізм Геракліта. Натурфілас. погляды стоікаў адрозніваюцца тэалагічнай, правідэнцыяльнай, фаталістычнай арыентаванасцю і эклектычнасцю. На іх думку, сусвет уяўляе сабой адушаўлёнае сферычнае цела, а першаасновай усяго існага з’яўляецца агонь («пнеўма», «дух», «дыханне»), іманентная ўласцівасць якога Логас. Паводле С., сусвет стварае і кіруе ім Першаагонь (Бог-Логас). Стоікі прызнавалі існаванне сусв. плана і ўсеагульнай мэтазгоднасці; лічылі, што свет развіваецца цыклічна. С. прызнае ўсеагульную цялеснасць, у т. л. Бога і душы. Душа чалавека разглядалася стоікамі як частка сусв. душы, якая са смерцю пакідае цела. У цэнтры С. — этычнае вучэнне. Дабрадзейнасць, паводле С., — гэта жыццё ў адпаведнасці з законамі прыроды, Логасу, але толькі мудрацы бяруць прыклад з прыроды з яе «бясстраснасцю». Гал. задачу філасофіі стоікі бачылі ў выпрацоўцы ў людзях «бясстраснасці» (стану, калі адсутнічаюць афекты) і маральнага абавязку. Лёс у С. разглядаецца як дадзенасць, непахісны факт, які пашыраецца і на чалавека, і на ўвесь космас, а свабода — як добраахвотнае падпарадкаванне чалавека знешнім абставінам. Стоікі ўпершыню ўвялі тэрмін логіка, пад якім разумелі навуку аб славесным выказванні. Логіка ў С. падзяляецца на рыторыку і дыялектыку, якая складаецца з вучэнняў пра гукі мовы (паэтыка, тэорыя музыкі і граматыка) і пра значэнне, сэнсавы бок мовы. Вучэнне С. паўплывала на неаплатанізм і хрысц. філасофію; этычныя погляды стоікаў развіваліся ў 17—18 ст.
Літ.:
Лосев А.Ф. История античной эстетики: Ранний эллинизм. М., 1979;
Яго ж. Эллинистически-римская эстетика 1—11 вв. н.э. М., 1979;
Диоген Лаэртский. О жизни, учениях и изречениях знаменитых философов: Пер. с др.-греч. М., 1995;
Ренан Э.Ж. Марк Аврелий и конец античного мира: Пер. с фр. М., 1991;
Этика стоицизма: традиции и современность: [Сб. ст.]. М., 1991;
Аврелий Марк. Размышления: Пер. с греч. Магнитогорск, 1994;
Степанова А.С. Философия Древней Стои. СПб., 1995;
Столяров А.А. Стоя и стоицизм. М., 1995;
Асмус В.Ф. Античная философия. 3 изд. М., 2001.
Т.І.Адула.
т. 15, с. 129