БАШМЕ́Т (Юрый Абрамавіч) (н. 24.1.1953, г. Растоў-на-Доне),

расійскі альтыст, дырыжор, педагог. Нар. арт. Расіі (1989). Нар. арг. СССР (1991). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1976), выкладае ў ёй. З 1978 саліст Маскоўскай філармоніі, з 1986 маст. кіраўнік Дзярж. камернага аркестра «Салісты Масквы». Выступае ў ансамблі з С.​Рыхтэрам, У.​Співаковым, У.​Траццяковым, А.​Любімавым, Г.​Крэмерам і інш. Першы выканаўца прысвечаных яму канцэртаў для альта з арк. (у т. л. А.​Шнітке), санат для альта сучасных кампазітараў, у рэпертуары таксама творы муз. класікі. Лаўрэат міжнар. конкурсаў у Будапешце (1975), Мюнхене (1976). Дзярж. прэміі СССР 1986, Расіі 1996.

т. 2, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІ́НСКАЯ ВЯСНА́»,

міжнародны фестываль музыкі, які праводзіцца штогод з 1984 у Мінску ў пач. красавіка. Ініцыятар і арганізатар фестывалю Ю.Гільдзюк. Мае на мэце ўсебаковую падтрымку і прапаганду прафес. муз. мастацтва, выяўленне новых дасягненняў і імён у кампазітарскай і выканальніцкай творчасці. Канцэртныя праграмы ўключаюць музыку розных эпох і жанраў, новыя творы сучасных бел. і замежных кампазітараў. Многія фестывалі мелі пэўную тэматыку: «Год В.​А.​Моцарта» (1991), «Новыя імёны» (1992), «Год С.​В.​Рахманінава» (1993), «Велікоднае прынашэнне» (1994), «Да 40-годдзя Перамогі» (1995), «Ф.​Шуберт і І.​Брамс — нашы сучаснікі» (1997), «У святле скрыпкі» (1999). У рамках фестывалю праводзяцца аўтарскія канцэрты бел. кампазітараў. У фестывалі ўдзельнічалі вядомыя бел. калектывы, у т. л. Дзярж. акад. сімф. аркестр, Дзярж. акад. харавая капэла, Дзярж. камерны хор, Дзярж. камерны аркестр, ансамбль салістаў «Класік-Авангард», Мінскі абл. камерны хор «Санорус», ансамбль нар. музыкі «Свята», акад. хор Бел. тэлебачання і радыё, калектывы Бел. акадэміі музыкі; піяністы І.​Алоўнікаў, Ю.​Бліноў, Гільдзюк, А.​Сікорскі; кларнетыст Г.​Забара; трубач А.​Кавалінскі, вакалісты С.​Данілюк, М.​Гулегіна, Н.​Галеева, М.​Жылюк, Н.​Руднева, В.​Скорабагатаў і інш., замежныя творчыя калектывы, кампазітары і асобныя выканаўцы з Расіі, Прыбалтыкі, Малдовы і інш., у т. л. рас. кампазітары С.​Губайдуліна, Э.​Дзянісаў, А.​Шнітке, А.​Эшпай; Дзярж. акадэмічная сімфанічная капэла Расіі, выканаўцы-інструменталісты Ю.​Башмет, Э.​Вірсаладзе, М.​Пятроў, У.​Співакоў, В.​Траццякоў, дырыжор А.​Янчанка, спявачкі І.​Архіпава, М.​Біешу і інш.

Т.​А.​Цітова.

т. 10, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЯ КАНСЕРВАТО́РЫЯ імя П.​І.​Чайкоўскага,

вышэйшая музычная навуч. ўстанова Расіі. Адкрыта ў 1866 на базе арганізаваных у 1860 Муз. класаў Рас. муз. т-ва. З 1940 — імя Чайкоўскага. Заснавальнік і першы дырэктар М.Рубінштэйн (у 1866—81 дырэктар, праф., дырыжор). У ёй выкладалі П.​Чайкоўскі, С.​Танееў В.​Сафонаў, М.​Іпалітаў-Іванаў, Ф.​Лаўб, І.​Гржымалі; сярод выхаванцаў С.​Рахманінаў, А.​Скрабін, М.​Метнер, А.​Зілоці, З.​Паліяшвілі, А.​Брандукоў, Л.​Нікалаеў, Р.​Гліэр, А.​Няжданава, Н.​Абухава, А.​Гальдэнвейзер, К.​Ігумнаў, А.​Гедыке, М.​Галаванаў, С.​Васіленка і інш. кампазітары, выканаўцы і педагогі. У 1999/2000 навуч. г. ф-ты: гісторыка-тэарэтыка-кампазітарскі, фартэпіянны, аркестравы, вакальны, ваенна-дырыжорскі, павышэння кваліфікацыі; аспірантура; асістэнтура для кампазітараў і выканаўцаў. Пры М.к. існуюць муз. вучылішча (з 1934) і Цэнтр. дзіцячая муз. школа (з 1936), праблемная н.-д. лабараторыя, Музей імя М.​Рубінштэйна (з 1995), оперная студыя і сектар пед. практыкі з вячэрняй муз. школай-дзесяцігодкай, навук. б-ка імя Танеева, інфармацыйна-выліч. цэнтр, лабараторыя гуказапісу і інш. М.к. мае Вял., Малую і Рахманінаўскую канцэртныя залы. Сярод выпускнікоў М.к. інструменталісты і дырыжоры Л.​Аборын, В.​Барысоўскі, Ю.​Башмет, Р.​Гінзбург, В.​Дулава, Я.​Зак, Л.​Коган, М.​Плятнёў, М.​Пятроў, Г.​Раждзественскі, М.​Растраповіч, С.​Рыхтэр, Я.​Святланаў, У.​Співакоў, Я.​Фліер, Дз.​Цыганоў; кампазітары Дз.​Кабалеўскі, А.​Хачатуран, В.​Шабалін, Р.​Шчадрын і інш.; музыказнаўцы Ю.​Келдыш, В.​Конен, В.​Левашова, Т.​Ліванава, Л.​Мазель, І.​Несцьеў, У.​Пратапопаў, С.​Скрабкоў, Ю.​Халопаў, Ю.​Цюлін, Б.​Ярустоўскі і інш. Значны ўклад у развіццё бел. муз. культуры зрабілі выпускнікі М.к. піяністы І.Алоўнікаў, А.Клумаў, Г.Пятроў, В.Сямашка, І.Цвятаева, скрыпачы А.Амітон, М.Браценнікаў, віяланчэліст Б.Скабло, валтарніст Я.Сцягенны, кампазітар Р.Пукст, музыказнаўцы Л.Мухарынская, М.​Шыфрын, спевакі Т.Ніжнікава, А.Саўчанка, хормайстар М.Маслаў і інш.

Літ.:

Московская консерватория. 1866—1966. М., 1966;

Келдыш Ю.В. 100 лет Московской консерватории [М., 1966];

Воспоминания о Московской консерватории. М., 1966;

Федосюк Ю.А. Улица Герцена, 13. М., 1988.

т. 10, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)