Баторын (воз.) 2/180—181; 4/215; 7/337 (к.), 343, 394, 395, 396; 12/24

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БАТО́РЫН (сапр. Хаймовіч) Фелікс Барысавіч

(н. 5.2.1948, Мінск),

бел. паэт, перакладчык. Піша на бел. і яўр. (ідыш) мовах. Скончыў Мінскі мед. ін-т (1972). Працуе ўрачом. Друкуецца з 1968. Аўтар паэт. зб-каў «Раніца» (1981), «Зялёны тралейбус» (1986), «Я дрэва пасадзіў» (1991). У баладах адлюстраваў гіст. асоб (лагойскі граф Тышкевіч, М.​Гусоўскі, В.​Вашчыла, С.​Налівайка, К.​Каліноўскі, А.​Вярыга-Дарэўскі, М.​Багдановіч і інш.), эпізоды бел. гісторыі. На бел. мову перакладае паэзію і прозу з рус., ням. і ідыш.

т. 2, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Баторына (воз.), гл. Баторын

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БАТО́РЫНА, Баторын,

возера ў Беларусі, у Мядзельскім раёне Мінскай вобл., у бас. р. Нарач, за 1,5 км на Пд ад г.п. Мядзел. Пл. 6,25 км², даўж. 3,5 км, найб. шыр. 2,4 км, найб. глыб. 5,5 м, даўж. берагавой лініі 15 км. Пл. вадазбору 92,4 км².

Схілы катлавіны выш. 3—6 м, пераважна разараныя. Берагі нізкія, забалочаныя, асабліва заходні, які зліваецца з забалочанай поймай і пераходзіць у балота. Мелкаводдзе пясчана-глеістае. Асн. частка ложа выслана сапрапелямі магутнасцю да 8 м. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. ад 150 да 300 м. На ПдУ невял. ўчасткі сплавіны. Водапрыёмнік балотных водаў (упадаюць 10 меліярац. канаў); злучана пратокай з воз. Мястра. Месца адпачынку і турызму.

Возера Баторына.

т. 2, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛО́НСКІ (Якаў Пятровіч) (18.12.1819, г. Разань, Расія — 30.10.1898),

рускі пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1886). Скончыў Маскоўскі ун-т (1844). Жыў у Адэсе, Тбілісі. З 1851 у Пецярбургу, рэдагаваў час. «Русское слово» (1859—60), служыў у Камітэце замежнай цэнзуры, у Савеце Гал. ўпраўлення па справах друку (1860—96). Друкаваўся з 1840. Першы зб. вершаў — «Гамы» (1844). Паэзіі П. ўласцівы напружаны драматызм, нар.-песенныя матывы, выкарыстанне сюжэтна-навелістычнай кампазіцыі, казачных і міфал. вобразаў, нар. мовы; зб-кі «Вершы 1845 года» (1846), «Сазандар» (1849; на каўк. матэрыяле), «Адбіткі» (1866), «Снапы» (1871), «Вячэрні звон» (1890) і інш. Аўтар жартоўнай паэмы-казкі «Конік-музыкант» (1859), гіст. паэм «Браты» (1866—70), «Келіёт» (1874), аўтабіягр. рамана ў вершах «Свежае паданне» (1861—62, незавершаны), раманаў «Прызнанні Сяргея Чалыгіна» (1867), «Танны горад» (1879), п’ес у вершах і прозе, у т. л. «Разлад» (1864, пра паўстанне 1863—64), лібрэта оперы «Каваль Вакула» (1872, паст. 1876; паводле аповесці «Ноч перад Калядамі» М.​Гогаля; муз. П.​Чайкоўскага), аповесцей, апавяданняў, нарысаў, мемуараў, публіцыст. артыкулаў і інш. Многія вершы П. пакладзены на музыку А.​Даргамыжскім, С.​Рахманінавым, С.​Танеевым, Чайкоўскім і інш. Нар. песнямі сталі «Песня цыганкі» («Мой касцёр у тумане свеціць...») і «Пустэльніца». На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Ф.​Баторын.

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1986;

Влюбленный месяц: Стихотворения. М., 1998.

Літ.:

Орлов П.А. Я.​П.​Полонский. Рязань, 1961;

Лагунов А.И. Лирика Я.​Полонского. Ставрополь, 1974;

Тхоржевский С. Высокая лестница // Тхоржевский С. Портреты пером. М., 1986.

т. 12, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯ́ДЗЕЛ,

горад, цэнтр Мядзельскага р-на Мінскай вобл., паміж азёрамі Мястра і Баторын. За 160 км ад Мінска, 35 км ад чыг. ст. Княгінін на лініі Маладзечна—Полацк, на аўтадарозе Мінск—Нарач. 7,7 тыс. ж. (1998).

Паводле археал. даследаванняў у 11 ст. памежны горад Полацкай зямлі. Да 20 ст. падзяляўся на Стары і Новы М. Стары М. упамінаецца ў 1454 з нагоды буд-ва тут касцёла; уладанне Саковічаў, Радзівілаў, Францкевічаў, Райскіх, Грабоўскіх, Кошчыцаў, Дваржэцкіх, Козел-Паклеўскіх. У 1500 у час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500—03 разбураны і разрабаваны. З 1736 мястэчка Віленскага ваяв. У 1754 пабудаваны касцёл і кляштар. У 1762 атрымаў магдэбургскае права. З 1793 у Рас. імперыі ў Вілейскім пав. У 1886—254 ж., царква, яўр. малітоўны дом, царк.-прыходская школа, бровар, піваварня, карчма. Новы М. вядомы з 1463. У 1519 у час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1512—22 разбураны. Драўляным мостам злучаўся з каралеўскім замкам на востраве воз. Мястра (гл. Мядзельскі замак). З 1588 уладанне Сапегаў, Бжастоўскага, М.​Аскеркі, Ф.​Праўскага. У сярэдзіне — 2-й пал. 16 ст. выраблялася Мядзельская кафля. З 1793 у Рас. імперыі, казённае мястэчка. У 1885—713 ж., 95 двароў, цэнтр воласці Вілейскага пав., царква, касцёл, сінагога, капліца, нар. вучылішча, 4 крамы, 4 заезныя корчмы, паштовая станцыя, фельчарскі пункт. З 1921 М. у Польшчы, цэнтр гміны Дунілавіцкага (з 1925 Пастаўскага) пав. Віленскага ваяв., 825 ж., 170 двароў, 2 касцёлы, царква, мячэць, гарбарня, аптэка, млын. З 1939 у БССР, з 1940 вёска, цэнтр Мядзельскага раёна Вілейскай вобл. і сельсавета. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў М. і раёне загубілі 420 чал., 3079 вывезлі на работы ў Германію. Вызвалены 4.7.1944 у ходзе Мінскай аперацыі 1944. З 1959 гар. пасёлак, з 1998 горад.

Працуюць хлебазавод, камбінат каап. прам-сці, лясгас, майстэрня па рамонце быт. тэхнікі. Мядзельскі музей народнай славы. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, 2 магілы ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры: Мядзельскі Станіславаўскі касцёл кармелітаў і плябанія (18 ст.). Помнікі археалогіі: гарадзішча і селішча, курганны могільнік.

В.​М.​Князева.

т. 11, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)