БА́САЎ (Ізраіль Мордухавіч) (7.10.1918, г. Мсціслаў Магілёўскай вобласці — 4.8.1994),
бел. жывапісец. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1951). Працаваў пераважна ў жанры гар. і індустр. пейзажа. Сярод твораў: «Восень» (1963), «Мінск, вул. Кірава» (1967), «Дрэвы і горад» і «Гарадскі рытм» (1967); карціны філас. кірунку: «Саперніцы» і «Успаміны» (1968), «Дзяўчына ў чырвоным» (1979), «Дзве жанчыны» (1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́САЎ (Уладзімір Паўлавіч) (28.7.1923, г.п. Уразава Белгарадскай вобл., Расія — 17.9.1987),
рускі кінарэжысёр, акцёр. Нар.арт.СССР (1983). Скончыў Усесаюзны Дзярж.ін-т кінематаграфіі (1952). Паставіў фільмы «Бітва ў дарозе», «Цішыня», «Шчыт і меч» (выканаў ролю разведчыка Бруна), «Факты мінулага дня» (Дзярж. прэмія Расіі 1982), «Дні Турбіных» (выканаў ролю Мышлаеўскага; тэлевізійны) і інш. З 1955 як характарны і камедыйны акцёр здымаўся ў кіно: «Я крочу па Маскве», «Злачынства і пакаранне», «Бег» і інш. У некаторых сваіх фільмах быў аўтарам ці сааўтарам сцэнарыяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́САЎ (Мікалай Генадзевіч) (н. 14.12.1922, г. Усмань Ліпецкай вобл., Расія),
расійскі фізік, адзін з заснавальнікаў квантавай электронікі. Акад. Расійскай АН (1966, чл.-кар. 1962). Замежны чл.АН Беларусі (1995). Двойчы Герой Сац. Працы (1969, 1982). Скончыў Маскоўскі інж.-фіз.ін-т (МІФІ; 1950). З 1950 у Фіз. ін-це Расійскай АН, у 1973—80 яго дырэктар, адначасова выкладае ў МІФІ. Навук. працы па квантавай электроніцы і яе дастасаваннях. Разам з А.М.Прохаравым вынайшаў першы квантавы генератар (мазер). Выказаў ідэю і распрацаваў метады стварэння паўправадніковых лазераў. Ленінская прэмія 1959. Нобелеўская прэмія 1964.
Тв.:
О квантовой электронике: Ст. и выступления. М., 1987.