БА́РТУЛЬ (Францішак) (н. 15.11.1918, г. Піедруя, Латвія),

дзеяч бел. эміграцыі. Скончыў Дзвінскую сярэднюю тэхн. гімназію (1936), Віленскую бел. настаўніцкую семінарыю (1944). З 1944 у эміграцыі. Жыў у Германіі, Італіі, скончыў ф-т філасофіі ватыканскага Грэгарыянскага ун-та. З 2-й пал. 1940-х г. у Англіі, скончыў Лонданскі ін-т тэхн. стаматалогіі. Адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі. З 1957 у ЗША. Узначальваў бел. акад. каталіцкае т-ва «Рунь», з 1982 старшыня Фундацыі імя П.​Крачэўскага.

В.​Кіпель.

т. 2, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ РЭЛІГІ́ЙНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ ЗА МЯЖО́Й,

рэлігійна-грамадскія аб’яднанні вернікаў-беларусаў у краінах Еўропы і Амерыкі. Узніклі ў канцы 1940 — пач. 1950-х г. Беларускае праваслаўнае аб’яднанне існавала з 5.5.1946 да канца 1940-х г. Створана ў г. Рэгенсбург (Германія) на з’ездзе правасл. беларусаў. Кіраўніцтва: М.​Лапіцкі, І.​Касяк, Т.​Шыбут, М.​Сяднёў, Н.​Арсеннева, з вер. 1947 архіепіскап Філафей, ініцыятар далучэння замежнай Бел. правасл. царквы да Рускай замежнай царквы. Выдавала час. «Звіняць званы Сьвятой Сафіі» (1946—47). Аб’яднанне праваслаўных беларусаў у ЗША. Засн. ў крас. 1950. Ініцыіравала з’езд правасл. беларусаў у Саўт-Рыверы 25.11.1950, на якім створаны Бел. грэка-правасл. царк. к-т у Амерыцы. Жыровіцкае праваслаўнае брацтва. Засн. ў 1948 у Германіі, выдавала час. «Сіла веры» (1948—65). Беларуска-амерыканскае каталіцкае таварыства. Засн. ў маі 1950 у Нью-Йорку. Кіраўнікі С.​Грынкевіч, В.​Пануцэвіч, А.​Попка, Б.​Даніловіч. Спрабавала стварыць у Нью-Йорку бел. каталіцкую парафію. Беларускае акадэмічнае каталіцкае аб’яднанне «Рунь» імя св. Аўгусціна. Створана ў кастр. 1949 у г. Лувен (Бельгія) на з’ездзе бел. каталіцкай інтэлігенцыі Вялікабрытаніі, Бельгіі, Германіі і Францыі. Пазней адкрыты аддзелы ў Італіі і ЗША. Удзельнічалі Ч.​Сіповіч, Л.​Гарошка, А.​Адамовіч, М.​Навумовіч, Ф.​Бартуль, А.​Надсон і інш. У 1950 увайшло ў міжнар. каталіцкую арг-цыю «Pax Romana», якая аб’ядноўвае нац. акадэмічныя і студэнцкія каталіцкія суполкі ўсяго свету. Дзейнасць аб’яднання па бел. эмігранцкім друку прасочваецца да канца 1960-х г. Беларускае евангельска-баптысцкае брацтва ў ЗША і Канадзе. Першы з’езд адбыўся ў 1973, друк. орган — бюлетэнь «Веснік Беларускага евангельска-баптысцкага брацтва» (выдаўцы Д.​Ясько і У.Панцэвіч). Беларуская старакаталіцкая артадаксальная субажня. Існавала ў 1960-я г. ў Германіі, Бразіліі і Аргенціне, з 1960-х г. у ЗША і Канадзе. Кіраўнікі У.​Рыжы-Рыскі, В.​Матэйчык, Л.​Галубовіч.

Літ.:

Вініцкі А. Матар’ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гг. Лос Анжэлес;

Мн., 1994;

Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993.

Л.​У.​Языковіч.

Да арт. Беларускія рэлігійныя арганізацыі за мяжой. Памятны Крыж Тысячагоддзя хрысціянства на Беларусі ў г. Мідленд (Канада).

т. 2, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

скла́сціся, складуся, складзешся, складзецца; складзёмся, складзяцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утварыцца з асобных частак, элементаў. З асобных карцін паступова склалася галерэя. // Разм. Арганізавацца, стварыцца. У Мінскім Савеце .. з самага пачатку склалася трывалае бальшавіцкае ядро. «Беларусь». Пасля гэтага ўсе вырашылі, што кампанія склалася досыць незвычайная і цікавая, і з вясёлым гоманам і смехам накіраваліся ў рэстаран. Рамановіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узнікнуць у працэсе творчасці (пра верш, песню і пад.). Пра дзікія гулянкі [пана Скірмунта] з нечалавечымі ўчынкамі склаліся жудасныя легенды. Чарнышэвіч. У такой вось неразбярысе пачуццяў, рытмаў і слоў і склаліся ў Ганькі тыя вершы. Васілевіч. // Узнікнуць, з’явіцца ў думцы, вырысавацца ў свядомасці, уяўленні. Расказваў я далёка не так складна, як гэта было ўжо склалася ў маёй галаве. Колас. Ва ўяўленні склаўся вобраз чалавека, зачараванага народнай песняй, чалавека, які аддаў ёй сваё гарачае сэрца. «Полымя».

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Набыць якую‑н. закончаную форму, выпрацавацца, устанавіцца, сфарміравацца. У мяне ўжо склалася звычка па прыездзе на канікулы дадому здымаць вучнёўскую форму, апранацца па-вясковаму і працаваць разам з сям’ёй. Сяргейчык. З тых кароценькіх паездак у .. [бабулі] на ўсё жыццё склалася ўяўленне аб горадзе. Ракітны. // Набыць той ці іншы ход, кірунак (пра жыццё, абставіны і пад.). Эрна Гурбіна лічыла, што жыццё яе склалася няўдала. Навуменка. Прыйшоў бы на сход сам, ды абставіны склаліся так, што прыйсці не магу... Шахавец. Справа склалася так, што лепшыя сілы атрада і штаб былі коннымі. Брыль. // Пайсці на лад, атрымацца. Сям’я склалася дружная. // Устанавіцца, узнікнуць. Дружба склалася моцная.

4. Вызначыцца ва ўсёй сукупнасці асаблівасцей, якасцей; сфарміравацца. У гэты ж перыяд [14–15 стст.] у межах цэнтралізаванай Маскоўскай дзяржавы склаўся рускі народ і яго мова. Юргелевіч. Карн выступае ў асноўным са сфарміраваным характарам, які склаўся за гады жыцця пры савецкай уладзе. Дзюбайла. У пачатку 30‑х гадоў выразна акрэсліліся погляды Чорнага на жыццё і мастацтва, склаўся яго светапогляд. Луфераў. // Дасягнуць майстэрства, дасканаласці ў якой‑н. галіне. [Сцяпан:] — Бартуль не склаўся яшчэ як паэт. Ён шукае свайго голасу, а можа і шляху. Машара.

5. Набыць якую‑н. форму, выгляд (пра губы, рукі, ногі, цела чалавека). Поўныя губы [агранома] склаліся ў лагодную ўсмешку. Бядуля. // Сагнуўшыся, наблізіцца асобнымі рухомымі часткамі і набыць кампактны выгляд. Сцізорык лёгка склаўся.

6. Разм. Даць грошы на якую‑н. агульную справу; зрабіць складчыну. Будучыя семінарысты склаліся разам і нанялі балагола, які завёз іх у Нясвіж. С. Александровіч.

7. Разм. Спакаваць свае рэчы (звычайна для ад’езду). Скласціся для ад’езду.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Атрымацца ў выніку пошукаў. Асобныя рысы склаліся ў пэўную карціну. □ К гэтаму часу ў мастака цалкам склаўся эскіз карціны пра Кастуся Каліноўскага. Ліс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)