церабіць, цераблю, цярэбіш, цярэбіць; незак., каго-што.

1. Прасякаць, прачышчаць лес. [Дзед Бадыль:].. ельнік такі густы, што і барсук не пралезе. Церабіць трэба. Крапіва. // Абсякаць галіны, сучча з паваленых дрэў. Лес валілі і церабілі незнаёмыя людзі. Дуброўскі. // Пракладаць, расчышчаць (дарогу, шлях), высякаючы кусты, дрэвы. Як ісці ды ісці — зайшлі [браты] ў такі цёмны лес, што і выбрацца з яго не могуць. Давай браты дарогу сабе церабіць: стукне Вячорнік булавою — асіны падаюць; стукне Паўночнік — елкі валяцца, а як стукне Світаннік — дубы з карэннямі выварочваюцца. Якімовіч. / у перан. ужыв. Будуем мартэны і домны, Будуем гіганты-заводы. Будуем, няволі не знаем, Цярэбім да шчасця дарогі. Купала. Ваяўнічая паэзія [П. Панчанкі] ідзе ў авангардзе часу, яна смела цярэбіць шлях наперад. Бялевіч. // Абчышчаць гародніну ад бацвіння, карэньчыкаў і пад. Церабіць буракі. ▪ Юстына церабіла цыбулю. Баранавых.

2. Чысціць дзюбай пер’е (пра птушак). Самотна бусел даўганогі Крыло цярэбіць на гняздзе. Калачынскі. // Вытрасаць, вылузваць, выкалупваць што‑н. з сярэдзіны чаго‑н. Нават вавёрка, што зусім блізка церабіла яловую шышку, і тая, відаць, не заўважала пагранічніка. Шыловіч. Мясцовы гаспадар крумкач хваёвых шышак церабіць не дазваляе. Корбан. // Разм. Хапаючы, прагна есці. Госці церабілі кілбасу з капустаю. Колас. [Мікуць] доўга глядзеў, як завадская свіння цярэбіць зялёную канюшыну. Чорны. / у перан. ужыв. Асабліва моцна воўчае племя церабіла авечыя чароды... Мележ.

3. Тузаць, торгаць, перабіраць пальцамі што‑н. [Аўсянік] нервова цярэбіць махры на шаліку, якім абвязана шыя, нібы яму займае дыханне. Навуменка. Дзяўчына церабіла канцы цёплай хусткі. Карпюк. // перан. Разм. Надакучаць пытаннямі, просьбамі, справамі. — А паштоўку цяжка было напісаць? Мы б ведалі. А то з камітэта мяне цярэбяць: дзе Шукан ваша? А што я магла адказаць? Савіцкі.

4. Вырываючы з коранем, убіраць машынай з поля (лён). Церабіць лён.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)