Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНЁНІС ((Banionis) Эгідыюс) (20.11.1948, г. Паневяжыс, Літва — 6.8.1993),
літоўскі гісторык. Канд.гіст.н. (1982). Скончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны ін-т (1972). З 1972 у Архіве л-ры і мастацтва Літвы (з 1974 дырэктар). З 1985 заг. аддзела археаграфіі Ін-та гісторыі АН Літвы. Выкладаў у Вільнюскім і Каўнаскім ун-тах. Вывучаў дыпламатыю ВКЛ 15—16 ст., гісторыю Метрыкі ВКЛ, генеалогію. Падрыхтаваў да друку археаграфічнае выданне «Літоўская Метрыка. Кн. 5 (1427—1506)» (Вільнюс, 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНІЁНІС, Банёніс (Banionis) Данатас Юозавіч (н. 28.4.1924, г. Каўнас), літоўскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Нар.арт. Літвы (1973), нар.арт.СССР (1974). Скончыў драм. студыю пры Панявежскім т-ры (1946), у якім працуе з 1940 (з 1980 гал. рэжысёр, з 1984 дырэктар і маст. кіраўнік). Драм. акцёр, стварыў па-філасофску абагульненыя, псіхалагічна дакладныя вобразы: Тэсман («Геда Габлер» Г.Ібсена), Ломен («Смерць коміваяжора» А.Мілера), Эдгар («Танец смерці» А.Стрындберга), Брукас («Піюс не быў разумны» Ю.Грушаса) і інш. Сярод пастановак: «Амадэус» П.Шэфера, «Вечар» А.Дударава. З 1959 здымаецца ў кіно: «Ніхто не хацеў паміраць» (Дзярж. прэмія СССР 1967), «Мёртвы сезон», «Гоя», «Уцёкі містэра Мак-Кінлі» (Дзярж. прэмія СССР 1977, «Салярыс» і інш. Яго творчасці прысвечаны фільмы «Я — бедны кароль» і «Майстар з маленькага горада». Дзярж. прэмія Літвы 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІЕТУВО́С ІСТОРЫЁС МЯ́ТРАШЦІС»
(«Lietuvos istorijos metraštis», «Штогоднік гісторыі Літвы»),
штогадовае серыйнае ілюстраванае выданне Ін-та гісторыі Літвы. Выдаецца з 1971 у Вільнюсе на літ. мове. Змяшчае працы вучоных Літвы і замежжа, хроніку навук. жыцця. Многія апублікаваныя працы маюць дачыненне да гісторыі, этнаграфіі і мастацтва ВКЛ і Беларусі: Ю.Юргініс «Прычыны падзення Вялікага княства Літоўскага» (1971), «Кулікоўская бітва і Вялікае княства Літоўскае» (1982), Э.Гарадзецкас «Цяжбы зямельныя паміж велікакняжацкімі сялянамі і шляхтай у час правядзення валочнай рэформы» (1976), Э.Банёніс «Пасланцы Вялікага княства Літоўскага ў Крымскім ханстве ў першай палове ХУІ ст.» (1979), А.Жураўскі «Пра канцылярскую мову Вялікага княства Літоўскага» (1984), А.Нікжэнтайціс «Дыпламатычная барацьба з Тэўтонскім ордэнам у 1337—1342 гг.» (1987), Л.Трускі «Літоўская шляхта ў канцы XVIII ст. (колькасць і становішча)» (1994) і інш. Публікуюцца рэцэнзіі на фундаментальныя навук. працы, у т. л. на «Поўны збор рускіх летапісаў. Т. 32» (1977), «Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1» (1995), на артыкулы М.Грынблата, А.Грыцкевіча, Я.Звяругі, У.Ісаенкі, Л.Малчанавай, С.Падокшына, У.Панюціча, Л.Побаля, М Улашчыка і інш. Артыкулы забяспечаны рэзюме на англ., ням. і рус. мовах. Крыніцы падаюцца на мове арыгінала. Выйшла 27 тамоў (1998).