банья́н

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. банья́н банья́ны
Р. банья́на банья́наў
Д. банья́ну банья́нам
В. банья́н банья́ны
Т. банья́нам банья́намі
М. банья́не банья́нах

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

банья́н

(хіндзі banijā)

дрэва сям. тутавых са шматлікім паветраным карэннем, пашыранае ў Індыі; фікус бенгальскі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БЭ́НЬЯН, Баньян (Bunyan) Джон (28.11.1628, Элстаў, каля г. Бедфард, Вялікабрытанія — 31.8.1688), англійскі пісьменнік і прапаведнік. У час праследавання Сцюартамі дысідэнтаў зняволены (1660—72). Форму «прывідных уяўленняў» выкарыстаў у аўтабіягр. аповесці «Шчодрая міласэрнасць, што выліваецца на галоўнага грэшніка» (1666) і барочным алегарычным рамане «Шлях паломніка» (ч. 1—2, 1678—84), прысвечаных тэме пакутлівых пошукаў ісціны і сэнсу жыцця. Разбэшчанасці і цынізму эпохі Рэстаўрацыі Бэньян проціпаставіў высокія ідэалы хрысціянства, імкненне чалавечай душы да маральнага самаўдасканалення. Яго гратэскны вобраз Кірмашу Пыхлівасці, на якім усё прадаецца і купляецца, лёг у аснову рамана У.Тэкерэя з аднайм. назвай. Сатырычны вобраз англ. буржуа стварыў у рамане «Жыццё і смерць містэра Бэдмана» (1680).

Літ.:

Самарин Р.М. Джон Бэньян // Виппер Ю.Б., Самарин Р.М. Курс лекций по истории зарубежных литератур XVII в. М., 1954;

Яго ж. Бэньян;

Бетлер // Историа всемирной литературы. М., 1987. Т. 4.

Г.В.Сініла.

т. 3, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фі́кус

(н.-лац. ficus)

вечназялёная дрэвавая або кустовая расліна сям. тутавых з суцэльным глянцавым лісцем і дробнымі беспялёсткавымі кветкамі ў суквеццях, пашыраная ў тропіках; у ліку відаў — баньян, інжыр, сікамор; на Беларусі вырошчваецца як пакаёвая.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДРЭ́ВА шматгадовая расліна з выразным, у рознай ступені адраўнелым гал. сцяблом (ствалом), кронай і разгалінаванай каранёвай сістэмай; пашыраная жыццёвая форма раслін. Адыгрывае гал. ролю ў стварэнні лясных біяцэнозаў. На Беларусі 26 відаў Д. Сярод іх лесаўтваральныя (асіна, бяроза, вольха, граб, дуб, елка, хвоя) і пладовыя (вішня, груша, сліва, яблыня) пароды. Ёсць дрэвы-помнікі. Шэраг Д. інтрадукаваныя (лістоўніца сібірская і еўрапейская, хвоі Банкса, Мурэя, веймутава і інш.).

Д. ўзніклі ў сярэднім дэвоне. Належаць пераважна да хвойных (з голанасенных) і двухдольных (з пакрытанасенных) раслін. Крона ў большасці Д. складаецца з галін і лісця. Ствол захоўваецца на працягу ўсяго жыцця, кожны год дае прырост у таўшчыню, утвараючы гадавыя кольцы. У Д. з класа аднадольных (напр., пальмаў) крона складаецца з разеткі вял. лісця і адсутнічае другасны прырост у таўшчыню. Есць Д. летне-зялёныя (скідваюць лісце з надыходам восені, напр., дуб, вольха) і вечназялёныя (напр., елка, піхта, хвоя). Сярод лісцевых Д. вылучаюць шыракалістыя (дуб, клён, ясень) і драбналістыя (асіна, бяроза, вольха). Адрозніваюць Д. першай велічыні (20 м і больш; дуб, елка, ліпа, хвоя), другой (10—20 м; вольха, груша, рабіна) і трэцяй (5—10 м; глог, яблыня, ядловец). Працягласць жыцця разнастайная, ад 20 да соцень і тысяч гадоў (баабаб, секвоя — да 3—5 тыс. гадоў, дуб — 500—1000, хвоя — 300—350, елка — 250—300, асіна, бяроза — 150—200 гадоў). Д. — адны з асн. прадуцэнтаў кіслароду паветра, даюць драўніну, ядомыя плады, лек., тэхн. і хім. сыравіну; выкарыстоўваюцца для азелянення.

Выкарыстоўваецца са стараж. часоў у архітэктуры (гл. Драўлянае дойлідства), дэкар.-прыкладным і нар. мастацтве, скульптуры. На Беларусі з Д. здаўна вырабляюць хатняе начынне, прылады працы, трансп. сродкі, мэблю і інш. Шырока выкарыстоўвалася Д. ў пернікарстве, набіванцы, іканастасах, абкладах абразоў і інш. Асн. матэрыял дрэварыту. Разьбой па Д. ўпрыгожваюць ліштвы, франтоны, вільчакі, вуглавыя накладкі. Багацце колеравых адценняў, разнастайнасць фактуры і тэкстуры вызначаюць мноства дэкар. эфектаў у вырабах з Д.

Розныя формы дрэў: 1 — хвоя звычайная; 2 — елка звычайная; 3 — кедр ліванскі; 4 — бяроза; 5 — вольха; 6 — вярба; 7 — вашынгтонія; 8 — баньян.

т. 6, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)