БА́НТКЕ ((Bandtkie) Ежы Самуэль) (24.11.1768, г. Люблін, Польшча — 11.6.1835),
польскі гісторык, бібліёграф, мовазнавец. Д-р філасофіі (1811). Вучыўся ў Гальскім і Іенскім ун-тах (1787—90). Служыў гувернёрам, выкладаў у сярэдніх навуч. установах. З 1811 праф. бібліяграфіі Кракаўскага ун-та, дырэктар Ягелонскай б-кі, дзе ўпарадкаваў б. езуіцкія зборы (каля 15 тыс. тамоў). Аўтар прац па гісторыі Польшчы і ВКЛ, гісторыі права, нумізматыцы, слав. мовазнаўстве. У працах, прысвечаных гісторыі кнігадрукавання ў Польшчы і ВКЛ, прывёў даныя пра бел. стараж. выданні, асвятляў дзейнасць бел. першадрукароў і кнігавыдаўцоў у Вільні, Заблудаве, Супраслі, Нясвіжы і інш.
т. 2, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́КАЛЬНІК (Павел Васілевіч) (1795, г. Замасць, Польшча — 1884),
гісторык, пісьменнік. Д-р права (1815). Брат М.В.Кукальніка. Скончыў Полацкую езуіцкую акадэмію (1815). У 1825—32 заг. кафедры ўсеаг. гісторыі Віленскага ун-та, у 1832—42 выкладаў у Мед.-хірургічнай і Духоўнай акадэміях у Вільні, потым у каталіцкай семінарыі. Адначасова з 1829 цэнзар, у 1863—65 старшыня цэнзурнага к-та. У 1860-я г. старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі. Пад яго рэдакцыяй выдадзены 1-ы т. «Актаў Віленскай камісіі» (1865). Аўтар прац па гісторыі ВКЛ. Яго буйнейшая праца «Гістарычныя нататкі пра Літву» (1864), як і іншыя, кампілятыўная, заснавана на даследаваннях Ю.Ярашэвіча, Е.С.Бантке, Ю.І.Крашэўскага, М.Стрыйкоўскага, М.М.Бантыш-Каменскага. Ідэйна-паліт. погляды К. грунтаваліся на заходнерусізме. Аўтар успамінаў, апублікаваных у «Русском архиве» (1873—74).
Д.У.Караў.
т. 8, с. 567
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)