Ба́лі (мн.) ’некалькі плытоў сплаўленага лесу, звязаных разам’ (Маслен.). Параўн. рус.ба́ля ’паля’. Ад ба́ля ’паля, бервяно’, якое ўзнікла дэкампазіцыяй з ба́лька, ба́лка ’бэлька, паля’ (< ням.; ‑ка ўспрымалася як суфікс і было ўтворана новае слова ба́ля).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ба́лё (дзіцяч.) ’абаранак’ (палес., Клім.), ба́ля (дзіцяч.) ’тс’ (Бяльк., Шат.). Як і ўсе дзіцячыя словы, магчыма, гукапераймальнага характару. Параўн., аднак, і аснову бал‑ (балаб‑), што сустракаецца ў назвах розных вырабаў з цеста. Але хутчэй за ўсё звязана з рус.ба́ля ’ягня, авечка’. Як семантычную паралель параўн. бел.бара́нік ’абаранак, крэндзель’, рус.бара́нок ’тс’, бара́н печыва’, бара́нка ’булка’. Гэта, можа, сведчыць у пэўным сэнсе супраць агульнапрынятай (гл. Фасмер, 1, 124) этымалогіі рус.бара́нка, бел.абара́нак, укр.оба́рінок (< ob‑variti). Параўн. і ўкр.ба́льо (дзіцяч.) ’падарунак, гасцінец’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ДАДАІ́ЗМ (франц. dadaïsme ад dada драўляны конік; у пераносным сэнсе — дзіцячы лепет),
мадэрнісцкая літ.-маст. плынь у Зах. Еўропе ў 1916—22. Узнікла ў Цюрыху ў асяроддзі нігілістычна настроенай інтэлігенцыі, якая ўспрыняла 1-ю сусв. вайну як праяўленне ў чалавеку адвечных звярыных інстынктаў, а розум, мараль эстэтыку — толькі як іх маскіроўку. Тэарэтыкі Д. абвяшчалі поўны разрыў з літ. традыцыяй і існуючымі сац. ўстоямі («дадаісцкія маніфесты» Т.Тцара, Г.Баля, Р.Гюльзенбека). Гал. патрабаванне паэтыкі Д. — «спантаннасць», «аўтаматызм», якія выключалі разумовую дзейнасць у стварэнні тэкстаў, што па-сутнасці вяло да страты іх камунікатыўнасці. Дадаісты практыкавалі змяшэнне стылістычна несумяшчальных фрагментаў розных тэкстаў (а таксама ўключэнне ўжо гатовага тэксту), бязладнае гука- і шумаперайманне («бруізм»), эксперыменты са стварэннем «мудрагелістай» мовы, насуперак агульнапрынятым нормам. Большасць літ. тэкстаў паслядоўнікаў Д. так і засталіся на ўзроўні эксперыментаў, аднак найб. вядомыя паэты выйшлі за рамкі нігілістычных дэкларацый і стварылі шэраг значных твораў, што прадвызначылі паэтыку сюррэалізму (зб. «Магнітныя палі» А.Брэтона і Ф.Супо, «Жывёлы і іх людзі, людзі і іх жывёлы» П.Элюара, «Феерверк» Л.Арагона і інш.). Праграмны ірацыяналізм і дэманстратыўны антыэстэтызм характэрны і для мастакоў-дадаістаў (французы М.Дзюшан, М.Эрнст, Ф.Пікабія, швейцарац Г.Арп, немец К.Швітэрс і інш.). Іх метады зводзіліся да бессэнсоўных каракуляў (падобных на дзіцячы малюнак), псеўдатэхн. чарцяжоў, камбінацый выпадковых прадметаў, наклеек на палатно і да т.п. У 1920-я г. ў Францыі Д. зліўся з сюррэалізмам, у Германіі — з экспрэсіянізмам. Некаторыя ням. дадаісты выкарыстоўвалі прыёмы вулічнага малюнка (сатыр. графіка Ж.Гроса) ці мантажу (паліт. плакаты Дж.Гартфілда). Дадаісцкія метады камбінавання «гатовых» прадметаў у сярэдзіне 20 ст. далі пачатак поп-арту.
Літ.:
Каптерева Т. Дадаизм и сюрреализм // Модернизм. 3 изд. М., 1980.
К.М.Міхееў (дадаізм у літаратуры).
Да арт.Дадаізм. Г.Арп. Дошка з яйкамі 1922.Да арт.Дадаізм. М.Эрнст. П’ета, або Рэвалюцыйная ноч. 1923.