БАЛЦІ́Н Іван Мікітавіч

(12.1.1735, Арзамаскі пав. Ніжагародскай губ. — 17.10.1792),

расійскі гісторык, археограф. Атрымаў хатнюю адукацыю. Служыў у Коннагвардзейскім палку (1751—68), працаваў дырэктарам мытні ў г. Васількоў Кіеўскай губ. (1769—79). З 1779 у Пецярбургу: пракурор (з 1781), чл. Ваен. калегіі (з 1788), ген.-м. (1786). Аўтар прац «Заўвагі на гісторыю старажытную і цяперашнюю Расіі пана Леклерка» (т. 1—2, 1788), «Крытычныя заўвагі ... на першы і другі тамы гісторыі князя Шчарбатава» (т. 1—2, 1793—94). Падрыхтаваў да друку выданне падрабязнай рэдакцыі «Рускай праўды» і інш. гіст. помнікаў. Сфармуляваў задачы адбору, супастаўлення, крытычнага аналізу гіст. крыніц і інш.

Літ.:

Шанский Д.Н. Из истории русской исторической мысли: И.Н.Болтин. М., 1983.

т. 2, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЛЦІН Аўгуст Янавіч

(сапр. Блюм Тэадор Янавіч; 17.1.1894, г. Айзпутэ, Латвія — 23.6.1953),

дзяржаўны дзеяч БССР. З 1908 вёў рэв. дзейнасць у Лібаве, Пецярбургу, Рызе, Харкаве, Баку, Грозным. Шмат разоў арыштаваны і зняволены (1909, 1913, 1914, 1916). Пасля Кастр. рэвалюцыі старшыня Закаўказскага каап. саюза, нам. старшыні Цэнтрасаюза, старшыня Міжкаап. савета і інш. З 1929 у БССР: старшыня Белкаапсаюза, нарком гандлю (1930), забеспячэння (1931—33), нам. старшыні СНК БССР (1933—34), нарком лёгкай (1934), мясцовай (1934—37) прам-сці. Чл. ЦВК СССР (1935—37), ЦВК БССР (1929—37). Чл. ЦК КП(б)Б у 1930—37. Старшыня Т-ва старых бальшавікоў у БССР (1933—37). 4.9.1937 арыштаваны і зняволены. Рэабілітаваны і вызвалены з турмы ў канцы 1940-х г.

т. 2, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)