Базла́ць ’моцна крычаць’ (Сцяшк. МГ). Параўн. рус. дыял. базла́ть ’ілгаць’, базли́ть, базла́нить, база́нить ’крычаць’, базло́ ’горла’. Слова няяснага паходжання. Агляд розных версій гл. Бернекер, 47; Фасмер, 1, 106. Магчыма, гукапераймальнага паходжання, як і грэч. βάζω ’гавару, базікаю’ (аб грэч. слове гл. Фрыск, 1, 206–208). Сюды ж можа адносіцца і базі́каць ’гаварыць’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

База́рыць ’лаяць’ (Бір. Дзярж.). Параўн. рус. дыял. база́рить ’голасна размаўляць, крычаць, шумець, лаяцца’. Мабыць, вытворнае ад база́р1 (першапачаткова ’лаяцца, крычаць, як на базары’). Наўрад ці ёсць сувязь з базла́ць, базы́каць, базі́каць (гл.), рус. база́нить, базла́нить ’шумець, крычаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Базі́каць ’гаварыць тое-сёе; плясці глупства, пустасловіць’ (Нас.), базы́каць ’гаварыць абы-што’ (Бяльк.). Слова не вельмі яснага паходжання. Параўн. рус. дыял. базли́ть, базла́нить, база́нить ’крычаць’, бази́кать, базю́кать ’плявузгаць, гаварыць і г. д.’, укр. базі́кати ’плявузгаць’, базувать ’гаварыць’, ба́зі ’гутарка, базіканне’. Версій вельмі многа (агляд гл. Фасмер, 1, 106, параўн. і Бернекер, 47), але найбольш верагоднае, відаць, гукапераймальнае паходжанне гэтых слоў, як і грэч. βάζω ’базікаю, гавару’ (аб грэч. слове. гл. Фрыск, 1, 206–208, таксама Покарны, 91–92). З базі́каць, магчыма, звязана і базла́ць ’моцна крычаць’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)