БАГДА́Н I
(?—1365),
першы гаспадар (князь) незалежнай Малдаўскай дзяржавы (з 1359). У 1359 узначаліў паўстанне валахаў (продкі румынаў і малдаванаў), падтрыманае насельніцтвам Усх. Прыкарпацця, супраць намаганняў венг. караля скасаваць аўтаномію краю. Перасяліўшыся з часткай валахаў у даліну р. Малдова, Багдан аб’яднаў большасць зямель Усх. Прыкарпацця ў адзінае Малдаўскае княства (сталіца г. Бая) і ў 1365 дамогся прызнання яго незалежнасці ад Венгрыі.
т. 2, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́НЧЫК
(сапр. Андрусышын Багдан; н. 3.1.1958, Нью-Йорк),
амерыканскі і бел. спявак (лірычны тэнар), журналіст. З роду пачынальнікаў бел. адраджэння 20 ст. I. і А.Луцкевічаў (прабабка спевака Э.Шабуня іх родная сястра). Скончыў ф-т журналістыкі Нью-Йоркскага ун-та (1989). З 1992 працуе на радыёстанцыі «Свабода». Адзін з найб. яркіх сучасных выканаўцаў бел. песні ў ЗША і Канадзе. Мае прыгожы голас мяккага пяшчотнага тэмбру. Выкананне адметнае шчырасцю, асэнсаванасцю. У рэпертуары пераважаюць творы бел. кампазітараў на словы бел. паэтаў і бел. нар. песні. У Нью-Йорку выпушчана 5 грампласцінак з бел. песнямі і рамансамі ў выкананні Д. (адна з іх у дуэце з Л.Барткевічам), а таксама магнітаальбомы. Неаднаразова наведваў Беларусь, даў шэраг канцэртаў, у т.л. дабрачынныя на карысць дзяцей, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы 1986. На кінастудыі «Беларусьфільм» пра яго зняты дакумент. фільм (1989).
Літ.:
Сабалеўскі А. Данчык — шлях да Беларусі // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Кн. 1;
Я го ж. Ля вытокаў культурнага адраджэння: (Данчык у Беларусі) // Там жа. Кн. 2.
А.В.Сабалеўскі.
т. 6, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)