бабі́ты
[англ. I. Babbit = прозвішча амер. вынаходцы (1799—1862)]
металічныя сплавы на свінцовай або алавянай аснове з нізкім каэфіцыентам трэння; выкарыстоўваюцца для вырабу падшыпнікаў і рухомых частак машын.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
антыфрыкцы́йны
(ад анты- + фрыкцыйны)
які вызначаецца нізкім каэфіцыентам трэння (напр. такія матэрыялы, як бабіты, бронза).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АНТЫФРЫКЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ
(ад анты... + лац. frictio трэнне),
матэрыялы для дэталяў машын, якія працуюць ва ўмовах трэння слізгання (падшыпнікі, укладышы, утулкі і інш.). Антыфрыкцыйныя матэрыялы маюць высокую ўстойлівасць да зносу і карозіі, добрую прыработку, мінім. каэфіцыент трэння, вытрымліваюць мех. нагрузкі без змены ўласцівасцяў. Антыфрыкцыйныя ўласцівасці антыфрыкцыйных матэрыялаў залежаць ад структурнага стану паверхневых слаёў, мікратапаграфіі кантактуючых паверхняў і ўмоў фрыкцыйнага ўзаемадзеяння.
Найб. пашыраныя антыфрыкцыйныя матэрыялы: сплавы на аснове каляровых металаў (бабіты, бронза, латунь і інш.), чыгун, пластычныя масы, драўніна (у т. л. мадыфікаваная), кампазіты на аснове металаў, металакерамікі і палімераў. Асобная група антыфрыкцыйных матэрыялаў — самазмазвальныя матэрыялы; яны змяшчаюць кампаненты (напр., графіт), якія выконваюць пры трэнні ролю змазвальнага асяроддзя. Для надання матэрыялам антыфрыкцыйных уласцівасцяў іх паверхню мадыфікуюць хіміка-тэрмічнай, лазернай, іонна-прамянёвай апрацоўкай, нанясеннем зносаўстойлівых пакрыццяў, паверхнева-пластычным дэфармаваннем. Антыфрыкцыйныя матэрыялы выкарыстоўваюць ва ўмовах сухога трэння (у газах, паветры, вакууме); для работы з малавязкімі вадкасцямі без змазвальнага дзеяння (вада, арган. растваральнікі), з вадкімі ці пластычнымі змазкамі. На Беларусі вывучэннем і стварэннем антыфрыкцыйных матэрыялаў займаюцца ін-ты механікі металапалімерных сістэм і фізіка-тэхнічны АН Беларусі, Беларускае НВА парашковай металургіі.
А.У.Белы.
т. 1, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)