закрыты ўнутраны двор у стараж.-рым. жыллі, куды меліся выхады з астатніх памяшканняў. У цэнтры атрыума быў басейн (імплювій); над ім — адтуліна (камплювій) для сцёку дажджавой вады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
а́трый
(лац. atrium)
памяшканне з верхнім святлом у старажытнарымскім жылым доме.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
РЫ́МСКІ САБО́Р СВЯТО́ГА ПЯТРА́, Сан-П’етра,
помнік архітэктуры эпохі Адраджэння ў Рыме. Узведзены ў 1506—1614 на месцы аднайм. 5-нефавай базілікі 324—349 (перабудавана; з 1452 арх. Б.Раселіна). Задуманы і пачаты арх. Д.Брамантэ як цэнтрычная кампазіцыя. Праект неаднаразова перапрацоўваўся (пераважна са зменай кампазіцыі на падоўжную): арх. Фра Джаконда, Дж. да Сангала, Рафаэль (1516), Б.Перуцы, А. да Сангала Малодшы; у 1546—64 Мікеланджэла вярнуўся да цэнтрычнай кампазіцыі: узмацніў гал. апоры, узвёў апсіды і цэнтр.ч. да барабана. У 1564—85 узведзены 2 пярэднія купалы (арх. Дж.Віньёла), у 1586—93 — гал. купал (арх. Дж. дэла Порта), у 1607—14 створаны гал. фасад, 3 новыя нефы (арх. К.Мадэрна). На фасадзе з вял.цэнтр. порцікам — 9 балконаў (сярэдні наз. Лоджыя Дабравешчання, адсюль папа рымскі звяртаецца да вернікаў). Праз 5 манум.бронз. брам (адна з іх — Свяшчэнная, адчыняецца самім папам рымскім раз у 25 гадоў) з мармуровымі калонамі ўздоўж фасада — уваход у б.атрый (двор, абкружаны порцікамі; арх. Мадэрна). Грандыёзны манум. інтэр’ер — узор гарманічнага зліцця стыляў рэнесансу і барока. У апсідзе месца спавядання (т.зв. канфесія) пазначана адкрытай крыптай (1600, арх. Мадэрна). Гал. алтар увянчаны лёгкім і манум.бронз. балдахінам (1624—33, арх. Л.Берніні). У інтэр’еры творы Мікеланджэла (скульпт. група «Аплакванне Хрыста», ці «П’ета», каля 1498—99), Берніні (кафедра св. Пятра, 1657—66, надмагіллі), Дж.Манцу (манум.бронз. «Брама Смерці», 1947—64) і інш. У рызніцы (канец 18 ст.) створаны музей (зборы рэліквій і скарбаў сабора). Пад саборам вял. падзямелле — т.зв. Свяшчэнныя гроты, дзе сабраны дахрысц. грабніцы, а таксама магілы рымскіх пап і каралёў ( у 1935—50 гроты перароблены ў 3-нефавы могілкавы храм). Перад саборам — барочная авальная пл. святога Пятра (1657—63, арх. Берніні), абкружаная 2 паўкруглымі каланадамі і галерэямі са 140 статуямі святых; у цэнтры — стараж.-егіп. абеліск, фланкіраваны 2 фантанамі. Сабор уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Рымскі сабор святога Пятра.Рымскі сабор святога Пятра. Фрагмент інтэр’ера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТРУ́СКІ (лац. Etrusci, Tusci, грэч. Tyrsēnoi, саманазва rasna),
старажытныя плямёны, якія ў 1-м тыс. да н.э. насялялі ПнЗ Апенінскага п-ва (вобласць Этрурыя, цяпер Таскана) і стварылі развітую цывілізацыю, якая папярэднічала рымскай. Сучасная навука лічыць, што Э. сфарміраваліся ў Італіі ў выніку складаных узаемаадносін мясц. і прышлых этн. груп, гал. чынам з Усходу. Іх этн. фарміраванне завяршылася да 8 ст. да н.э. У 7 ст. да н.э. ў Э. існавалі гарады-дзяржавы на чале з царамі, якія засяроджвалі ў сваіх руках ваен., адм. і жрэцкую ўладу. У канцы 7 ст. да н.э. ўзнікла канфедэрацыя 12 гарадоў (Веі, Цэрэ, Тарквініі, Вальсініі, Ветулонія і інш.), на чале якой стаяў вышэйшы магістрат і жрэц аднаго з гарадоў. У 6 ст. да н.э. Э. авалодалі Кампаніяй, далінай р. По і засн. там калоніі. Паводле падання, этруская дынастыя Тарквініяў правіла ў 616—509 да н.э. ў Рыме. У канцы 6 — пач. 5 ст. да н.э. ўлада перайшла да арыстакратыі, вышэйшыя выбарныя пасады замяшчаліся вузкім колам асоб. У саюзе з Карфагенам Э. каля 535 да н.э. перамаглі грэкаў-факейцаў, выцеснілі іх з Корсікі, непадзельна ўладарылі на Тырэнскім моры і пашырылі ўплыў на ўсю тэр. Італіі. Аднак сац. супярэчнасці, адпор насельніцтва залежных зямель, знешнія напады (грэкаў у 524 і 474 да н.э., рымлян каля 509 да н.э., самнітаў у 423 да н.э., галаў каля 400 да н.э.) аслабілі канфедэрацыю Э. У 3 ст. да н.э. ўся тэр. Э. трапіла пад уладу Рыма, хоць да 1 ст. да н.э. этрускія гарады зберагалі свой паліт. лад, культавыя ўстановы і культ. адметнасць. Хуткая раманізацыя Э. адбылася пасля перамогі Сулы (1 ст. да н.э.) і падзелу Этрурыі.
Мастацтва Э. звязана са стараж.-італійскай культурай Вілановы (9—5 ст. да н.э.), а таксама з інш. рэгіёнамі Усх. Міжземнамор’я (Стараж. Грэцыя, М. Азія, Сірыя, Фінікія). Пры буд-ве Э. выкарыстоўвалі клінчатыя аркі (вароты ў Перуджы) і скляпенні (несапраўдныя ступеньчатыя ў 7—6 ст. да н.э. і паўцыркульныя ў 3—2 ст. да н.э.). Захаваліся рэшткі прамавугольнай планіроўкі г. Марцабота (каля Балонні) і т.зв. гіпадамавай (г. Спіна). Гарады, размешчаныя на ўзгорках, спускаліся тэрасамі па іх схілах. Квадратныя ў плане дамы мелі 2- ці 4-схільны дах і адкрыты ўнутр. дворык-атрый. Храмы падымаліся на высокі цокаль-подый, мелі 1 ці 3 свяцілішчы-цэлы і глыбокі порцік, карніз якога з багата дэкарыраваным фрызам апіраўся на калоны тасканскага ордэра. Франтоны і схілы даху ўпрыгожвалі фігурнымі выявамі з расфарбаванай тэракоты. Каля гарадоў размяшчаліся вял. некропалі (Цэрэ, цяпер Чэрветэры; Перузія, Тарквініі і інш.). Разнастайнасцю тыпаў адметныя грабніцы-пахавальні: псеўдакупальныя (7 ст. да н.э.), у пячорах і скалістых выступах (каля г. Вальтэра, 3 ст. да н.э.), у выглядзе насыпнога кургана-тумулуса з вузкім калідорам-дромасам (у некропалі Банды-тача), у Паўн. Італіі — з несапраўднымі скляпеннямі, што апіраліся на слуп у цэнтры. Многія пахавальныя збудаванні імітавалі жылыя інтэр’еры (грабніца ў Чэрветэры, 7 ст. да н.э.). У 7—6 ст. да н.э. ў росквіце манум. жывапіс (пераважна размалёўкі грабніц). На жывапісе 5—4 ст. да н.э. адбіўся стараж.-грэч. ўплыў (грабніца «Леапардаў» у Тарквініях). Сярод помнікаў скульптуры статуі і рэльефы з расфарбаванай тэракоты і каменю (антэфіксы, акратэрыі, культавая скульптура на франтонах храмаў), пахавальныя антрапаморфныя урны-«канопы» з накрыўкай у выглядзе галавы памерлага, манум. саркафагі. Прымітыўныя формы партрэта сустракаліся на антрапаморфных урнах і надмагільных стэлах. Развівалася мастацтва тарэўтыкі: літыя бронз. статуэткі багоў, прадметы хатняга ўжытку і пахавальнага культу, люстэркі з чаканенымі ці гравіраванымі выявамі. Высокага ўзроўню дасягнула кераміка: пасудзіны тыпу букеро, што імітавалі вырабы з металу (7 ст. да н.э.), з чорна- і чырвонафігурнай размалёўкай на мясц. тэмы і сюжэты (дэманы, фантаст. істоты, драпежнікі, сцэны замагільнага жыцця). Арыгінальныя залатыя ўпрыгожанні 7—6ст. да н.э. (булы — медальёны на ланцужках, завушніцы і інш.; ліццё, штампоўка, філігрань, зернь). У 3—2 ст. да н.э. мастацтва Э. пачало занепадаць.
Літ.:
Буриан Я., Моухова Б. Загадочные этруски: Пер. с чеш. М., 1970;
Кондратов А.М. Этруски — загадка номер один. М., 1977;
Немировский А.И. Этруски: от мифа к истории. М., 1983;
Этруски: италийское жизнелюбие: Пер. с англ.М., 1998;
Наговицын А.Е. Мифология и религия этрусков. М., 2000;
Чубова А.П., Колпинский Ю.Д., Бритова Н.Н. Искусство этрусков и Древнего Рима. М., 1982.
Да арт.Этрускі. Фрагмент статуі Гермеса з храма Апалона ў Веях. Каля 500 да н.э.Да арт.Этрускі. Залатыя ўпрыгожанні. 6—5 ст. да н.э.Да арт.Этрускі. Грабніца з г. Чэрветэры. 7 ст. да н.э.Да арт.Этрускі. Фрагмент размалёўкі грабніцы з г. Тарквініі.