Асінаўская ДРЭС, гл. Беларуская ДРЭС
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́НАЎСКАЯ ШКЛЯНА́Я МАНУФАКТУ́РА.
Дзейнічала ў 1881—1905 ва ўрочышчы Асінаўка, непадалёку ад в. Дамамерычы Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобласці. У 1884 мела шклаварную печ, у 1895 — 2 конныя рухавікі. У 1890 працавалі 40 рабочых, выпушчана 240 тыс. лістоў аконнага шкла. У 1905 працавалі 125 рабочых.
т. 2, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ДРЭС, Беларуская дзяржаўная раённая электрастанцыя (БелДРЭС). Пабудавана паводле плана ГОЭЛРО ў 1927—30 каля в. Арэхі (цяпер г.п. Арэхаўск) Аршанскага р-на Віцебскай вобласці як Асінаўская ДРЭС. Працавала на торфе, які здабываўся на Асінаўскім балоце. З 1931 БелДРЭС. Праектнай магутнасці ў 32 тыс. кВт дасягнула з пускам 2-й чаргі ў 1939. У Вял. Айч. вайну разбурана. Адноўлена ў 1946, даваеннай магутнасці (34,5 тыс. кВт) дасягнула ў 1951. З 1986 працуе на мазуце.
т. 2, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЯ РАЁННАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ (ДРЭС),
цеплавая кандэнсацыйная электрастанцыя, якая выпрацоўвае толькі электрычную энергію. Першая ў свеце раённая электрастанцыя на мясц. паліве (торфе) магутнасцю 15 мВт пабудавана ў 1912—14 пад Масквой па ініцыятыве рус. інжынера Р.Э.Класона. Планам ГОЭЛРО (1920) прадугледжвалася збудаванне некалькіх цеплавых электрастанцый, з іх найб. вядомая Шатурская ДРЭС, у Беларусі — Асінаўская ДРЭС (гл. Беларуская ДРЭС). Паступова тэрмін ДРЭС амаль страціў свой першапачатковы сэнс («раённая») і ў сучасным разуменні азначае кандэнсацыйную электрастанцыю даволі вял. магутнасці, якая працуе ў аб’яднанай энергасістэме побач з інш. буйнымі электрастанцыямі. Першай і адной з самых буйных цеплавых электрастанцый блочнага тыпу ў Беларусі з’яўляецца Бярозаўская ДРЭС (920 тыс. кВт). У Беларускай энергетычнай сістэме працуюць таксама Лукомская ДРЭС (найбольшая з такога тыпу электрастанцый; 2400 тыс. кВт), б. Васілевіцкая ДРЭС (гл. Светлагорская ЦЭЦ).
т. 6, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)