астына́та

(іт. ostinato = упарты)

муз. меладычная або рытмічная фраза, якая многа разоў запар паўтараецца.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БА́СА АСТЫНА́ТА (італьян. basso ostinato літар. нязменны бас),

адна з варыяцыйных формаў у музыцы, заснаваная на шматразовым паўтарэнні ў басовым (ніжнім) голасе нязменнай мелодыка-рытмічнай фігуры-тэмы пры гарманічным і поліфанічным развіцці ў верхніх галасах, якія пастаянна абнаўляюцца. Форма баса астынаты служыць стварэнню адзінага муз. вобраза, увасабленню адзінага настрою. Выкарыстоўваўся ў арыях і харах 17—18 ст. як ніжні голас суправаджэння (Г.​Пёрсел, І.​С.​Бах), у інстр. формах тыпу пасакаллі і чаконы. У музыцы 19—20 ст. астынатнасць выйшла за рамкі баса астынаты і стала адным з асн. формаўтваральных прынцыпаў муз. мовы (Дз.​Шастаковіч, І.​Стравінскі, П.​Хіндэміт і інш.).

т. 2, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЫЯЦЫ́ЙНАЯ ФО́РМА, варыяцыі,

музычная форма, якая складаецца з тэмы (зрэдку дзвюх, трох тэм) і яе відазмененых паўтораў (варыяцый). Асн. тэма можа быць арыгінальная ці запазычаная. У варыяцыйнай форме можа быць напісаны самаст. твор, частка цыкла або раздзел буйнога муз. твора (сімфоніі, канцэрта, сюіты, санаты, квартэта), а таксама оперы, балета.

Вытокі варыяцыйнай формы ў нар. песеннай і танц. творчасці. У прафес. музыцы яна выпрацоўвалася ў розных поліфанічных жанрах (І.​С.​Бах, Г.​Ф.​Гендэль, Г.​Ф.​Тэлеман). У 17 ст. ў зах.-еўрап. музыцы ўзнікла варыяцыйная форма на баса астыната. У 2-й пал. 18 ст. склалася строгая (класічная) варыяцыйная форма з захаваннем у варыяцыях памераў, гармоніі, танальнасці, тэмпу, метра, тэмы (І.​Гайдн, В.​А.​Моцарт, Л.​Бетховен). У 19 ст. ў творчасці кампазітараў-рамантыкаў (Ф.​Шуберт, Р.​Шуман, Ф.​Мендэльсон) з’явілася свабодная варыяцыйная форма, дзе ўсе сродкі выразнасці тэмы могуць вольна вар’іравацца нават да яе жанравых змен. У рус. музыцы 19 ст. найб. пашырана варыяцыйная форма на нязменную мелодыю — сапрана астыната (т.зв. глінкаўскія варыяцыі).

У бел. музыцы ў варыяцыйнай форме напісаны самаст. творы (фп. варыяцыі Л.​Абеліёвіча, Г.​Вагнера, У.​Алоўнікава, Р.​Суруса, Э.​Тырманд, М.​Васючкова; аркестравыя («З беларускага эпасу» Л.​Захлеўнага) і часткі цыклічных твораў (у сімфоніі «Беларусь» В.​Залатарова, сімфаньеце М.​Аладава, фп. трыо А.​Багатырова), эпізоды з балетаў «Альпійская балада» і «Выбранніца» Я.​Глебава і інш.

Літ.:

Протопопов В. Вариационные процессы в музыкальной форме. М., 1967;

Цуккерман В. Анализ музыкальных произведений. Вариационная форма. 2 изд. М., 1987.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 4, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСАКА́ЛЛЯ (італьян. passacaglia, ісп. pasacalle ад ісп. pasar праходзіць + calle вуліца),

1) песня, з 16 ст. танец ісп. паходжання ў суправаджэнні гітары. Узнікла як музыка для выканання на вуліцы (адсюль назва), а таксама як інстр. ўстаўкі ў песнях і танцах. У 17 ст. ў Францыі — урачысты сольны танец 3-дольнага памеру (у оперу і балет П. ўвёў Ж.​Б.​Люлі), у Італіі спачатку як рытурнела ў сцэн. музыцы — невял. 2—3-тактавыя пабудовы ў вытрыманай акордавай фактуры з раўнамернай рытмікай.

2) Інстр. муз. п’еса.

Характэрныя рысы набыла ў Італіі ў 17 ст.: стрымана-засяроджаны, узнёслы характар музыкі, плаўны рух, умерана-павольны тэмп, 3-дольны памер са зменай гармоніі пры змене такта, прынцып варыяцый на баса астыната, што стварае драм., трагедыйны характар музыкі. Як самаст. інстр. п’еса створана Дж.​Фрэскабальдзі (1637), які ўвёў яе ў сюіту. Сустракалася ў опернай музыцы (К.​Мантэвердзі, Люлі), у інстр. найчасцей уваходзіла ў сюіту (Ф.​Куперэн) або існавала як сольная п’еса. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. — буйная, развітая форма пераважна ў арганнай музыцы ням. кампазітараў (Г.​Ф.​Гендэль, І.​С.​Бах). У 19 ст. амаль знікла. У 20 ст. ў сувязі з тэндэнцыямі неакласіцызму, павышэннем ролі поліфаніі і прынцыпу basso ostinato П. найчасцей уваходзіць у буйныя муз. формы. У рас. музыцы найб. паслядоўна і глыбока П. распрацавана ў творчасці Дз.​І.​Пастаковіча, які пашырыў рамкі жанру, выкарыстоўваў П. ў пераломных, кульмінацыйных момантах цыклічных форм як выразны маст. сродак.

У бел. музыцы жанр П. прадстаўлены ў творчасці Г.​Вагнера, Г.​Гарэлавай, Л.​Гуціна, У.​Дамарацкага, А.​Залётнева, Э.​Зарыцкага, Дз.​Смольскага, Р.​Суруса і інш.

Літ.:

Бобровский В. Претворение жанра пассакальи в сонатно-симфонических циклах Д.​Шостаковича // Музыка и современность. М., 1962. [Вып. 1];

Цуккерман В.А. Анализ музыкальных произведений: Вариационная форма. 2 изд. М., 1987.

А.​У.​Валадковіч.

т. 12, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)