«АСТРО́Н»,

савецкая аўтаматычная касмічная станцыя для астрафізічных даследаванняў галактычных і пазагалактычных крыніц касм. выпрамянення. Выведзены на арбіту 23.3.1983. Створаны на базе міжпланетнай аўтам. станцыі «Венера», частка навук. апаратуры — сумесна са спецыялістамі Францыі. Арбіта «Астрона» (выш. ў перыгеі 2 тыс. км, у апагеі 200 тыс. км; нахіленне 51,5°; перыяд абарачэння 98 гадз) дае магчымасць больш за 90% часу весці вымярэнні па-за ценем Зямлі і радыяцыйных паясоў. Вывучаліся нестацыянарныя з’явы ў зорках, анамаліі іх хім. саставу, уласцівасці ультрафіялетавага выпрамянення галактык, квазараў і інш.

т. 2, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАЖКО́ (Сяргей Мікалаевіч) (17.11.1870, г.п. Хоцімск Магілёўскай вобл. — 11.2.1956),

савецкі астраном. Чл.-кар. АН СССР (1929). Скончыў Маскоўскі ун-т (1892), працаваў там жа (з 1918 праф.). У 1918—31 дырэктар Маскоўскай абсерваторыі. Навук. працы па практычнай астраноміі і даследаванні пераменных зорак. Адкрыў заканамерную змену крывой і перыяду бляску цэфеід (т.зв. эфект Блажко). Прапанаваў новы спосаб фатаграфавання малых планет, сканструяваў некалькі арыгінальных прыбораў. Аўтар падручнікаў па астраноміі. Дзярж. прэмія СССР 1952.

Літ.:

С.Н.Блажко: [Некролог] // Астрон. журн. 1956. Т. 33, вып. 2.

т. 3, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМІ́ЧНЫ АПАРА́Т,

агульная назва тэхн. сістэм для выканання навукова-тэхн. задач у космасе. Адрозніваюць К.а.: па траекторыі палёту — ШСЗ (рухаюцца па геацэнтрычных арбітах) і міжпланетныя К.а.; па кіраванні — аўтаматычныя (ШСЗ і інш. нябесных цел, аўтам. арбітальныя і міжпланетныя станцыі) і пілатуемыя (касмічныя караблі і арбітальныя станцыі). Выводзіцца на арбіту ракетай-носьбітам. Адметная асаблівасць большасці К.а. — магчымасць працяглага самаст. функцыянавання ва ўмовах касм. прасторы. Усе пілатуемыя і большасць аўтам. К.а. маюць сістэму кіравання рухам і ўласную рухальную ўстаноўку. Праблема энергасілкавання вырашаецца пры дапамозе сонечных батарэй, эл.-хім. паліўных элементаў, малагабарытных ядзерных энергет. установак. Канструкцыя К.а. ўлічвае спецыфічныя фактары касм. прасторы — высокі вакуум, рэзкія перапады т-р, наяўнасць метэорных часцінак, высокі ўзровень радыяцыі, бязважкасць. Найб. пашыраныя К.а.: ШСЗ для навук. даследаванняў (напр., «Космас», «Астрон»), сувязі («Маланка») і метэаралогіі («Метэор»); пілатуемыя («Усход», «Саюз», «Меркурый»), арбітальныя станцыі («Салют», «Скайлэб», «Мір»); міжпланетныя К.а. («Месяц», «Апалон», «Венера», «Марынер», «Вікінг», «Піянер», «Вояджэр» і інш.).

У.С.Ларыёнаў.

т. 8, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)