аскары́ды, ‑аў; адз. аскарыда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Доўгі круглы чарвяк, які паразітуе ў кішэчніку млекакормячых і чалавека.

[Ад грэч. askaris, askaridos — гліст.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АСКАРЫ́ДЫ

(Ascaridae),

сямейства круглых чарвей. Паразітуюць у кішэчніку чалавека і пазваночных жывёл. Найб. пашыраны свіная аскарыда — Ascaris suum і чалавечая аскарыда — Ascaris lumbricoides (даўж. самкі 25—40 см, самца 15—25 см).

Задні канец цела ў самак роўны, у самцоў закручаны. Самка за суткі адкладвае да 200 тыс. яец, якія выдаляюцца з калам у вонкавае асяроддзе, дзе праз 9—13 сут з іх развіваецца лічынка. Пры т-ры ніжэй за 12 °C або вышэй за 36 °C развіццё спыняецца, але жыццяздольнасць не траціцца. Інвазійныя яйцы з ежай і вадой трапляюць у арганізм гаспадара, з іх выходзяць лічынкі, прасвідроўваюць слізістую абалонку кішак і з токам крыві пераносяцца ў лёгкія, затым трапляюць у глотку і зноў у кішэчнік. Праз 2—2,5 мес дасягаюць палавой спеласці і пачынаюць адкладваць яйцы. Жывуць да 1,5 года. Выклікаюць аскарыдоз.

т. 2, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

аскары́ды

(н.-лац. ascaridae, ад гр. askarides)

сямейства гельмінтаў класа нематодаў, паразітуюць у кішэчніку млекакормячых і чалавека.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г., часткова)

аскары́да

назоўнік, агульны, адушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. аскары́да аскары́ды
Р. аскары́ды аскары́д
Д. аскары́дзе аскары́дам
В. аскары́ду аскары́д
Т. аскары́дай
аскары́даю
аскары́дамі
М. аскары́дзе аскары́дах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2023, актуальны правапіс)

неааскарыдо́з

(ад неа- + аскарыды)

глісная хвароба жвачных жывёл, пераважна маладняку.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГЕЛЬМІ́НТЫ

(ад геа... + гельмінты),

група паразітычных чарвей, яйцы або лічынкі якіх развіваюцца ў вонкавым асяроддзі без прамежкавых гаспадароў у адрозненне ад біягельмінтаў. Тэрмін прапанавалі сав. гельмінтолагі К.І.Скрабін і Р.С.Шульц (1928). Пашыраны ў краінах з цёплым і ўмераным кліматам, у т. л. на Беларусі. Выклікаюць хваробы жывёл і чалавека — гельмінтозы. У жывёл найчасцей паразітуюць аскарыдаты, аксіўраты, странгіляты, трыхацэфаляты, у чалавека — аскарыды, анкіластомы, вастрыцы, воласагаловы і інш. Крыніца заражэння — забруджаная інвазійнымі яйцамі вада, глеба, корм. Лічынкі могуць пранікаць праз скуру. Паразітуюць пераважна ў тонкім кішэчніку.

т. 5, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЬМІ́НТЫ

[ад грэч. helmins (helminthos) чарвяк, гліст],

глісты, паразітычныя чэрві, узбуджальнікі глісных хвароб (гельмінтозаў) чалавека, жывёл і раслін. Вядома каля 18 тыс. відаў. Паводле цыкла развіцця падзяляюцца на біягельмінты і геагельмінты. Да гельмінтаў адносяцца чэрві тыпаў плоскія чэрві: трэматоды, або смактуны, і стужачныя чэрві, або цэстоды; з трэматод у чалавека часцей трапляюцца апістархіды, з цэстод — шырокі стужачнік, бычы, свіны і карлікавы цэпні, лічынкі эхінакока і альвеакока; круглыя чэрві, або нематоды, — аскарыды, воласагаловы, вастрыцы, трыхінелы, анкіластаміды і інш.; скрэбні, або акантацэфалы; кольчатыя чэрві, або анеліды. Прадстаўнікі скрэбняў і кольчатых чарвей у чалавека паразітуюць рэдка. Гельмінты паразітуюць практычна ва ўсіх органах і тканках. Звычайна заражаюцца гельмінтамі праз ежу, ваду, скуру, плацэнту, пры паяданні прамежкавага гаспадара. Вывучае гельмінты і выкліканыя імі хваробы гельмінталогія.

т. 5, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)