Арыстарх Самоскі 1/241, 489, 538; 5/14

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫСТА́РХ САМО́СКІ (Aristarchos Samios; каля 320 — каля 250 да нашай эры),

старажытнагрэчаскі астраном. Першы выказаў ідэю геліяцэнтрызму (гл. Геліяцэнтрычная сістэма свету). Вучыў, што Зямля рухаецца вакол Сонца і верціцца вакол сваёй восі, а Сонца і зоркі нерухомыя. Быў абвінавачаны ў бязбожнасці і выгнаны з Афінаў. Аўтар трактата «Пра памеры і адлегласці Сонца і Месяца».

т. 2, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАПО́ЛЬСКІ (Арыстарх Апалонавіч) (13.7.1854, Масква — 16.5.1934),

рускі астрафізік. Акад. Пецярбургскай АН (1903). Скончыў Маскоўскі ун-т (1877). З 1879 у Маскоўскай абсерваторыі, з 1888 у Пулкаўскай (у 1917—19 яе дырэктар). Даследаваў нябесныя свяцілы, шырока выкарыстоўваў фатагр. метады, першы ў Расіі пачаў праводзіць спектраграфічныя даследаванні, напрыклад, спектры пераменных і падвойных зорак, кольцаў Сатурна; з дапамогай зоркавага спектрографа выявіў вярчэнне Сонца.

Тв.:

Астрономические труды. М., 1954.

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКАЯ БІБЛІЯТЭ́КА,

найбуйнейшы ў старажытнасці збор рукапісных кніг (ад 100 да 700 тыс. тамоў). Засн. ў пач. 3 ст. да н.э. ў г. Александрыя пры Александрыйскім мусеяне. Пераважалі творы стараж.-грэч. л-ры і навукі, былі і кнігі на ўсх. мовах. Узначальвалі Александрыйскую бібліятэку буйнейшыя вучоныя: Эратасфен, Зенадот, Арыстарх Самоскі, Калімах. Пры б-цы працавала шмат капіістаў-перапісчыкаў кніг. Частка Александрыйскай бібліятэкі згарэла ў 47 да н.э. ў час Александрыйскай вайны. Пазней адноўлена і папоўнена за кошт Пергамскай б-кі. Частка кнігазбору знішчана ў 391 н.э., апошнія рэшткі загінулі ў 7—8 ст. у час арабскіх заваёў.

т. 1, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛО́ (Мікалай Пятровіч) (н. 5.8.1922, г. Ачынск Краснаярскага краю, Расія),

расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Ленінградскі тэатр. ін-т (1948). Працаваў у т-рах Расіі. З 1963 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Творчасці ўласціва глыбокая распрацоўка вобразаў. Сярод лепшых роляў: Гастрыт («Вечар» А.​Дударава), Сорын («Чайка» А.​Чэхава), Карандышаў, Дадаеў, Латохін («Беспасажніца», «Лес», «Прыгажун мужчына» А.​Астроўскага), Яравы («Любоў Яравая» К.​Транёва), Арыстарх («Энергічныя людзі» В.​Шукшына), Марцьянаў («Сумленне» паводле Д.​Паўлавай), Парогін («Адыходзіў стары ад старой» С.​Злотнікава), Паскуаліна («Каляды ў хаце сіньёра Куп’ела» Э. дэ Філіпа). Аўтар п’есы «Легенда пра песню няспетую» (з І.​Паповым, паст. ў Гомельскім т-ры, 1968).

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 12, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯНТУ́ЛАЎ (Арыстарх Васілевіч) (26.3.1882, в. Варона Пензенскай вобл., Расія — 15.4.1943),

расійскі жывапісец, тэатр. мастак. Вучыўся ў Пензенскім (з 1897) і Кіеўскім (1900—05) маст. вучылішчах, студыі Дз.​Кардоўскага ў Пецярбургу (1906—07), у парыжскай акадэміі Ла Палет у А. Ле Факанье і Ж.​Метцэнжэ (1911). Праф. маскоўскіх Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрняў — Вышэйшага маст.-тэхн. ін-та (з 1919), Маст. ін-та (1937—43). Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Бубновы валет» (1910). Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1926), Т-ва маскоўскіх мастакоў (з 1928). У творах 1910-х г. спалучаў рысы кубафутурызму з імкненнем да выяўлення нац. характару праз выкарыстанне матываў рус. стараж. дойлідства, традыцый іканапісу і лубка («Васіль Блажэнны», 1913; «Звон», 1915; «Каля Іверскай», 1916, і інш.). Некаторыя работы блізкія да абстракцыянізму: «Даследаванне сімвалічнага падабенства ў партрэце» (1912), «Дзве жанчыны» (1919) і інш. З 1920-х г. працаваў у рэаліст. манеры, ствараў індустр. пейзажы, партрэты, нацюрморты: «Крэкінг нафтаперапрацоўчага завода» (1931), «Гародніна» (1933), «Нацюрморт з капустай», партрэт В.​Дулавай (абодва 1940) і інш. Афармляў спектаклі маскоўскіх т-раў: «Віндзорскія свавольніцы» У.​Шэкспіра (1916, Камерны т-р), «Дэман» А.​Рубінштэйна (1919, Эксперым. т-р), «Праметэй» А.​Скрабіна (1919, Вял. т-р), «Іспанскі святар» Ф.​Бамонта і Дж.​Флетчэра (1934, МХАТ).

Літ.:

Мурина Е.Б., Джафарова С.Г. Аристарх Лентулов: Путь художника. Художник и время: [Альбом]. М., 1990;

Неизвестный русский авангард в музеях и частных собраниях. М., 1992;

Манин В.С. Аристарх Лентулов. М., 1996.

І.​М.​Каранеўская.

А.Лянтулаў. Дзве жанчыны. 1919.

т. 9, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)