Артэмія, гл. Ракападобныя

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭ́МІЯ (Artemia salina),

ракападобнае атрада шчэлепаногіх. Пашырана ў салёных азёрах і лужынах паўпустыняў, пустыняў і марскіх ліманаў, здольная жыць пры салёнасці вады ад 40 да 230%0 і болей.

Даўж. 0,8—1 см. У залежнасці ад салёнасці вады зменьваецца даўж. галінак вілачкі на канцы брушка (павялічваецца пры апрасненні). Жывіцца мікраскапічнымі водарасцямі і бактэрыямі. Размнажаецца 3 разы за сезон, плоднасць да 70 яец або наўплісаў. Разводзяць і выкарыстоўваюць на корм рыбам.

Артэмія: салёнаводная форма.

т. 1, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

артэ́мія

(н.-лац. artemia, ад гр. artema = падвеска)

рачок падкласа жабраногіх, які жыве ў салёных азёрах і ліманах, а таксама разводзіцца на рыбазаводах на корм рыбнай моладзі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГАЛАБІЁНТЫ [ад гала... + біёнт(ы)],

арганізмы, якія жывуць у перасоленых вадаёмах (напр., азёры Баскунчак, Эльтон; Мёртвае і Чырвонае м.). Найб. тыповыя галабіёнты — зялёная водарасць дуналіела, сіне-зялёная водарасць хлараглея, калаўротка Brachionus mülleri, рачок артэмія, лічынкі некат. насякомых і інш.

т. 4, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКАПАДО́БНЫЯ, ракі (Crustacea),

клас (падклас) беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з кембрыю (больш за 500 млн. г. назад). 5 (паводле інш. класіфікацый да 9) падкл.: ракушкавыя, жабраногія (Branchiopoda), максілаподы (Maxillopoda), цэфалакарыды (Cephalocarida), вышэйшыя ракі (Malacostraca); каля 30 тыс. відаў. Пашыраны ва ўсіх марскіх і прэсных вадаёмах. Жывуць у тоўшчы вады і на дне вадаёмаў, некат. на сушы (макрыцы, некат. трапічныя крабы). На Беларусі каля 100 відаў з атр. галінаставусых, дзесяціногіх ракападобных, карпаедаў, раўнаногіх, жабраногаў, разнаногіх, ракавінкавых. Бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя, рак шыракапальцы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. ад долей міліметра да 80 см, маса да 15 кг і больш. Цела сегментаванае, мае 3 аддзелы: галаву, грудзі і брушка, укрыта кутыкулай. На галаве 2 пары вусікаў (антэнулы і антэны), верхнія сківіцы (мандзібулы) і 2 пары ніжніх сківіц (максілулы і максілы). Органы зроку — фасетачныя вочы, часам няпарнае вока. Органы раўнавагі — статацысты. Нерв. сістэма складаецца з брушнога нерв. ланцужка. Крывяносная сістэма незамкнёная. Дыхаюць жабрамі або ўсёй паверхняй цела. Пераважна ўсёедныя. Большасць Р. раздзельнаполыя, ёсць гермафрадыты, некат. уласцівы партэнагенез. Развіццё пераважна з ператварэннем. Лічынка — наўпліус. Многія Р. (бакаплавы, весланогія рачкі, цыклопы, эўфаўзіевыя. мізіды. галінаставусыя, кумавыя і інш.) — корм для рыб, вадаплаўных птушак, водных млекакормячых. Некат. Р. — паразіты або прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. Многія (пераважна планктонныя формы) — біял. меліяратары. Амары, крабы, крэветкі, лангусты, рачныя ракі і інш. — аб’екты промыслу і развядзення. Гл. таксама Артэмія, Вадзяны вослік, Вусаногія, Дафніі, Коранегаловыя, Лістаногія, Шчытні.

Літ.:

Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;

Жизнь животных. Т. 2. 2 изд. М., 1988;

Шарова И.Х. Зоология беспозвоночных. М., 1999.

Ю.​Р.​Гігіняк.

Ракападобныя: 1 — калянус; 2 — капілія; 3 — марскі таракан мезідатэя; 4 — анандалеум японскі; 5 — вослік вадзяны; 6 — рак вузкапальцы; 7 — рак-шчаўкун альфеус; 8 — басміна даўгаротая; 9 — лептадора драпежная.

т. 13, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)