арато́рыя, -і, мн. -і, -рый, ж.

Вялікі музычна-драматычны твор для хору, спевакоў-салістаў і аркестра.

|| прым. арато́рны, -ая, -ае і аратарыя́льны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

арато́рыя

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. арато́рыя арато́рыі
Р. арато́рыі арато́рый
Д. арато́рыі арато́рыям
В. арато́рыю арато́рыі
Т. арато́рыяй
арато́рыяю
арато́рыямі
М. арато́рыі арато́рыях

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

арато́рыя ж., муз. орато́рия

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

арато́рыя, ‑і, ж.

Вялікі музычны твор для хору, салістаў-спевакоў і аркестра, напісаны на драматычны сюжэт і прызначаны для канцэртнага выканання.

[Іт. oratorio ад лац. oro — гавару, прашу.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Араторыя 1/127, 409—410; 3/422; 5/178, 383; 7/306; 8/300

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АРАТО́РЫЯ

(італьян. oratorio ад лац. oro гавару, малю),

буйная шматчасткавая кампазіцыя для спевакоў-салістаў (часам чытальніка), хору і сімф. аркестра пераважна эпіка-драм. характару, прызначаная для канцэртнага выканання. Мае агульныя рысы з операй (сюжэт, наяўнасць арый, рэчытатываў, ансамбляў, хароў), адрозніваецца ад яе адсутнасцю акцёрскай ігры, дэкарацый (як выключэнне бываюць сцэнічныя араторыі), перавагай апавядальнасці над драм. дзеяннем. У параўнанні з кантатай мае большыя памеры, ярка выражаную сюжэтную аснову.

Зарадзілася на мяжы 16—17 ст. ў Італіі. Напачатку араторыі пісалі на біблейскія, евангельскія або ант. сюжэты. Росквіт жанру ў 18 ст. звязаны з творчасцю Г.Ф.Гендэля, які стварыў класічны тып манум. героіка-эпічнай араторыі, і І.С.Баха, чые пасіёны (страсці) насычаны глыбокім філас. зместам. Пад уплывам асаблівасцяў розных нац. культур араторыя мадыфікавалася. Адбывалася яе сімфанізацыя (кампазітары венскай класічнай школы) або лірызацыя (кампазітары-рамантыкі). У 20 ст. адрадзілася цікавасць да араторыі, якая інтэнсіўна збліжаецца з операй, кантатай, сімфоніяй.

У бел. музыцы першыя араторыі створаны ў 1930-я г. (блізкая да араторыі вак.-сімф. паэма «Над ракою Арэсай» М.Аладава, незакончаная араторыя «Вызваленне» Я.Цікоцкага). У 1960-я г. напісаны араторыі «Песня пра Кубу» С.Картэса, «Званы» Я.Глебава, «Мы — беларусы» К.Цесакова, першая камерная араторыя «Песні Хірасімы» (для чытальніка, салістаў — барытона і сапрана і 2 фп.) Дз.Смольскага. З 1970-х г. бел. араторыі вылучаюцца разнастайнасцю тэматыкі і жанравымі разнавіднасцямі. Сярод найб. значных араторый «Мая Радзіма» Смольскага, «Свяці, зара» Глебава, «Зямля Беларусі» У.Дарохіна (сл. П.Броўкі), «Памяці паэта» Картэса і «Паэт» Смольскага на вершы Я.Купалы, «Памяць Хатыні» В.Войціка, «Хатынь» Цесакова, «Ванька-Устанька» (сл. Я.Еўтушэнкі) і «Вольнасць» паводле кн. А.Радзішчава «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Мдывані. У 1980 — пач. 1990-х г. створаны араторыі «Бітва за Беларусь» А.Багатырова, «Думкі рускія» А.Бандарэнкі, «Лісткі з календара» (сл. М.Танка) А.Залётнева, «Сказ пра Ігара» і «Іканастас» Л.Шлег, «Куранты» В.Капыцько, «Зорка паэта» Э.Наско, «Беларускае вяселле» Цесакова, «Партызанскія песні» У.Алоўнікава і інш.

Большасць бел. араторый ярка публіцыстычныя, напоўненыя грамадз. пафасам. Для іх характэрны апора на бел. паэзію, прыёмы развіцця, інтанацыйныя і ладавыя асаблівасці бел. муз. фальклору, увядзенне нац. інструментаў. У шэрагу араторый выкарыстаны новыя сродкі выразнасці, у т. л. прыёмы моўнай дэкламацыі з фіксаванымі гукавышыннай лініяй і рытмам, санорныя эфекты, элементы алеаторыкі, серыйнай тэхнікі, падпарадкаваныя маст. мэтам.

Літ.:

Розенов Э.К. Очерк истории оратории // Розенов Э.К. Статьи о музыке: Избр. М., 1982;

Кулешова Г.Г. Белорусская кантата и оратория. Мн., 1987.

А.У.Валадковіч.

т. 1, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

арато́рыя ж. муз. Oratrium n -s, -ri¦en

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

арато́рыя

(іт. oratorio)

буйны музычны твор для хору, салістаў-спевакоў і аркестра.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

арато́рыя

(іт. oratorio)

буйны музычны твор для хору, салістаў і аркестра, напісаны на драматычны сюжэт.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

орато́рия муз. арато́рыя, -рыі ж.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)