Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
ВЕРХНЯДЗВІ́НСКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры класіцызму. Пабудавана ў 1819 з цэглы ў г. Верхнядзвінск (Віцебская вобл.). Храм падоўжна-восевай 4-часткавай кампазіцыі: 3-ярусная чацверыковая званіца з шатровым пакрыццем, трапезная, квадратны ў плане асн. аб’ём з высокім цыліндрычным барабанам са сферычным купалам і галоўкай у завяршэнні, апсіда. Плоскасныя фасады расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі, крапаваны вуглавымі лапаткамі і апяразаны прафіляваным карнізам. Арх. дэкор уключае простыя ліштвы вокнаў і сандрыкі з замковым каменем, пояс сухарыкаў на барабане, балюстрадную нішу званіцы. Інтэр’ер быў аздоблены арнаментальнай размалёўкай (не захавалася).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ХАВІЦКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры барока. Пабудавана ў 1676 у в. Бухавічы (Кобрынскі р-н Брэсцкай вобл.) як касцёл дамініканцаў, з 1832 — Пакроўская царква. Першапачаткова прамавугольны ў плане выцягнуты па падоўжнай восі аб’ём, да якога з усх. боку далучалася прамавугольная апсіда, з зах. — вежа-званіца. Вуглы аб’ёмаў умацаваны контрфорсамі. Фасады расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі, апяразаны карнізам простага профілю. У час рэканструкцыі (1889) надбудаваны 3-і ярус званіцы — драўляны васьмярык з шатровым верхам і цыбулепадобнай галоўкай над 2-схільным дахам і васьмігранны драўляны барабан з цыбулепадобным купалам. У інтэр’еры драўляны іканастас 2-й пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ЦЕНСКАЯ КАПЛІ́ЦА,
помнік рэнесансава-раннебарочнай архітэктуры. Пабудавана ў 1654 у в. Быцень (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.) пры базыльянскім кляштары. З 1845 — Успенская царква. Прамавугольны ў плане мураваны будынак накрыты вальмавым дахам з драўляным васьмігранным купальным барабанам у цэнтры (надбудаваны ў 2-й пал. 19 ст.). Плоскасныя фасады лаканічна крапаваны шырокімі лапаткамі, прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі. Сіметрычна-восевая пабудова гал. фасада падкрэслена прамавугольным уваходным праёмам і вял. арачным акном над ім. Па перыметры будынак апяразаны ўступам нізкага цокаля і прафіляваным карнізам у завяршэнні. Унутраная зала З парамі слупоў падзелена на 3 нефы.