А́НЦЫО (Ancio),

кліматычны курорт у Італіі. Каля 55 км на Пд ад Рыма, на беразе Тырэнскага м. Вядомы з часоў Стараж. Рыма. Мяккі міжземнаморскі клімат, шырокі пляж, працяглы перыяд марскіх купанняў. Музей тэрмаў, рэшткі рымскіх пабудоў.

т. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́ГУЛА (Гай Юлій Цэзар) (Gaius Julius Caesar Caligula; 31.8.12, Анціум, цяпер г. Анцыо, Італія — 24.1.41),

старажытнарымскі імператар [37—41]. З дынастыі Юліяў-Клаўдзіяў, пераемнік Тыберыя. Выхоўваўся ў ваен. лагеры свайго бацькі Германіка; мянушку Калігула атрымаў ад салдацкага абутку (лац. caligula літар. боцік), які насіў з дзяцінства. Праўленне К. вызначалася дэспатызмам, імкненнем да неабмежаванай улады, марнаваннем дзярж. сродкаў на гульні і відовішчы, што вяло да непамерных падаткаў і выклікала хваляванні сярод яўрэяў у г. Александрыя і ў Палесціне. Забіты ў выніку змовы трыбунаў прэтарыянскай гвардыі.

т. 7, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРО́Н Клаўдзій Друз Германік Цэзар

(Nero Claudius Drusus Germanicus Caesar; 15.12.37, г. Анцыо, Італія — 9.6.68),

старажытнарымскі імператар [54—68]. З дынастыі Юліяў-Клаўдзіяў. Сын сенатара Гнея Даміцыя Агенабарбы. і Агрыпіны. Усыноўлены імператарам Клаўдзіем (50), ажаніўся з яго дачкой Актавіяй (53). Пасля забойства Клаўдзія абвешчаны імператарам. Да 62 пад уплывам прэфекта прэторыя Бура і свайго б. настаўніка Сенекі правіў у згодзе з сенатам, потым перайшоў да палітыкі рэпрэсій і канфіскацый. Загадаў забіць маці (59), жонку (62), потым прыбліжаных — Сенеку, паэта Лукана, пісьменніка Петронія і інш. Калі ў 64 моцны пажар зруйнаваў б. ч. Рыма, стаў праследаваць яўрэяў і хрысціян, каб адвесці ад сябе падазрэнне ў падпале горада. З 64 публічна выступаў як спявак і акцёр. Пасля здрады прэтарыянскай гвардыі скончыў жыццё самагубствам. Н. прысвечана біяграфія Светонія, некалькі трагедый 19 ст., оперы К.​Мантэвердзі, Г.​Ф.​Гендэля, А.​Рубінштэйна і інш.

Літ.:

Светоний Гай Транквилл. Жизнь двенадцати цезарей: Пер. с лат. М., 1993;

Федорова Е.В. Императорский Рим в ліцах. 2 изд. Смоленск, 1995;

Амфитеатров А.В. Зверь из бездны. Т. 1—2. М., 1996;

Сизек Э. Нерон: Пер. с фр. Ростов н/Д, 1998.

Нерон.

т. 11, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬНЕАЛАГІ́ЧНЫЯ КУРО́РТЫ,

курорты, галоўным прыродным рэсурсам якіх з’яўляюцца мінеральныя воды, што выкарыстоўваюцца для аздараўлення і лячэння.

Апісанне прататыпаў бальнеалагічных курортаў вядома з твораў стараж.-індыйскіх, кітайскіх, грэч. і інш. вучоных (у т. л. Гамера, Арыстоцеля, Плутарха). Са стараж. часоў захаваліся рэшткі водалячэбніц у межах сучаснага швейц. курорта Санкт-Морыц, на тэр. курортаў Венгрыі (Будапешт, Балатанфюрэд), Румыніі (Бэйле-Еркулане, Сынджорз-Бэі), Югаславіі (Добрна, Вараждзінске-Топліцы), Балгарыі (Хісара), Германіі (Вісбадэн), Італіі (Абана-Тэрме, Анцыо) і інш. У сярэднявеччы вял. вядомасць мелі бальнеалагічныя курорты Ахен, Карлсбад (цяпер Карлавы Вары), Бадэн-Бадэн. У Рас. імперыі бальнеалагічныя курорты пачалі стварацца па ініцыятыве Пятра I, першым быў курорт Марцыяльныя Канчазерскія Воды паблізу Петразаводска (1719). Шмат бальнеалагічных курортаў дзейнічала з 19 ст. (Каўказскія Мінеральныя Воды, Кіславодск, Старая Руса, Сергіеўскія Мінеральныя Воды, Друскінінкай, Кемеры, Белакурыха, Баржомі і інш.). На сучасным этапе развітую сетку бальнеалагічных курортаў мае большасць еўрап. краін, краін Закаўказзя, Сярэдняй Азіі, Расія, ЗША і інш. Адпачынак і лячэнне (бальнеатэрапія) на бальнеалагічных курортах у многіх выпадках спалучаюцца з гразе- і кліматалячэннем. Залежна ад гэтага адрозніваюць бальнеакліматычныя, бальнеагразевыя і інш. тыпы бальнеалагічных курортаў. На Беларусі існуюць курорты рэсп. і мясц. значэння: Бабруйск, Белае Возера, Белы Бераг, Горваль, Ждановічы, Лётцы, Нарач, Рагачоў, Ушачы, Чонкі (пра кожны гл. адпаведны арт.).

Я.​В.​Малашэвіч.

Да арт. Бальнеалагічныя курорты. Мінеральныя крыніцы Карлсбада (сучасны г. Карлавы Вары, Чэхія). 17 ст.
Да арт. Бальнеалагічныя курорты. Водалячэбніца ў Пяцігорску. 1820-я г.

т. 2, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)