А́НХЕЛЬ (Ángel),

Чурун-Мерун (Churún-Merún), вадаспад у Венесуэле, у вярхоўях р. Чурун (сістэма р. Карані), на Гвіянскім пласкагор’і. Самы высокі ў свеце: выш. падзення вады 1054 м (свабоднае падзенне 979 м). Адкрыты ў 1935 венесуэльскім лётчыкам Д.Анхелем.

Вадаспад Анхель.

т. 1, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІФАРНІ́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў (ісп. Golfo de Califomia),

заліў Ціхага ак. каля зах. берагоў Паўн. Амерыкі. Пл. 180 тыс. км². Даўж. 1240 км, шыр. да 220 км, глыб. да 3292 м. Адасоблены п-вам Каліфорнія. Шмат астравоў, найбольшыя — Тыбурон, Анхель-дэ-ла-Гуарда. Упадае р. Каларада. Паводле гідралагічнага рэжыму — мора. Т-ра вады зімой 15—21 °C, летам да 28 °C. Салёнасць да 35,5%о. Прылівы няправільныя, паўсутачныя (да 2,9 м). Рыбалоўства (тунец, камбала, скумбрыя і інш.). Порт — Гуаймас (Мексіка).

т. 7, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТУ́РЫЯС ((Asturias) Мігель Анхель) (19.10.1899, г. Гватэмала — 9.6.1974),

гватэмальскі пісьменнік. У 1925—33 і з 1954 у эміграцыі. У 1945—70 на дыпламат. рабоце. Аўтар кн. «Легенды Гватэмалы» (1930), раманаў «Сеньёр Прэзідэнт» (1946, пра лац.-амер. дыктатуру), «Маісавыя людзі» (1949, сутыкненне гарманічнага свету індзейцаў з чужым светам паўн.-амер. цывілізацыі). У трылогіі «Моцны вецер» (1950), «Зялёны Тата» (1954), «Вочы пахаваных» (1960) панарама жыцця Гватэмалы 20 ст. Аўтар раманаў «Мулатка як мулатка» (1968), «Перадвелікодная пятніца» (1972), зб. апавяд. «Уік-энд у Гватэмале» (1956), кн. легендаў «Люстэрка Ліды Саль» (1967) і інш. Нобелеўская прэмія 1967.

Тв.:

El espejo de Zida sal y otros relatos. La Habana, 1988;

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—2. М., 1988;

Маисовые люди;

Ураган. М., 1985.

М.А.Астурыяс.

т. 2, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАСПА́Д,

падзенне вады ў рацэ з аднаго або некалькіх уступаў. Характэрны адрыў воднага патоку ад рэчышча. Уступы ўзнікаюць у месцах, дзе рака перасякае сучляненне ўстойлівых і падатлівых да размыву горных парод. Сіла падаючай вады павольна разбурае ўступ, асабліва каля падэшвы, ён абрушваецца, і вадаспад пастаянна адступае ўверх па цячэнні. Найб. вядомы Ніягарскі вадаспад у Паўн. Амерыцы штогод адступае на 0,7—0,9 м. Пры значным разбурэнні ўступу на месцы вадаспадаў могуць утварыцца парогі. Вадаспады найчасцей трапляюцца на горных рэках, але бываюць і на раўнінных. Самы высокі ў свеце вадаспад Анхель на р. Чурун у Паўд. Амерыцы (1054 м), самы шырокі — Вікторыя на р. Замбезі (шыр. 1800 м, выш. 120 м), найб. каскад вадаспадаў на р. Тугела (933 м) у Афрыцы. Вадаспады перашкаджаюць суднаходству і сплаву лесу. Выкарыстоўваюцца для буд-ва ГЭС (напр., вадаспад Ківач на р. Суна ў Карэліі). Штучныя вадаспады ствараюцца плацінамі і інш. гідратэхн. збудаваннямі.

т. 3, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІЯ́НСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е,

пласкагор’е на ПнУ Паўд. Амерыкі, на Пн ад Амазонскай нізіны, на тэр. Венесуэлы, Бразіліі, Гаяны, Сурынама і Франц. Гвіяны. Працягласць з ПнЗ на ПдУ каля 2000 км. Выш. да 3014 м (г. Нябліна). Гвіянскае пласкагор’е з’яўляецца шчытом Паўд.-Амерыканскай платформы. Складзена з крышт. сланцаў, гнейсаў, гранітаў, месцамі перакрытых пясчанікамі і кангламератамі. Радовішчы жал. і марганцавых руд, урану, золата, алмазаў, баксітаў. У рэльефе пераважаюць цокальныя дэнудацыйныя пакатахвалістыя раўніны выш. 150—400 м з асобнымі астраўнымі вяршынямі. Больш горны рэльеф у цэнтр. ч., дзе сталовыя пясчанікавыя плато (Сера-Імеры, Сера-Парыма і інш.) са стромкімі схіламі з’яўляюцца акумулятарамі вільгаці (нараджаюцца шматлікія рэкі, якія належаць да рачных сетак Амазонкі і Арынока). У межах Гвіянскага пласкагор’я — самы высокі на Зямлі вадаспад Анхель. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра 27—28 °C; ападкаў за год ад 1200—1700 мм у цэнтры да 3500 мм на З і У. На З і У вільготныя лясы на чырвона-жоўтых латэрытных глебах, у цэнтры пераважна лістападна-вечназялёныя лясы на чырвоных глебах з участкамі саваннаў, на пясчанікавых плато камяністыя пустыні. Жывёльны свет вельмі багаты; шыраканосыя малпы, ляніўцы, мураўеды, браняносцы, тапіры, пекары, апосумы, ягуары. Шмат птушак, паўзуноў, насякомых. Здабыча карысных выкапняў.

М.В.Лаўрыновіч.

т. 5, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)