Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
АНУ́ФРЫЕЎСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у канцы 14—19 ст. каля в. Сялец Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. Заснаваны як праваслаўны мсціслаўскім князем Лугвенам-Сімяонам, сынам вял.кн.ВКЛ Альгерда (паводле некат. звестак Юрыем, сынам Лугвена). У 1635 кароль Уладзіслаў IV перадаў манастыр грэка-каталіцкай царкве, яго настаяцелем быў архіепіскап смаленскі і северскі. Да 1809 манастыру належаў і фальварак. Усе манастырскія будынкі былі драўляныя, у апошняй трэці 18 ст. пабудаваны мураваныя царква св. Ануфрыя і жылы корпус. Б-ка Ануфрыеўскага манастыра мела 302 кнігі, у т. л. рукапісныя. Манастыр зачынены пасля скасавання Брэсцкай уніі (1839). Захавалася царква — помнік архітэктуры барока. Мураваны 1-нефавы храм з паўцыркульнай апсідай і высокай 5-яруснай чацверыковай вежай-званіцай. Цяпер прыходскі праваслаўны храм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ГВЕН, Лугвень, Лінгвен,
Лангвен (у праваслаўі Сямён; каля 1355—1431),
князь, сын Альгерда. Разам з інш. князямі падпісаў Крэўскую унію 1385. У 1389—92 і 1407—12 князь у Вял. Ноўгарадзе, з 1392 валодаў Мсціслаўскім княствам. Удзельнічаў у войнах ВКЛ з рус. княствамі, у Мсціслаўскай бітве 1386 з вял. князем смаленскім Святаславам, захапіў Вязьму, Смаленск, Варатынск. На чале мсціслаўскай, аршанскай і смаленскай харугваў вызначыўся ў Грунвальдскай бітве 1410. У 1430—31 у барацьбе Свідрыгайлы з Жыгімонтам Кейстутавічам за трон падтрымліваў першага. Заснаваў каля Мсціслава Ануфрыеўскі манастыр. Родапачынальнік князёў Мсціслаўскіх.