АНТЭ́НУЛЫ,

першая пара рухомых членістых прыдаткаў галавы ў ракападобных. Зыходна простыя, у некаторых вышэйшых другасна разгалінаваныя на 2—3. Звычайна з’яўляюцца органамі дотыку і хемарэцэпцыі; у некаторых ніжэйшых ракаў ператвораны ў прыстасаванні для плавання (весланогія) або прымацавання да субстрату (вусаногія).

т. 1, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

антэ́нулы

(ад лац. antenna = мачта)

першая пара галаўных прыдаткаў у ракападобных.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

антэ́нула

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. антэ́нула антэ́нулы
Р. антэ́нулы антэ́нул
Д. антэ́нуле антэ́нулам
В. антэ́нулу антэ́нулы
Т. антэ́нулай
антэ́нулаю
антэ́нуламі
М. антэ́нуле антэ́нулах

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

НА́ЎПЛІУСЫ (ад грэч. nauplios жывёла з панцырам),

планктонныя лічынкі розных ракападобных. Цела не сегментаванае; прыдаткаў 3 пары: спераду рота аднагалінастыя адчувальныя антэнулы, ззаду — двухгалінастыя антэны і жвалы жавалы* (мандзібулы), якія выкарыстоўваюцца пры плаванні. Маюць няпарнае (наўпліяльнае) вока. Паміж жваламі жаваламі* і анальнай адтулінай знаходзіцца зона росту, у якой па меры развіцця ўзнікаюць т.зв. постнаўпліяльныя сегменты з канечнасцямі.

Наўпліусы: 1 — прэснаводнага рачка цыклопа; 2 — дзесяціногага рака трахіпенеуса.

т. 11, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІНАСТАВУ́СЫЯ (Cladocera),

падатрад ракападобных атр. лістаногіх. 65 родаў, каля 380 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тоўшчы вады прэсных вадаёмаў. На Беларусі больш як 40 відаў, найб. вядомыя дафніі, басміны, лептадоры, маіны.

Даўж. 0,2—10 мм. Тулава ў большасці ўкрыта паўпразрыстай двухстворкавай ракавінай. Галава выцягнута ў дзюбу. Асн. органы перамяшчэння — 4—7 пар ног і другая пара доўгіх галінастых вусікаў (антэн); антэнулы невялікія. Вочы фасетачныя. Грудныя ногі ў большасці ўтвараюць фільтрацыйны апарат. Кормяцца дэтрытам, бактэрыямі і аднаклетачнымі водарасцямі, ёсць драпежныя формы. Характэрная змена палавога і аднаполага (партэнагенез) размнажэння. Галінаставусымі кормяцца рыбы. Індыкатары забруджвання вады: большасць жыве ў чыстых вадаёмах.

т. 4, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКАПАДО́БНЫЯ, ракі (Crustacea),

клас (падклас) беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з кембрыю (больш за 500 млн. г. назад). 5 (паводле інш. класіфікацый да 9) падкл.: ракушкавыя, жабраногія (Branchiopoda), максілаподы (Maxillopoda), цэфалакарыды (Cephalocarida), вышэйшыя ракі (Malacostraca); каля 30 тыс. відаў. Пашыраны ва ўсіх марскіх і прэсных вадаёмах. Жывуць у тоўшчы вады і на дне вадаёмаў, некат. на сушы (макрыцы, некат. трапічныя крабы). На Беларусі каля 100 відаў з атр. галінаставусых, дзесяціногіх ракападобных, карпаедаў, раўнаногіх, жабраногаў, разнаногіх, ракавінкавых. Бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя, рак шыракапальцы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. ад долей міліметра да 80 см, маса да 15 кг і больш. Цела сегментаванае, мае 3 аддзелы: галаву, грудзі і брушка, укрыта кутыкулай. На галаве 2 пары вусікаў (антэнулы і антэны), верхнія сківіцы (мандзібулы) і 2 пары ніжніх сківіц (максілулы і максілы). Органы зроку — фасетачныя вочы, часам няпарнае вока. Органы раўнавагі — статацысты. Нерв. сістэма складаецца з брушнога нерв. ланцужка. Крывяносная сістэма незамкнёная. Дыхаюць жабрамі або ўсёй паверхняй цела. Пераважна ўсёедныя. Большасць Р. раздзельнаполыя, ёсць гермафрадыты, некат. уласцівы партэнагенез. Развіццё пераважна з ператварэннем. Лічынка — наўпліус. Многія Р. (бакаплавы, весланогія рачкі, цыклопы, эўфаўзіевыя. мізіды. галінаставусыя, кумавыя і інш.) — корм для рыб, вадаплаўных птушак, водных млекакормячых. Некат. Р. — паразіты або прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. Многія (пераважна планктонныя формы) — біял. меліяратары. Амары, крабы, крэветкі, лангусты, рачныя ракі і інш. — аб’екты промыслу і развядзення. Гл. таксама Артэмія, Вадзяны вослік, Вусаногія, Дафніі, Коранегаловыя, Лістаногія, Шчытні.

Літ.:

Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;

Жизнь животных. Т. 2. 2 изд. М., 1988;

Шарова И.Х. Зоология беспозвоночных. М., 1999.

Ю.​Р.​Гігіняк.

Ракападобныя: 1 — калянус; 2 — капілія; 3 — марскі таракан мезідатэя; 4 — анандалеум японскі; 5 — вослік вадзяны; 6 — рак вузкапальцы; 7 — рак-шчаўкун альфеус; 8 — басміна даўгаротая; 9 — лептадора драпежная.

т. 13, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)