Ам’ен (г.) 1/295—296

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АМ’Е́Н (Amiens),

горад на Пн Францыі, адм. ц. дэпартамента Сома і гал. горад гіст. вобласці Пікардыя. Прыстань на р. Сома. 154 тыс. ж. з прыгарадамі (1990). Маш.-буд., металургічная, хім., лёгкая і харч. прам-сць.

У старажытнасці Ам’ен — цэнтр гальскага племені амбіянаў, у сярэднія вякі — аднайм. графства. У 1435—77 у складзе Пікардыі ўваходзіў у Бургундскую дзяржаву. Тут заключаны Ам’енскі мірны дагавор 1802. Каля Ам’ена адбыліся буйныя ваен. аперацыі ў час франка-прускай 1870—71 і 1-й сусв. войнаў (гл. Ам’енская аперацыя 1918). Моцна разбураны ў часы 1-й і 2-й сусв. войнаў. Пры аднаўленні (1944—54, па планах арх. П.​Дзюфо) захавана сярэдневяковае аблічча гіст. цэнтра. Вядомы арх. помнікамі: руіны познаант. сцен, амфітэатра і тэрмаў, гатычны Ам’енскі сабор, цэрквы Сен-Жэрмен (15 ст.), Сен-Ло (16 ст.), Сен-Рэмі (17 ст., рэканструявана ў канцы 19 ст.), Сен-Жак (1838), гадзіннікавая вежа (15—18 ст.), цытадэль (1589), рэнесансавыя атэлі, ратуша (17 ст., перабудавана ў 19 ст.), прэфектура (б. будынак інтэнданцтва, 1761), тэатр (1779—83). Музей Пікардыі (засн. ў 1854).

т. 1, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛА́МБР ((Delambre) Жан Батыст Жазеф) (19.9.1749, г. Ам’ен, Францыя — 19.8.1822),

французскі астраном, геадэзіст і метролаг. Чл. Франц. (1791) і Пецярбургскай (1810) АН. У 1792—97 прымаў удзел у градусных вымярэннях дугі мерыдыяна ад г. Дзюнкерк (Францыя) да г. Барселона (Іспанія), што стала падставай для ўвядзення метрычнай сістэмы мер. Вылічыў табліцы бачных рухаў Сонца, вял. планет і спадарожнікаў Юпітэра. Аўтар працы па гісторыі астраноміі.

т. 6, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКЛО́ ((Laclos) П’ер Амбруаз Франсуа Шадэрло дэ) (Choderlos de; 18.10. 1741, г. Ам’ен, Францыя — 5.9.1803),

французскі пісьменнік. Вядомасць Л. прынёс адзіны раман у пісьмах «Небяспечныя сувязі» (т. 1—4, 1782), у якім адлюстравана разлажэнне арыстакратычнага грамадства напярэдадні франц. рэвалюцыі канца 18 ст. Твор — адна са значных з’яў л-ры позняга ракако; вылучаецца тонкім псіхалагізмам, пераканаўчасцю вобразаў, удалай кампазіцыяй, адмысловым густам. Аўтар публіцыстычных і гіст. прац, пед. трактатаў.

Тв.:

Рус. пер. — Опасные связи. М.; Л., 1965.

А.​В.​Хадановіч.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІКАРДЫ́Я (Picardie),

гістарычная вобласць на Пн Францыі, каля берагоў Ла-Манша. Уключае дэпартаменты Эна, Сома, Уаза. Пл. 19,6 тыс. км². Нас. каля 2 млн. чал. (2000). Гал. горад — Ам’ен. Рэльеф раўнінны. Клімат умераны (ападкаў 600—800 мм за год). Натуральная расліннасць — дубовыя і букавыя лясы. Прам-сць: маш.-буд. і металаапр., хім., гумавая, тэкст., харч., асабліва цукровая. Інтэнсіўная сельская гаспадарка. Асн. культуры — пшаніца і цукр. буракі. Агародніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і авечак. Транспарт чыг. і аўтамабільны.

У старажытнасці тэр. П. насялялі кельцкія плямёны. У сярэдзіне 1 ст. да н.э. заваявана рымлянамі, у 5 ст. н.э. — франкамі і ўвайшла ў склад франкскага каралеўства. У 9—12 ст. распалася на некалькі графстваў, якія трапілі ў васальную залежнасць ад Фландрыі. У 12 ст. гарады П. (Нуаён, Сен-Кантэн, Ам’ен, Бове, Абвіль і інш.) — буйныя цэнтры сукнаробства. У канцы 12 ст. П. ў складзе дамена франц. караля. Яе насельніцтва ўдзельнічала ў сял. паўстаннях «пастушкоў» (1251) і Жакерыі (1358). У Стогадовую вайну 1337—1453 моцна пацярпела ад нападаў англічан. З 1435 у складзе Бургундскага герцагства. У 1477 Людовік XI зноў далучыў П. да каралеўскага дамена. З 16 ст. правінцыя Францыі, у 16—17 ст. арэна ваен. сутыкненняў паміж Францыяй і Іспаніяй (1557, 1595, 1636). Пасля падзелу тэр. Францыі на дэпартаменты (1790) прав. П. перастала існаваць.

т. 12, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШЭ́ЛЬ (Acheul),

археалагічная культура ніжняга палеаліту ў Еўропе, Афрыцы і Азіі. Назва ад мясцовасці Сент-Ашэль каля г. Ам’ен (Пн Францыі), дзе знойдзены прылады часу рыскага зледзянення. У Еўропе вылучаюцца 3 эпохі Ашэля — стараж.-ашэльская (абэвіль, шэль), каля 900—400 тыс. г. назад, сярэдне- і познаашэльская (каля 400—100 тыс. г. назад). Людзі Ашэля (пітэкантрапы, сінантрапы і інш.) жылі ў пячорах, пад адкрытым небам, карысталіся агнём, займаліся паляваннем і збіральніцтвам. У прац. дзейнасці выкарыстоўвалі ручныя рубілы, масіўныя адшчэпы і інш. каменныя прылады.

Да арт. Ашэль. Рубілы са стаянкі Сент-Ашэль.

т. 2, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМ’Е́НСКІ САБО́Р, сабор Нотр-Дам,

помнік гатычнай архітэктуры; адзін з буйнейшых гатычных сабораў у Еўропе. Пабудаваны ў г. Ам’ен (Францыя) у 1220—88 паводле плана Рабера з Люзарша пры ўдзеле Тома і Рэно з Кармона. 3-нефавая базіліка з 3-нефавым трансептам, з 3 галерэямі і 2 вежамі. Даўж. гал. нефа 143 м, выш. 42,5 м. Бакавыя капэлы дабудоўваліся ў 1292—1376, драўляны шпіль над сяродкрыжжам — пасля 1528. Гатычная скульптура парталаў — 13—14 ст., у т. л. знакамітыя статуі «Міласцівы Бог» і «Залатая Багародзіца». У інтэр’еры скульптура 13—17 ст., вітражы 13—14 ст.

Ам’енскі сабор. Заходні фасад.

т. 1, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРМІЁН ((Marmion) Сімон) (каля 1420—25, г. Ам’ен, Францыя — 24.12. 1489),

французскі жывапісец і мініяцюрыст. Зазнаў уплыў паўд.-нідэрл. жывапісу 15 ст. Яго мініяцюры, стылістычна блізкія да станковага жывапісу, вызначаліся вытанчанасцю стылю, гарманічным каларытам, дэталізаванай кампазіцыяй, жыццёвай канкрэтнасцю і элегантнасцю партрэтных характарыстык, тонкасцю пейзажных фонаў: мініяцюры, якія захоўваюцца ў Каралеўскай б-цы ў Бруселі, «Вялікай хронікі Сен-Дэні», «Вялікіх французскіх хронік» (каля 1454—58). М. прыпісваюць аўтарства жывапісных рэліг. кампазіцый для алтара з абацтва св. Бертэна ў Сент-Амеры: 2 пано «Сцэны з жыцця св. Бертэна» і 2 пано «Анёлы» (завершаны ў 1459).

т. 10, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМ’Е́НСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1802.

Падпісаны паміж Францыяй і яе саюзнікамі (Іспаніяй і Батаўскай рэспублікай) з аднаго боку і Англіяй — з другога 27.3.1802 у г. Ам’ен (Францыя). Завяршыў распад 2-й антыфранц. кааліцыі. Паводле яго Англія абавязвалася вярнуць Францыі і яе саюзнікам захопленыя ў іх калоніі (акрамя а-воў Цэйлон і Трынідад) і ачысціць ад сваіх войскаў в-аў Мальта, Францыя — вывесці войскі з Рыма, Неапаля і в-ва Эльба. Егіпет быў вернуты Турцыі. 13.5.1802 да дагавора далучылася Турцыя. Ам’енскі мірны дагавор стаў кароткай перадышкай у англа-франц. барацьбе за сусв. панаванне. Разарваны з прычыны адмовы Англіі вызваліць в-аў Мальта. 22.5.1803 ваенныя дзеянні аднавіліся.

т. 1, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУАЦЮ́Р ((Voiture) Венсан) (24.2.1598, г. Ам’ен, Францыя — 25.5.1648),

французскі паэт; прадстаўнік барочнай прэцыёзнай літаратуры. Чл. Французскай акадэміі (1635). Сын гандляра віном, які атрымаў доступ у арыстакратычны салон маркізы Рамбуйе і надоўга стаў заканадаўцам самага вытанчанага густу і паэтычнай дасціпнасці. Яго санеты, стансы, пасланні, песні, рандо вызначаліся адмысловасцю формы і друкаваліся ў калектыўных зб-ках «Збор розных рандо» (1639), «Гэтага часу добрых вершаў новы збор» (1640). У 1650 выйшаў збор твораў Вуацюра, які ўключаў і лісты паэта, прызначаныя для публічнага чытання. Культываваў формы трыялета, рандэля, рандо, што паўплывала на франц. паэзію канца 19 ст., а праз яе — на еўрапейскую, у т. л. на М.​Багдановіча.

Тв.:

Рус. пер. — [Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977;

[Стихи] // Колесо фортуны: Из европейской поэзии XVII в. М., 1989.

Г.​В.​Сініла.

т. 4, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)