Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́НСКІ ((Komenský) Ян Амос) (28.3.1592, г. Ніўніцы, Чэхія — 15.11.1670),
чэшскі мысліцель-гуманіст, педагог, грамадскі дзеяч. Першапач. адукацыю атрымаў у брацкай школе, у 1608—10 вучыўся ў лац. школе, затым у Гербарнскай акадэміі і Гайдэльбергскім ун-це (1611—14). У 1614—20 выкладаў і быў прапаведнікам у Пршэраве, потым у Фульнеку (Маравія). Адзін з лідэраў пратэстанцкай абшчыны «Чэшскія браты». З-за рэліг. ганенняў разам з абшчынай у 1628 пакінуў радзіму і больш за 40 гадоў жыў у розных краінах Еўропы (Швецыя, Венгрыя, Галандыя; больш за 14 гадоў у г. Лешна, Польшча). Займаўся пед., рэліг. і грамадскай дзейнасцю. Філас. погляды К. склаліся пад уплывам ідэй Арыстоцеля, Платона, Ф.Бэкана, Х.Л.Вівеса. Сваю дзейнасць прысвяціў праблемам адукацыі і выхавання, выпраўлення грамадства ў мэтах узаемаразумення і супрацоўніцтва паміж народамі для «дасягнення лепшага жыцця ва ўсім свеце». Напісаў больш за 130 твораў, у т. л. «Адчыненыя дзверы моў і ўсіх навук» (1631), «Матчына школа» (1633), «Вялікая дыдактыка» (1657), «Свет пачуццёвых рэчаў у малюнках» (1658). Распрацаваў прынцыпова новую пед. сістэму, заснаваную на дэмакратызме і гуманізме, гарманічным спалучэнні агульначалавечых і нац. пачаткаў, якая і сёння ляжыць у аснове пед. навукі. Упершыню тэарэтычна абгрунтаваў ідэю ўсеагульнай універсальнай адукацыі і выхавання на аснове раўнапраўя, класна-ўрочнай сістэмы навучання, якая надоўга выцесніла індывідуальнае навучанне. Заснавальнік дыдактыкі, якую разумеў як тэорыю навучання, адукацыі і выхавання. Асн. дыдактычнымі прынцыпамі навучання лічыў нагляднасць (называў «залатым правілам дыдактыкі»), свядомасць, пасільнасць, паслядоўнасць навучання і трываласць ведаў. Асн. патрабаванні да навучання — ранні пачатак навучання. адпаведнасць вучэбнага матэрыялу ўзросту дзіцяці. Лепшымі мерамі выхавання лічыў перакананне, павагу да асобы вучня. Распрацаваў паняцці мэт, зместу і метадаў выхавання. Мэту выхавання бачыў не толькі ў набыцці ведаў, але і ў сістэме маральных якасцей, найб. важнымі з якіх лічыў справядлівасць, мужнасць, памяркоўнасць. Вылучыў 3 састаўныя часткі выхавання — навук. адукацыю, маральнае і рэліг. выхаванне. Адукацыя, на яго думку, павінна дапамагаць чалавеку правільна арыентавацца ў свеце ў пошуках сэнсу жыцця. Паводле К., чалавек — дзіця прыроды, таму ўсе пед. сродкі павінны быць прыродазгоднымі. У адпаведнасці з ідэяй прыродазгоднасці выхавання стварыў адзіную сістэму адукацыі, якая складалася з 4 шасцігадовых перыядаў ад дашкольнага выхавання да вышэйшай адукацыі; матчына школа (да 6 гадоў у сям’і); элементарная школа роднай мовы (ад 6 да 12 гадоў); лац. школа або гімназія (з 12 да 18 гадоў); вышэйшая школа — акадэмія (з 18 да 24 гадоў). Ідэі К. ў поўным аб’ёме былі запатрабаваны ў перыяд бурнага развіцця навукі (канец 18—19 ст.), зрабілі вял. ўплыў на станаўленне асветы і пед. думкі ва ўсім свеце, у т. л. на Беларусі.
Літ.:
Лордкипанидзе Д.О. Ян Амос Коменский, 1592—1670. 2 изд. М., 1970;
Кратохвил М.В. Жизнь Яна Амоса Коменского: Пер. с чеш. М., 1991;
Митюров Б.Н. Ян Амос Коменский и Белоруссия // Адукацыя і выхаванне. 1996. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАРО́КІ БІБЛЕ́ЙСКІЯ,
рэлігійна-палітычныя прапаведнікі ў стараж.-яўр.Ізраільскім царстве і Іудзейскім царстве ў 8—4 ст. да н.э. Ужо ў 2-м тыс. да н.э. лічылася, што П.б. надзелены дарам успрымаць божыя пасланні і паведамляць іх людзям, што яны як пасрэднікі паміж богам і людзьмі могуць прадказваць ад імя бога будучыню, у т. л. засухі, голад, рэліг. і паліт. падзеі, чалавечыя лёсы. З 8 ст. да н.э. прарокі становяцца таксама паліт. прамоўцамі і прапаведнікамі. Яны выкрывалі людскія заганы (сквапнасць, распусту, імкненне да раскошы), выступалі супраць войнаў, прыгнёту, абеззямельвання сялян, прадказвалі перамогу сац. справядлівасці ў будучым, калі «людзі перакуюць мячы на аралы» (Ісая). Іх рэліг.-паліт. прамовы, пропаведзі і аракулы (прароцтвы) напачатку перадаваліся вусна, потым іх запісвалі і збіралі ў зборнікі, якія паступова аб’ядноўваліся ў асобныя кнігі прарокаў у Бібліі, канчаткова адрэдагаваныя ў час праўлення Ахеменідаў (6—5 ст. да н.э.). Жыццё і дзейнасць П.б. ахутваліся шматлікімі міфамі і легендамі аб здзейсненых імі цудах. Найб. вядомыя П.б.: Ілія і яго вучань Елісей (9 ст. да н.э.), Амос, Осія, Ісая, Міха (8 ст. да н.э.), Іерэмія, Сафонія, Навум, Авакум (7 ст. да н.э.), Іезекііль, Агей, Захарыя (6 ст. да н.э.). П.б. зрабілі вял. ўплыў на рэліг.-паліт. мысленне. Да іх ідэй звярталіся хрысц. ерэтычныя рухі сярэднявечча, ідэолагі сял. войнаў і інш.нар. рухаў, сацыялісты-утапісты.
Літ.:
Рижский М.И. Библейские пророки и библейские пророчества. М., 1987.