Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАГА́ДРА (Avogadro) Амедэо
(9.8.1776, г. Турын — 9.7.1856),
італьянскі фізік і хімік. Атрымаў юрыд. адукацыю, самастойна вывучаў хімію, фізіку і матэматыку. Чл.-кар. (1804), ардынарны акад. (1819) АН у Турыне. У 1820—22 і 1834—50 праф. фізікі Турынскага ун-та. Прапанаваў гіпотэзу (1811), паводле якой малекулы газаў складаюцца з аднаго або некалькіх атамаў (гэтая думка выказана на 70 гадоў раней М.В.Ламаносавым). Сфармуляваў адзін з асн. законаў ідэальных газаў (гл.Авагадра закон), прапанаваў метад вызначэння атамных і малекулярных масаў. Імем Авагадра наз.Авагадра пастаянная.