Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТЫ́ЧНЫЯ ПАЯСЫ́ (ЗО́НЫ),
буйныя, дастаткова аднародныя ў кліматычных адносінах вобласці зямнога шара, якія маюць характар шыротных або субшыротных суцэльных ці перарывістых палос. Іх вылучэнне заснавана на заканамернасцях узрастання радыяцыйнага балансу і т-ры паветра ад полюсаў да экватара, на асаблівасцях увільгатнення ў розных шыротах і перавазе шыротнага і субшыротнага перамяшчэння паветраных мас у сістэме агульнай цыркуляцыі атмасферы. Вылучаюць экватарыяльны, субэкватарыяльны, па 2 (у Паўн. і Паўд. паўшар’ях) трапічныя, субтрапічныя, умераныя паясы; у высокіх шыротах — субарктычны (субантарктычны) і арктычны (антарктычны) К.п.(з.) У генет. класіфікацыі кліматаў рас. кліматолага Б.П.Алісава паясы разглядаюцца як найбольшыя адзінкі кліматычнага раянавання. Шыротныя паясы часам наз. кліматычнымі зонамі, кліматычныя паясы звязваюць са зменамі клімату па вертыкалі ў горных краінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТАГРА́ФІЯ (ад клімат + ...графія),
раздзел кліматалогіі, які вывучае тыпы кліматаў і іх пашырэнне на зямным шары. Вывучае геагр. заканамернасці размеркавання розных тыпаў клімату і яго асобных элементаў на розных узроўнях, стварае яго комплексную характарыстыку, выяўляе прычынныя сувязі і ўмовы фарміравання, вызначае межы аднародных клімат. умоў. Дае найб. поўныя колькасныя характарыстыкі і вызначае рэсурсы клімату, якія адпавядаюць практычным запатрабаванням гасп. дзейнасці. Асн. задачы К. — класіфікацыя кліматаў, распрацоўка іх крытэрыяў і метадаў. Найб. пашыраны класіфікацыі рас. вучоных Б.П.Алісава (паводле асаблівасцей цыркуляцыі атмасферы), Л.С.Берга (паводле характару геагр. ландшафтаў, якія абумоўліваюцца кліматам), ням. вучоных У.П.Кепена (паводле геагр. размеркаванняў т-р паветра і сум атм. ападкаў), А.Пенка (па суадносінах паміж ападкамі і выпарэннем, якія абумоўліваюць характар многіх рэльефаўтваральных працэсаў).