ДЗІ́ЛЬСА—А́ЛЬДЭРА РЭА́КЦЫЯ,

гл. Дыенавы сінтэз.

т. 6, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬДЭР ((Alder) Курт) (10.7.1902, г. Хожаў, Польшча — 20.6.1958),

нямецкі хімік-арганік. Скончыў Кільскі ун-т (1926). У 1936—40 навук. кіраўнік аддзела канцэрна «І.​Г.​Фарбэніндустры» ў Леверкузене, з 1940 дырэктар хім. ін-та Кёльнскага ун-та. Адкрыў у 1928 сумесна з О.Дзільсам прынцып і распрацаваў асновы дыенавага сінтэзу, даследаваў яго заканамернасці (правіла Альдэра) і стэрэахім. асаблівасці, выкарыстаў гэту рэакцыю для вывучэння хім. саставу рэчываў прыроднага паходжання (тэрпенаў, эргастэрыну і вітаміну D). Нобелеўская прэмія 1950 (разам з Дзільсам).

т. 1, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЕ́НАВЫ СІ́НТЭЗ, Дзільса—Альдэра рэакцыя,

рэакцыя 1,4-далучэння да злучэнняў са спалучанымі кратнымі сувязямі (дыенаў) рэчываў з актываванай кратнай сувяззю (дыенафілаў). Як агульная рэакцыя арган. хіміі Д.с. адкрыты О.Дзільсам і К.Альдэрам (1928).

У выніку Д.с. ўтвараюцца 6-членныя цыклы, напр., з бутадыену-1,3 (I) і малеінавага ангідрыту (II) атрымліваюць ангідрыд тэтрагідрафталевай к-ты (III). Звычайна дыенафіламі з’яўляюцца вытворныя алкенаў і алкінаў, кратная сувязь якіх актывавана суседняй электронаакцэптарнай групай (напр., =CO, −COOH, −NO2 і інш.), а таксама рэчывы, малекулы якіх маюць групы −C≡N, −N=N— =C=N−, =S=O і інш., дыенамі — ацыклічныя і цыклічныя 1,3-дыены (гл. Дыенавыя вуглевадароды), араматычныя злучэнні, гетэрацыклічныя злучэнні. Выкарыстоўваецца для сінтэзу поліцыклічных рэчываў, у т. л. стэроідаў.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 6, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)