Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)
алма́зны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да алмазу (у 1 знач.). Алмазныя россыпы. Алмазны бляск.// Зроблены з алмазу (алмазаў); упрыгожаны алмазам. Алмазныя каралі. Алмазная шпілька.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ро́ссып, -у, м.
1. Пра тое, што рассыпана ў вялікай колькасці (разм.).
Лес сплаўляюць россыпам (у рассыпаным, разрозненым стане).
2. звычайна мн. -ы, -аў. Радовішча карысных выкапняў, адкладанні, у складзе якіх маюцца крупінкі, крышталі карысных мінералаў.
Алмазныя россыпы.
Плацінавыя россыпы (таксама перан.: пра вялікую колькасць, мноства чаго-н. каштоўнага, добрага).
|| прым.ро́ссыпны, -ая, -ае (да 2 знач.; спец.).
Россыпныя радовішчы ізумрудаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
КЫМГАНСА́Н
(ад кар. кымган — алмаз + сан — гара),
Алмазныя горы, у паўночнай частцы Усх.-Карэйскіх гор, у КНДР. Даўж. каля 80 км. Выш. да 1638 м. Шэраг паралельных моцна расчлянёных ланцугоў. Каля 12 тыс. пікаў, іголак, слупоў і вежаў, лабірынтападобная сетка каньёнаў і вузкіх цяснін з рэкамі, сотні вадаспадаў. Складзены пераважна з гранітаў. Радовішчы руд вальфраму, малібдэну, нікелю, медзі, жалеза. На схілах дубовыя і мяшаныя лясы. Курорты. Турызм. Помнікі даўніны (25 будыйскіх манастыроў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАЧЭ́ННЕ,
працягванне металічных загатовак круглага ці фасоннага профілю (пруткоў, катанкі, трубаў) праз спец. прыстасаванне з адтулінай (фільерай) — валоку. Робіцца на валачыльных станах.
Валачэнне пластычных металаў вядуць без награвання, дроту з вальфраму ці малібдэну — з награваннем да т-ры рэкрышталізацыі, вырабаў з хуткарэзных сплаваў — да 600—850 °C. Загатоўкі дыяметрам больш за 0,3 мм працягваюць праз фільеры з цвёрдых сплаваў, больш тонкія — праз алмазныя. Валачэннем можна атрымаць дрот дыяметрам да 0,002 мм, пругкі да 100 мм, трубы любога профілю з таўшчынёй сценкі да 0,1 мм. Валачэнне выкарыстоўваецца таксама для каліброўкі і паляпшэння мех. уласцівасцей вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАВЫ́ ІНСТРУМЕ́НТ,
інструмент для бурэння шпураў, свідравін і ліквідацыі аварый у глыбокіх свідравінах. Бывае тэхнал. (напр., буравыя долаты, каронкі, штангі, разцы), дапаможны (ключы, элеватары, клінавыя захваты), аварыйны (метчыкі, трубалоўкі, трубарэзкі), спец. (адхіляльнікі, стабілізатары).
Буравое долата выкарыстоўваецца пры ўдарным і вярчальным бурэнні свідравін. Асн. часткі: корпус і рабочая частка, па якой адрозніваюць шарошкавыя (з зубцамі), алмазныя і лопасцевыя долаты. Мае канал, па якім падаюць у забой паветра або прамывачную вадкасць. Каронка — асн. пародаразбуральны элемент буравога інструменту. Разбурэнне выконваецца лёзамі, арміраванымі цвёрдым сплавам, або штырамі са сферычнымі рабочымі паверхнямі. Каронка, вырабленая як адно цэлае з хваставіком для злучэння з буравой машынай, наз. бурам. Элеватар — каваны або літы стальны хамут для падхоплівання трубаў і штангаў пры іх апусканні ў час рамонту нафтавай свідравіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗЕРНАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,
сукупнасць тэхнал. прыёмаў і спосабаў апрацоўкі, змены ўласцівасцей, стану і формы матэрыялу або паўфабрыкату з дапамогай выпрамянення лазераў. Асн. аперацыі Л.т. звязаны з цеплавым дзеяннем лазернага выпрамянення (пераважна цвердацелых лазераў і газавых лазераў). Эфектыўнасць Л.т. абумоўлена высокай лакальнасцю і кароткачасовасцю ўздзеяння, вял. шчыльнасцю патоку энергіі ў зоне апрацоўкі, магчымасцю вядзення тэхнал. працэсаў у празрыстых асяроддзях (у вакууме, газе, вадкасці, цвёрдым целе). Выкарыстоўваецца ў мікраэлектроніцы і электравакуумнай тэхніцы, паліграфіі, машынабудаванні, у прам-сці буд. матэрыялаў для свідравання адтулін, рэзкі і скрайбіравання (нанясення малюнкаў на паверхню) плёнак і паўправадніковых пласцін, зваркі (гл.Лазерная зварка), загартоўкі, гравіроўкі, нарэзкі рэзістараў, рэтушы фоташаблонаў і інш.
Свідраванне адтулін звычайна робіцца імпульсным лазерам (працягласць імпульсу 0,1—1 мс) у любых матэрыялах (цвёрдых, крохкіх, тугаплаўкіх, радыеактыўных). Лазерам свідруюць алмазныя фільеры для валачэння дроту, стальныя і керамічныя фільеры для вытв-сці штучных валокнаў, рубінавыя камяні для гадзіннікаў, ферытавыя пласціны для запамінальных прыстасаванняў ЭВМ, дыяфрагмы электронна-прамянёвых прылад, керамічныя ізалятары, вырабы са звышцвёрдых сплаваў і інш.Лазерная рэзка вядзецца ў імпульсным і бесперапынным рэжыме, з падачай у зону рэзкі струменю газу (звычайна паветра або кіслароду). Выкарыстоўваецца для раздзялення дыэлектрычных і паўправадніковых падложак (таўшчынёй 0,3—1 мм), скрайбіравання паўправадніковых пласцін, рэзання крохкіх вырабаў са шкла, сіталу і пад. (метадам тэрмічнага расколвання) і інш.Фігурная апрацоўка паверхні — стварэнне мікрарэльефа на матэрыялах выпарэннем, тэрмаапрацоўкай, акісляльна-аднаўляльнымі і інш рэакцыямі, выкліканымі награваннем, тэрмастымуляванымі дыфузійнымі працэсамі. Выкарыстоўваецца ў мікраэлектроніцы, паліграфічнай прам-сці, пры апрацоўцы цвёрдых сплаваў, ювелірных камянёў і інш. У электроннай тэхніцы перспектыўныя кірункі Л.т.: паверхневы адпал паўправадніковых пласцін з мэтай узнаўлення структуры іх крышталічнай рашоткі пры іонным легіраванні, стварэнне актыўных структур на паверхні паўправаднікоў, атрыманне p-n-пераходаў метадам лакальнай дыфузіі з лазерным нагрэвам, нанясенне тонкіх метал. і дыэл. плёнак лазерным выпарэннем і інш. У фоталітаграфіі Л.т. выкарыстоўваюцца для вырабу звышмініяцюрных друкарскіх плат, інтэгральных схем, відарысаў і інш. элементаў мікраэлектроннай тэхнікі; у хім. і мікрабіял. вытв-сці — для селектыўнага стымулявання хім. і біял. актыўнасці малекул; у медыцыне — для лячэння скурных захворванняў, язваў страўніка, кішэчніка і інш. Магутныя (ад 1 кВт і вышэй) лазеры выкарыстоўваюцца для рэзкі і зваркі тоўстых стальных лістоў, паверхневай загартоўкі, наплаўлення і легіравання буйнагабарытных дэталей, ачысткі будынкаў ад паверхневых забруджванняў, рэзкі мармуру, граніту, раскрою тканіны, скуры і інш.
На Беларусі распрацоўкі па Л.т. вядуцца ў ін-тах Нац.АН (фізікі, малекулярнай і атамнай фізікі, фізіка-тэхнічным, прыкладной фізікі, фотабіялогіі і інш.), Ін-це прыкладных фіз. праблем БДУ, Гомельскім ун-це, у шэрагу галіновых НДІ.
Літ.:
Лазерная и электронно-лучевая обработка материалов. М., 1985;
Дьюли У. Лазерная технология и анализ материалов: Пер. с англ.М., 1986;
Промышленное применение лазеров: Пер. с англ.М., 1988.
В.В.Валяўка, В.К.Паўленка.
Да арт.Лазерная тэхналогія. А Схема лазернай рэзкі з тэлекантролем працэсу. 1 — дэталь, якая апрацоўваецца; 2 — прыстасаванне факусіроўкі лазернага праменя; 3 — лазер; 4 — замкнёная тэлевізійная сістэма; 5 — дысплей. Б. Схема станка з рубінавым лазерам для святлопрамянёвай апрацоўкі: 1 — імпульсная лямпа; 2 — кандэнсатар; 3 — паралельныя люстэркі; 4 — штучны рубін; 5 — лінза; 6 — выраб, які апрацоўваецца.