АЛА́Р ((Aulard) Франсуа Віктор Альфонс) (19.7.1849, Манброн, Францыя — 23.10.1928),
французскі гісторык. Замежны чл.-кар. Рас. АН (з 1924). Па адукацыі філолаг. Даследчык франц. рэвалюцыі 1789—94. У 1886—1922 узначальваў кафедру гісторыі Рэвалюцыі ў Сарбоне. У працы «Палітычная гісторыя Французскай рэвалюцыі. Паходжанне і развіццё дэмакратыі і рэспублікі» (1901) разглядаў ход рэвалюцыі з пазіцый ідэйнай барацьбы, лічыў перыяд Консульства працягам рэвалюцыі. З пач. 1900-х г. даследаваў праблемы эканам. і сац. гісторыі рэвалюцыі.
т. 1, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́СТРЫС ((Vestris) Агюст) (сапр. імя Мары Жан Агюстэн; 27.3.1760, Парыж — 5.12.1842),
французскі артыст балета, педагог. Сын і вучань танцоўшчыка і балетмайстра Г.Вестрыса і балерыны М.Алар. У 1772—1816 (з перапынкамі) у Каралеўскай акадэміі музыкі і танца ў Парыжы (з 1778 першы танцоўшчык). Выконваў розныя партыі ў балетах, пастаралях, балетных нумарах у операх, пастаўленых Ж.Ж.Наверам, П. і М.Гардэлямі, Г.Вестрысам і інш. Атрымаў у спадчыну ад бацькі тытул «бога танца». Сярод вучняў Вестрыса: Ш.Дзідло, Ж.Перо, А.Бурнанвіль; у яго займаліся М.Тальёні, К.Грызі, Ф.Эльслер.
т. 4, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)