АЛАЗЕ́Я,
рака на ПнУ Рэспублікі Саха (Якуція). Даўж. 1590 км, пл. бас. 64,7 тыс. км². Утвараецца ў сутоках рэк Нелькан і Кадылчан на Алазейскім пласкагор’і. Цячэ па Калымскай нізіне, упадае 2 пратокамі ва Усх.-Сібірскае мора. Найбольшы прыток Расоха (злева). Ледастаў з канца вер. — пач. кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. Сярэднегадавы расход у ніжнім цячэнні 300 м³/с. У бас. Алазеі больш за 24 тыс. азёраў.
т. 1, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАЗЕ́ЙСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е,
на ПнУ Сібіры, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у міжрэччы рэк Індыгірка, Калыма, Алазея і Ажогіна. Даўж. 300 км. Выш. да 954 м. Складзена пераважна з гнейсаў, перакрытых вулканагенна-асадкавымі і туфагеннымі адкладамі, перарванымі гранітамі. Характэрны ізаляваныя масівы і хрыбты з плоскімі вяршынямі. На схілах да выш. 450 м забалочаныя лістоўнічныя рэдкалессі, да 600 м зараснікі кедравага сланцу, вышэй — горная тундра.
т. 1, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)