Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЭРАЗО́Й (ад грэч. proteros больш ранні + zōē жыццё),

пратэразойская акратэма (акрон), верхняя частка геал. утварэнняў дакембрыю і адпаведны адрэзак часу (акрон) іх фарміравання. Залягаюць на ўтварэннях архею, перакрываюцца адкладамі фанеразою. Пачаўся каля 2,5 млрд. г. назад і закончыўся 570 млн. г. назад. Тэрмін «П.» прапанаваў амер. геолаг Э.​Эманс у 1888. Розныя краіны маюць свае стратыграфічныя схемы П.; у СССР з 1977 (цяпер і ў краінах СНД) падзяляюць П. на ніжні (карэлій) і верхні (рыфей і венд) з мяжой на ўзроўні 1650 ± 50 млн. г.

Да пачатку П. завяршылася кратанізацыя зямной кары. Скучванне яе глыб прывяло да ўтварэння гіганцкага адзінага кантынента Пангея-0 (гл. Пангея). На працягу карэлію развіваліся протагеасінкліналі, якія падзялілі Пангею-0 на вял. колькасць протаплатформ. У канцы карэлію (1,8—1,7 млрд. г. назад) протагеасінкліналі моцна спаялі протаплатформы складкавымі сістэмамі. Утварыўся суперкантынент Пангея-1, які ў познім рыфеі распаўся на суперкантыненты Гандвану і Лаўразію.

Пароды П. разам з архейскімі складаюць фундамент стараж. платформ і выходзяць на паверхню на шчытах (Украінскі, Балтыйскі, Алданскі і інш.) і ў сярэдзінных масівах. Паводле саставу, ступені метамарфізму і характару складкавасці пароды ніжняга П. падобныя на архейскія, пераважна адпавядаюць амфібалітавай і зялёнасланцавай фацыям метамарфізму, у меншай ступені праявіліся гранітызацыя і мігматызацыя; часцей трапляюцца карбанатныя пароды, розныя гнейсы і сланцы. Пароды ніжняга П. прарваны інтрузіямі гранітаў і габроідаў. Для завяршальнага этапу магматызму ў П. на Балтыйскім шчыце і ў фундаменце Рускай пліты характэрны граніты рапаківі, прымеркаваныя да мяжы карэлію і рыфею. Пароды верхняга П. больш блізкія да палеазойскіх і прадстаўлены неметамарфізаванымі і слабаметамарфізаванымі тэрыгеннымі (пясчанікі, кварцыты, кангламераты, гліны, аргіліты), карбанатнымі (вапнякі, мармур) і вулканагеннымі адкладамі. У асадкавых пародах П. пашыраны (пераважна ў верхнім П.) арган. рэшткі — прадукты жыццядзейнасці бактэрый, цыянабактэрый і сіне-зялёных водарасцей (страматаліты, анкаліты, фіталіты). У познім рыфеі прысутнічаюць рэшткі мікрафлоры, у вендзе — мнагаклетачных бесшкілетных жывёлін — чарвей, медузоідаў і інш., што сведчыць пра павелічэнне ў марской вадзе долі свабоднага кіслароду. З адкладамі П. звязаны радовішчы жалеза, марганцу, медзі, нікелю, хрому. кобальту, тытану, урану і інш.

На Беларусі ў крышт. фундаменце адклады П. прадстаўлены гнейсамі, амфібалітамі і сланцамі аколаўскай серыі ў цэнтры краіны (Аколаўская грабен-сінкліналь) і сланцамі і вулканітамі жыткавіцкай серыі ў межах Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу, іх прарываюць гранітоіды жухавіцкага, бабаўнянскага. жыткавіцкага, а таксама габроіды і дыябазы русінаўскага, нагорнаўскага комплексаў і інш. У аколаўскай серыі выяўлена некалькі калчаданных, жалезных (гл. Аколаўскае радовішча жалезных рудаў) рудапраяўленняў. З пародамі, што перасякаюць жыткавіцкую серыю, звязаны руды рэдкіх металаў.

Літ.:

Семихатов М.А. Стратиграфия и геохронология протерозоя. М., 1974.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 13, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕ́Й (ад грэч. archaios старажытны),

архейская эра і група архейская акратэма (акрон), самая стараж. эра ў геал. гісторыі Зямлі і адпаведная група парод дакембрыю. Пачалася пасля завяршэння фарміравання Зямлі і доўжылася да 2,5 млрд. гадоў назад (працягласць каля 2 млрд. гадоў). Назву ўвёў амер. геолаг Дж.​Дана ў 1872. У археі ўтварылася складана пабудаваная і перапрацаваная магматычнымі і метамарфічнымі працэсамі тоўшча горных парод, сабраная ў складкі і перарваная інтрузіямі. Пароды архея ўваходзяць у склад крышт. фундамента старадаўніх платформаў, выходзяць на паверхню Зямлі на іх шчытах (Балтыйскі шчыт, Украінскі шчыт, Канадскі, Бразільскі і інш.) і ў сярэдзінных масівах геасінклінальных паясоў. Сярод метамарфічных парод архея пашыраны гнейсы, крышт. сланцы, амфібаліты, кварцыты, у т. л. жалезістыя, мармуры і слабаметамарфізаваныя зялёнасланцавыя пароды; сярод магматычных — граніты, гранадыярыты, дыярыты, габра, таматыіты і інш. У пародах архея трапляюцца рэшткі аднаклетачных водарасцяў (узрост каля 3 млрд. гадоў). Тыповымі рэгіянальнымі стратыграфічнымі падраздзяленнямі архея для Усходне-Еўрапейскай платформы прыняты саамскі (беламорскі) і лопскі комплексы. На Беларусі вылучаюць шчучынскую і кулажынскую серыі. Пароды архея залягаюць на рознай глыбіні: 80—160 м на Беларускай антэклізе, да 6000 м у Прыпяцкім прагіне. З археем звязаны радовішчы храмітаў і жалеза, медна-нікелевых і медна-калчаданавых рудаў, марганцу, золата, карунду, графіту і інш., на Беларусі — ільменіт-магнетытавыя руды Навасёлкаўскага радовішча.

І.​В.​Найдзенкаў.

т. 1, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)