АКВАНІ́ТЫ,

воданапоўненыя пластычныя выбуховыя рэчывы на аснове аміячнай салетры і тратылу. Цеплата выбуху каля 4,6 МДж/кг. Малаадчувальныя да мех. ўздзеяння. Выкарыстоўваюць у шахтах і рудніках, бяспечных па газе і пыле.

т. 1, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАНАПО́ЎНЕНЫЯ ВЫБУХО́ВЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

выбуховыя сумесі, якія маюць ад 5 да 20% вады і прыродныя (крухмал, дэкстрын і інш.) ці сінт. (солі карбаксіметылцэлюлозы, поліакрыламід) загушчальнікі. Вада памяншае адчувальнасць да знешніх уздзеянняў, магчымасць выпадковага разагрэву і небяспечнасць выкарыстання воданапоўненых выбуховых рэчываў, надае ім пластычнасць і цякучасць. Адрозніваюць акваніты (пластычныя) і акватолы (цякучыя). Захоўваюць і транспартуюць воданапоўненыя выбуховыя рэчывы ў поліэтыленавай упакоўцы, каб пазбегнуць высыхання. Выкарыстоўваюць як брызантныя выбуховыя рэчывы для ўзрыўных работ у прам-сці.

т. 4, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАНІ́ТЫ,

сумесевыя выбуховыя рэчывы брызантнага дзеяння, у састаў якіх як акісляльнік уваходзіць аміячная салетра NH4NO3. Паводле тыпу гаручага кампанента падзяляюцца на ўласна аманіты — сумесі NH4NO3 з выбуховымі нітразлучэннямі (трынітраталуол, дынітранафталін і інш.) і дынамоны — сумесі з невыбуховым гаручым (торфам, драўніннай мукой, тэхн. маслам, парашком металаў). Біпарныя сумесі NH4NO3 з трынітраталуолам наз. аматоламі, аманіты з дамешкамі алюмінію — аманаламі. У якасці сенсібілізатараў дэтанацыі ўводзяць магутныя выбуховыя рэчывы (нітрагліцэрын, гексаген і інш.), для надання водаўстойлівасці і стабільнасці — спец. дабаўкі (мел, даламіт, крухмал, стэараты некаторых металаў). Выпускаюцца ў выглядзе парашкоў і гранул. Асобная група — воданапоўненыя аманіты, змяшчаюць насычаны водны раствор NH4NO3, які ператвараецца ў гель (акватолы, акваніты). Аманіты малаадчувальныя да мех. уздзеянняў, адносна бяспечныя пры вытв-сці, захоўванні і выкарыстанні.

т. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)