А́ЙЯ,

мыс на Паўд. беразе Крыма, за 13 км на ПдУ ад Балаклавы (раён Севастопаля). З’яўляецца краем Гал. грады Крымскіх гор, які стромка абрываецца да Чорнага м. У раёне мыса рэліктавы бор хвоі Станкевіча.

т. 1, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВЫ БЕ́РАГ КРЫ́МА,

вузкая берагавая паласа паўд. ч. Крымскага паўвострава ад мыса Айя на З да масіву Карадаг на У, ва Украіне; найб. цёплы ўчастак Крымскага ўзбярэжжа; папулярная курортная зона. Даўж. каля 150 км, шыр. 2—8 км. Паверхня абмежавана з Пн стромкімі ўступамі Гал. грады (Яйлы). Рэльеф градава-эразійны, ускладнены апоўзнямі і маляўнічымі абваламі. Пашыраны перадгорныя ўзгорыстыя раўніны, участкі горнага рэльефу, трапляюцца асобныя лакаліты (Аюдаг) і вулканічныя масівы (Карадаг). Клімат субтрапічны, міжземнаморскага тыпу. Лета сухое, вельмі цёплае, зіма мяккая. Сярэднія т-ры ліп. і жн. каля 24 °C, студз. каля 4 °C, ападкаў каля 600 мм за год. Пераважае дрэвава-хмызняковая ксерафітная расліннасць з удзелам відаў міжземнаморскай флоры. Сады, вінаграднікі, паркі. Характэрны шырокія зручныя бухты з добраўпарадкаванымі галечнымі пляжамі. Клімататэрапія, марскія купанні (чэрв.кастр.), вінаградалячэнне. Шматлікія курорты і курортныя мясцовасці: Алупка, Алушта, Артэк, Арэанда, Гурзуф, Карасан, Кастропаль, Карэіз—Гаспра, Кучук-Ламбат, Лівадзія, Мелас, Місхор, Форас, Ялта. У межах П.б.К. запаведнік Мыс Марцьян, Карадагскі запаведнік, Ялцінскі запаведнік, Нікіцкі батанічны сад.

Асн. прыродны лек. фактар — субтрапічны клімат. Лечаць захворванні органаў дыхання, стрававання, сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм, парушэнні абмену рэчываў; выкарыстоўваюць мінер. ваду крыніцы Мелас. Санаторыі для дарослых і дзяцей, дамы адпачынку, пансіянаты, турбазы, пляжы.

Да арт. Паўднёвы бераг Крыма. Палац-музей у г. Алупка. 1828—46.

т. 12, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)