А́зіна

назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, ніякі род, 1 скланенне

адз.
Н. А́зіна
Р. А́зіна
Д. А́зіну
В. А́зіна
Т. А́зінам
М. А́зіне

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

А́ЗІНА,

вёска ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса «Белае». За 18 км на ПнЗ ад Полацка, 115 км ад Віцебска, 5 км ад чыг. ст. Баравуха 1-я. 743 ж., 347 двароў (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання. Музей У.​М.​Азіна. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 1, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЕЎ (Уладзімір Трафімавіч) (н. 14.7.1937, в. Азіна Полацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. матэматык. Канд. фіз.-матэм. н. (1966), праф. (1993). Скончыў БДУ (1959). З 1979 у Мін-ве вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі Беларусі, з 1988 прарэктар Бел. тэхнал. ун-та. Навук. працы па рыманавай геаметрыі і методыцы выкладання матэматыкі. Адзін з аўтараў «Зборніка задач па дыферэнцыяльнай геаметрыі» (2-е выд. 1979).

Тв.:

Математический словарь высшей школы. 2 изд. М., 1988 (разам з А.​Ф.​Навумовічам, Н.​Ф.​Навумовічам);

Основные математические формулы: Справ. 3 изд. Мн., 1995 (з імі ж).

т. 4, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯ́СЦІЦКІЯ БАІ́ 1812.

Адбыліся 30 ліп. — 1 жн. каля в. Клясціцы і на шляху Полацк—Себеж (цяпер тэр. Расонскага і Полацкага р-наў) паміж рус. 1-м пях. корпусам П.​Х.​Вітгенштэйна (каля 23 тыс. чал., 108 гармат) і франц. 2-м корпусам Ш.​Удзіно (37—40 тыс. чал., 114 гармат) у вайну 1812. Авангард Удзіно 20 ліп. пачаў пераправу цераз Зах. Дзвіну каля г. Дзісна. Вітгенштэйн, корпус якога размяшчаўся на правым беразе, абмежаваўся партыз. дзеяннямі атрада Я.​П.​Кульнева на левым беразе і 26 ліп. адвёў свае гал. сілы да Росіцы. Войскі Удзіно 26 ліп. занялі Полацк і працягвалі наступленне на Себеж; 30 ліп. іх перадавыя часці дасягнулі в. Клясціцы. Вітгенштэйн, разумеючы, што гэтым яму будзе адрэзана магчымасць адыходу на Пскоў і Пецярбург, вырашыў прарвацца да себежскага шляху. Ён сканцэнтраваў свае войскі на р. Свольна каля в. Кацярынава (цяпер Марачкова) і высунуў уперад па дарозе на Клясціцы авангард пад камандаваннем Кульнева. 30 ліп. пасты абодвух бакоў сустрэліся на лясной дарозе на З ад в. Якубова, і пачаліся авангардныя баі. Атакі дывізіі ген. К.​Ж.​Леграна былі адбіты. Увечары на дапамогу рус. авангарду прыбыў Вітгенштэйн з егерскай брыгадай Фралова і павёў атаку на левы фланг французаў. На дапамогу Леграну падышла 8-я пях. дывізія ген. Ж.​А.​Вердзье, якая нанесла беспаспяховы ўдар па цэнтры рус. войск. За ноч Вітгенштэйн сцягнуў да Якубова ўсе свае сілы, апрача кав. рэзерву, і дасягнуў прыкладнай колькаснай роўнасці з французамі. На світанні 31 ліп. французы адбілі ўдар па ключавым пункце сваёй пазіцыі, атакавалі цэнтр і левы фланг Вітгенштэйна, аднак былі спынены артыл. агнём. Вітгенштэйн атакаваў французаў і прымусіў Удзіно адступаць у бок Клясціц. Контратака рэзерву Удзіно забяспечыла бесперашкодны адыход яго 2-га корпуса на левы бераг р. Нішча, войскі пачалі адступаць на рубеж р. Дрыса. Рус. войскі занялі Клясціцы, а авангард Кульнева пачаў праследаваць французаў. Пад вечар французы перайшлі Дрысу і сталі лагерам у раёне в. Белае (цяпер Азіна). Кульнеў таксама пераправіўся цераз Дрысу і размясціў свой атрад на Пд ад в. Сівошына. Група франц. войск пад камандаваннем Леграна ў ноч на 1 жн. скрытна падышла да размяшчэння рускіх і раптоўным кав. і штыкавым ударам адкінула іх. Рус. авангард быў амаль цалкам знішчаны, некалькі соцень чалавек узяты ў палон; Кульнеў смяротна паранены. З раніцы дывізія Вердзье працягвала праследаваць рэшткі атрада Кульнева. Вітгенштэйн заняў моцную пазіцыю каля в. Галоўчыцы паміж лесам і р. Нішча, абышоў флангі і ўдарыў па цэнтры французаў. Вердзье адступіў у бок Сівошына. 2 жн. Удзіно пачаў адвод сваіх часцей да Полацка. За тры дні баёў страты з абодвух бакоў склалі па 4—5 тыс. чал. К.б. былі першай у ходзе вайны перамогай рус. войск над большымі сіламі праціўніка. У выніку гэтых баёў французы перайшлі да абароны на ўсім паўн. стратэгічным флангу, пагроза для камунікацый Вітгенштэйна была ліквідавана.

Літ.:

Гл. да арт. Вайна 1812.

В.​В.​Антонаў.

т. 8, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)