АЗГУ́Р (Заір Ісакавіч) (15.1.1908, в. Маўчаны Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 18.2.1995),

бел. скульптар. Нар. мастак Беларусі (1944), нар. мастак СССР (1973). Чл. АМ СССР (1958), Герой Сац. Працы (1978). Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме, Ленінградскім і Кіеўскім маст. ін-тах. Працаваў у галіне станковай і манум. скульптуры, прыхільнік строгай рэаліст. формы. У канцы 1920-х—30-я г. стварыў партрэты дзеячаў сацыяліст. і рэв. руху для Дома ўрада ў Мінску. Прыкладам тонкага разумення сутнасці гіст. асобы з’яўляюцца партрэты пісьменнікаў Лу Сіня і Р.​Тагора. Стварыў галерэю партрэтаў герояў Вял. Айч. вайны. Найб. значныя манум. работы: помнікі-бюсты С.​І.​Грыцаўцу, Я.​Купалу і Ф.​Э.​Дзяржынскаму ў Мінску, В.​І.​Талашу ў Петрыкаве, помнікі П.​М.​Машэраву ў Віцебску і інш. Вобраз Я.​Коласа ўвасоблены ў помніку паэту ў Мінску. Сярод станковых работ 1980-х г. партрэт М.​Гусоўскага. З 1980 кіраўнік Творчай майстэрні скульптуры ў Мінску. Аўтар публіцыст. твораў па праблемах выяўл. мастацтва і мемуараў («Незабыўнае», 1962; «Тое, што помніцца...», кн. 1—2, 1977—83). Дзярж. прэмія СССР 1946.

Э.​А.​Петэрсон.

З.І.Азгур.
З.Азгур. Помнік Якубу Коласу ў Мінску. 1972.

т. 1, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Азгур Г. Г. 8/369; 11/577; 12/611

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Азгур З. І. 1/20, 144—145 (укл.), 145—146, 17 8, 540; 2/140, 172, 178, 402, 509; 3/126, 154; 4/228, 234, 235; 5/455, 552; 6/45, 320, 321, 562, 620, 621; 7/24—25 (укл.), 220, 264; 8/54, 113; 9/68, 427, 567, 568, 568—569 (укл.); 10/194, 211, 293; 11/346; 12/597, 609, 612—613 (укл.), 613, 614

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ МАСТА́К СССР,

ганаровае званне, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета СССР найб. выдатным дзеячам сав. выяўл. мастацтва, за асаблівыя заслугі ў развіцці жывапісу, скульптуры, графікі, дэкар. і прыкладнога мастацтва. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 16.7.1943. Існавала да 1991.

Народныя мастакі СССР у Беларусі

1973. З.​І.​Азгур.

1978. М.​А.​Савіцкі.

т. 11, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮСТ (франц. buste),

пагрудная выява чалавека, адзін з найб. пашыраных відаў скульпт. партрэта.

Узнік у Стараж. Егіпце і Стараж. Грэцыі. Канчаткова склаўся ў партрэтным мастацтве Стараж. Рыма. Быў пашыраны ў мастацтве эпохі Адраджэння і новага часу (Данатэла, Л.​Берніні, Ж.​А.​Гудон, А.​Радэн і інш.). У Расіі бюсты стваралі Б.​Растрэлі, Ф.​Шубін, Н.​Андрэеў, В.​Мухіна, С.​Лебедзева і інш.

На Беларусі помнікі-бюсты вядомыя з 17 ст. (М.​К.​Радзівілу ў фарным касцёле ў Нясвіжы). Значнае месца займаў бюст у творчасці бел. скульптараў 19 — пач. 20 ст. (К.​Ельскі, Р.​Слізень, А.​Краснапольскі, В.​Бубноўскі, Я.​Астроўскі і інш.). У 1930-я — пач. 1940-х г. бел. скульптары стварылі бюсты дзеячаў рэв. руху і культуры: М.​В.​Фрунзе (А.​Глебаў), Я.​Купалы і Я.​Коласа (абодва З.​Азгур), Г.​Грыгоніса (М.​Керзін); у гады Вял. Айч. вайны — воінаў і партызан Л.​М.​Даватара (А.​Грубэ), Ф.​А.​Смалячкова і М.​Ф.​Сільніцкага (абодва Азгур); у пасляваенны перыяд — П.​Багрыма, К.​Крапівы, М.​Танка, Цёткі (А.​Пашкевіч; усе Азгур), У.​Уладамірскага (А.​Глебаў), Я.​Коласа (С.​Селіханаў), М.​Багдановіча (Г.​Мурамцаў; Л.​Гумілеўскі), Я.​Купалы і Я.​Коласа (абодва В.​Занковіч), Л.​І.​Бяды, Ю.​А.​Гагарына, У.​В.​Кавалёнка, П.​І.​Клімука, Г.​Ц.​Берагавога (усе І.​Міско), помнік-бюст Я.​Купалу ў Араў-парку (г. Нью-Йорк, ЗША; скульпт. А.​Анікейчык) і інш. У 1990-я г. ў Нясвіжскім парку ўстаноўлены бюст кн. Юрыю Нясвіжскаму, архітэктару Дж.​Бернардоні (усе С.​Гумілеўскі), кн. М.​К.​Радзівілу Сіротку, У.​Сыракомлю, Т.​Макоўскаму, Я.​Коласу (усе М.​Канцавы).

А.​К.​Лявонава, Л.​Г.​Лапцэвіч.

Да арт. Бюст. Б.​Растрэлі. Партрэт А.​Д.​Меншыкава. 1716—17.

т. 3, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й А́ЗГУРА З.І. ў Мінску,

філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Адкрыты ў 2000 у творчай майстэрні З.І.Азгура, пабудаванай у 1984 (арх. В.​Аладаў). Пл. экспазіцыі каля 330 м². Экспанаты размешчаны ў скульптурным і мемар. залах, фарматорскай, мемар. кабінеце. У зборы музея: скульптура і мадэлі манум. твораў, створаных Азгурам пачынаючы з 1940-х г. (420 адзінак), больш за 30 твораў жывапісу Г.​Азгур, Г. і Ю. Гарэлавых (яго жонкі і сваякоў), М.​Бельскага, А.​Волкава, Я.​Зайцава, В.​Казачэнкі, Л.​Лейтмана, Т.​Разінай, В.​Цвіркі, А.​Шыбнёва, падараваных скульптару, архіў фотаздымкаў, дакументаў, рукапісаў Азгура (2 тыс. адзінак). Музей мае лекцыйны і канферэнц-залы, бібліятэку.

А.​Л.​Багданава.

т. 10, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГРЫ́М (Паўлюк) (Павел Восіпавіч; 14.11.1812, в. Крошын Баранавіцкага р-на — 1891 ?),

бел. паэт. Сын каваля. Вучыўся ў Крошынскай парафіяльнай школе. За распаўсюджанне антыпрыгонніцкіх вершаў, у т. л. «Рабункі мужыкоў» Я.​Баршчэўскага, здадзены ў рэкруты (дакументальна не пацверджана). Працаваў кавалём у Крошыне. У мясц. касцёле зберагаецца металічная люстра работы Багрыма — узор маст. коўкі. Захаваўся адзін верш Багрыма — «Зайграй, зайграй, хлопча малы...», апубл. навагрудскім юрыстам І.​Яцкоўскім («Аповесць з майго часу», Лондан, 1854). Верш — шэдэўр бел. лірыкі 19 ст., які кранае сілай пратэсту супраць прыгону, глыбінёй пачуцця, арганічнасцю формы і зместу. У 1985 у Крошыне адкрыты музей нар. мастацтва і рамёстваў імя Багрыма.

Літ.:

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989;

Паўлюк Багрым. Мн., 1994.

П.Багрым. Скульптар З.​Азгур.

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНУМЕ́НТ ПЕРАМО́ГІ ў Мінску,

помнік у гонар перамогі сав. народа над фаш. Германіяй і на ўшанаванне памяці воінаў Сав. Арміі і партызан, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Устаноўлены ў 1954 на Перамогі плошчы (арх. Г.​Заборскі, У.​Кароль) Мае форму абеліска (выш. каля 40 м), абліцаванага шэрым гранітам і завершанага выявай ордэна Перамогі; яго грані рытмічна расчлянёны палосамі, стылізаванымі пад бел. арнамент. На 4 гранях пастамента размешчаны бронз. гарэльефы: «9 мая 1945 г.» (скульпт. А.​Бембель), «Савецкая Армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (скульпт. С.​Селіханаў), «Слава загінуўшым героям» (скульпт. З.​Азгур), «Партызаны Беларусі» (скульпт. А.​Глебаў). Як сімвал перамогі на базе абеліска ляжыць абвіты лаўровай галінкай меч (скульпт. С.​Салтыкоў). Ступеньчаты стылабат з 4 бакоў фланкіраваны вянкамі (скульпт. С.​Адашкевіч). У 1961 каля падножжа манумента запалены Вечны агонь. У 1984 пляцоўка перад манументам атрымала новае маст.-арх. афармленне.

М.​М.​Яніцкая.

Манумент Перамогі.

т. 10, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПА́ЛАЎСКІ МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК «ВЯ́ЗЫНКА» Засн. 5.4.1972 на радзіме Я.​Купалы з цэнтрам у в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Адкрыты 10.7.1972. Агульная пл. 21 га. На тэр. запаведніка хата, у якой нарадзіўся Я.​Купала, гасп. пабудовы, у адной з якіх размяшчаецца выстаўка «Народныя святы», помнік паэту (перавезены з Мінска ў 1972, скульптар З.​Азгур), 2 гарадзішчы 2—5 ст., сажалка, крыніца, валуны з выбітымі на іх радкамі з твораў Я.​Купалы, дрэвы старога саду б. фальварка Вязынка, дубовы гай, пасаджаны бел. пісьменнікамі да 100-годдзя з дня нараджэння паэта, канцэртная эстрада, жывая альтанка з ліп, малыя арх. формы, зона масавых гулянняў. У хаце (рэстаўрыравана ў 1971—72) Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Вязынка». З 1972 у запаведніку праводзяцца святы паэзіі і працы, з 1976 злёты студэнтаў-філолагаў БДУ, школьныя ранішнікі.

Літ.:

Купалаўскі запаведнік «Вязынка». Мн., 1980;

Вязынка: Купалаўскі мемарыяльны запаведнік: [Фотаальбом]. Мн., 1982.

Ж.​К.​Дапкюнас.

Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка». Свята паэзіі. 1982.
Паказальнік у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка».

т. 9, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ МАСТА́К БЕЛАРУ́СІ,

ганаровае званне. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 7.1.1944. Прысвойваецца з 1994 Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь дзеячам выяўл. мастацтва, якія маюць ганаровае званне заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (не менш як 5 гадоў), вял. заслугі ў развіцці жывапісу, скульптуры, графікі, манум. і дэкар.-прыкладнога, тэатр., кіна- і тэлемастацтва.

Народныя мастакі Беларусі

1944. З.​І.​Азгур, В.​К.​Бялыніцкі-Біруля, А.​В.​Грубэ.

1949. І.​В.​Ахрэмчык, С.​П.​Нікалаеў.

1955. А.​А.​Бембель, В.​В.​Волкаў, А.​К.​Глебаў.

1961. А.​П.​Марыкс.

1963. Я.​А.​Зайцаў, В.​К.​Цвірка, С.​І.​Селіханаў, Я.​Р.​Чамадураў.

1967. Я.​Дз.​Нікалаеў.

1972. А.​А.​Анікейчык, М.​А.​Савіцкі.

1983. Л.​Дз.​Шчамялёў.

1988. Г.​Х.​Вашчанка, У.​І.​Стальмашонак.

1991. В.​А.​Грамыка, А.​М.​Кашкурэвіч, А.​М.​Кішчанка, В.​П.​Шаранговіч, Л.​М.​Гумілеўскі.

1992. Б.​Ф.​Герлаван.

1994. П.​В.​Масленікаў.

1995. М.​В.​Данцыг.

1997. Г Г.​Паплаўскі.

1999. Р.​У.​Кудрэвіч.

т. 11, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)