А́жгур ’Acerina cernua’ (Інстр. II, Жук., 381), гл. аджгір, Магчыма, з літ. ãčgaras, ãdžgaras, juodžgoris ’тс’ (параўн. Буга, Rinkt, II, 155, які думае аб тым, што гэтыя літоўскія формы з польск. jazdź, jazgarz, гл. LKŽ, IV, 413; Фрэнкель, 1, 118). Калі гэта так, літоўскія формы маглі пранікнуць далей на тэрыторыю Беларусі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аджгі́р (БРС), джгір (БелСЭ) ’Acerina cernua’. Мабыць, з літ. ažgỹs, ežgỹs ’тс’. Гл. ажгур.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДЖГІРЫ́, яршы (Gymnocephalus),

род рыб сям. акунёвых. 4 віды: Дж., або ёрш звычайны (G. cernua); Дж., або ёрш-насар, або біручок (G. acerina); Дж., або ёрш паласаты (G. schraetser); Дж., або ёрш Балона (G. baloni). Пашыраны ў вадаёмах Еўразіі, акрамя Крайняй Поўначы, Каўказа, Крыма, Сярэдняй Азіі і бас. Ціхага ак. На Беларусі 3 віды: звычайны (мясц. назва ёрш, ажгур, яжгур) жыве ў рэках, азёрах і інш. вадаёмах, насар (мясц. назвы біручок, бабыр, ваўчок, чыранос) трапляецца ў Дняпры, Балона знойдзены ў Прыпяці.

Даўж. да 30 см, маса да 200 г (зрэдку да 600 г). Цела сціснутае з бакоў. На галаве вял. поласці сенсорных каналаў. Рот невялікі, высоўны, паўніжні. Пераднакрыўка з некалькімі шыпамі. На накрыўцы моцны шып. Спінны плаўнік адзін, калючая частка зліта з разгалінаванай. Кормяцца беспазваночнымі, ікрой і маляўкамі рыб. Аб’екты лоўлі.

Л.В.Кірыленка.

Джгіры: 1 — насар; 2 — звычайны; 3 — Балона; 4 — паласаты.

т. 6, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)