АДПУ ист. (Аб’ядна́нае дзяржа́ўнае паліты́чнае ўпраўле́нне) ОГПУ (Объединённое госуда́рственное полити́ческое управле́ние)

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

АБ’ЯДНА́НАЕ ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПАЛІТЫ́ЧНАЕ ЎПРАЎЛЕ́ННЕ пры СНК СССР

(АДПУ),

орган па ахове дзярж. бяспекі ў СССР у 1923—34. Створана 2.11.1923 у выніку рэарганізацыі Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення РСФСР і ДПУ саюзных рэспублік у сувязі з утварэннем СССР. Паводле Палажэння аб АДПУ ад 15.11.1923 яно стваралася «з мэтай аб’яднання рэв. намаганняў рэспублікі па барацьбе з паліт. і эканам. контррэвалюцыяй, шпіянажам і бандытызмам». Узначальвалі АДПУ Ф.Э.Дзяржынскі, з 1926 В.Р.Мянжынскі. АДПУ кіравала ДПУ саюзных рэспублік і асобымі аддзеламі, а таксама трансп. органамі, аховай граніц СССР, аператыўнай работай у агульнасаюзным маштабе, мела ў распараджэнні асобыя войскі. У 1923 паводле пастановы ЦВК СССР пры АДПУ створана Калегія, або асобая нарада, якая без суда разглядала справы і выносіла рашэнні аб накіраванні ў канцлагеры або расстрэле асоб, прызнаных вінаватымі. Загадам старшыні АДПУ ад 2.2.1930 пры паўнамоцных прадстаўніцтвах АДПУ у рэспубліках і абласцях былі сфарміраваны «тройкі» з такімі ж паўнамоцтвамі. АДПУ скасавана ў выніку рэарганізацыі дзярж. апарату СССР. Замест яго ў сістэме НКУС створана Гал. ўпраўленне дзяржбяспекі.

І.​М.​Кузняцоў.

т. 1, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОГПУ (Объединённое госуда́рственное полити́ческое управле́ние) ист. АДПУ (Аб’ядна́нае дзяржа́ўнае паліты́чнае ўпраўле́нне).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

О́ЛЬСКІ (Ян Калікставіч) (сапр. Кулікоўскі; 1898, маёнтак Бутрымавічы Трокскага пав. Віленскай губ., цяпер Літва —27.11.1937),

савецкі дзярж. дзеяч. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Петраградзе. У 1917—18 на парт. і сав. рабоце ў Вільні. З 1919 у органах дзяржбяспекі: у 1921—22 старшыня ЧК, у 1922—23 — ДПУ БССР. У 1923—31 гал. інспектар Гал. інспекцыі войск АДПУ, нам. нач. асобага аддзела, пам. нач., потым нач. контрразведкі АДПУ, нач. асобага аддзела АДПУ пры СНК СССР. З 1931 на гасп. рабоце. 30.5.1937 арыштаваны «як удзельнік шпіёнскай і тэрарыстычнай польскай арганізацыі» і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1955.

т. 11, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТСО́Н (Герман Пятровіч) (1896, Вальміерскі р-н, Латвія — 16.6.1938),

дзяржаўны дзеяч БССР. З 1918 у органах дзяржбяспекі. У жн. 1931 — крас. 1932 старшыня Дзярж. паліт. ўпраўлення БССР, адначасова паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па БССР і нач. асобага аддзела БВА. З 1932 паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК у Татарыі, з 1935 на гасп. рабоце. 19.7.1937 арыштаваны, прыгавораны да пакарання смерцю. Рэабілітаваны ў 1988.

т. 10, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЗЬ (Піліп Дзям’янавіч) (1890, в. Масева Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 27.11.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. Вучыўся ў Баршаўскім тэхн. вучылішчы. З 1905 працаваў у Варшаве, Маскве, вучыўся на камандзірскіх курсах у Лефортаве, служыў ваен. камісарам аднаго з раёнаў г. Масквы. З 1918 у органах дзяржбяспекі: чл. Кантрольнай калегіі ВЧК, нач. асобага аддзела ВЧК на Зах. фронце і інш. У 1924—25 старшыня Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення БССР і адначасова паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па Зах. краі. Удзельнік аперацыі па арышце ў Мінску Б.В.Савінкава. З 1926 паўнамоцны прадстаўнік АДПУ па Далёкаўсх. краі, АДПУ СССР у Ленінградскай ваен. акрузе і Ленінградскай вобл. З 1934 нач. упраўлення НКУС СССР па Ленінградскай вобл. У снеж. 1934 арыштаваны і зняволены на 3 гады «за злачынна-халатныя адносіны да службовых абавязкаў», якія прывялі да гібелі С.М.Кірава. 27.11.1937 паўторна асуджаны і пакараны смерцю. Рэабілітаваны ў 1957.

т. 11, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ФІЛІЯ́Л ПРАМПА́РТЫІ»

(«БФП»),

назва арг-цыі, прыдуманай летам 1931 супрацоўнікамі АДПУ БССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення паліт. працэсу над інтэлігентамі ў апараце кіраўніцтва прам-сцю БССР. Стварэнне «БФП» было аднесена да 1926. Паводле абвінаваўчага заключэння, кіраўніком лічыўся А.​М.​Каплан (кіраўнік прамсекцыі пры Дзяржплане БССР). Ячэйкі арг-цыі «дзейнічалі» ў Дзяржплане БССР, ВСНГ БССР, Белбудаб’яднанні, Белметалааб’яднанні, Белскураб’яднанні. Членам «БФП» інкрымінавалася «жаданне перараджэння сав. улады ў бурж дэмакр. рэспубліку», правядзенне мерапрыемстваў, якія «павінны былі перашкаджаць і тармазіць развіццё нар. гаспадаркі, ствараць прарывы і перашкоды». Да крымін. адказнасці прыцягнуты 30 чал., 8 з іх праходзілі і як чл. «Беларускага філіяла Працоўнай сялянскай партыі», што, на думку АДПУ, пацвярджала наяўнасць сувязі паміж «контррэвалюцыянерамі» Беларусі. Акрамя паказанняў сведак і прызнанняў арыштаваных, ніякіх доказаў існавання «БФП» не выяўлена. Паводле пастановы Калегіі АДПУ БССР ад 23.7.1931 прыгавораны 10 чал. да 10 гадоў лагераў, астатнія да 5 гадоў лагераў. У жн. 1962 рэабілітаваны 1, у вер. 1989 — астатнія 29 чал.

Т.​С.​Процька.

т. 2, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ЛЯР (Раман Аляксандравіч) (1894, Вільня, паводле інш. звестак Беластоцкае ваяв., Польшча — 2.9.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. Камісар дзяржбяспекі 2-га рангу (1935). Вучыўся ў Петраградскім ун-це (1915—17). У 1917—19 старшыня ВРК Літвы, член Прэзідыума і сакратар ЦВК Літ.-Бел. ССР. З 1920 у органах ВЧК і АДПУ РСФСР. У 1924 удзельнічаў у аперацыі «Сіндыкат-2» па захопе ў Мінску Б.​В.​Савінкава і разгроме яго падп. арг-цыі. У 1925—29 старшыня ДПУ БССР, адначасова паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па Зах. краі. З 1929 паўнамоцны прадстаўнік АДПУ і нач. УНКУС СССР па Паўн.-Каўказскім краі, Сярэдняй Азіі, Саратаўскай вобл. Чл. ЦК і Бюро ЦК КП(б)Б у 1925—29. Чл. ЦВК Літ.-Бел. ССР у 1919, ЦВК БССР у 1927—29, ЦВК СССР у 1929—37. Неабгрунтавана арыштаваны 15.5.1937 як удзельнік «Польскай арганізацыі вайсковай» і агент польск. разведорганаў. 2.9.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957.

І.​А.​Валахановіч.

т. 12, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЎБЭ (Вальдэмар Пятровіч) (28.2.1895, хутар Міле Валміерскага р-на, Латвія — 12.10.1950),

савецкі паліт. і ваен. дзеяч. З 1911 працаваў на Віцебшчыне. З 1918 ваен. камісар Віцебскай губ., чл. Віцебскага губкома РКП(б) і губвыканкома, камісар Смаленскай дывізіі (у Віцебску), камісар зводнага Віцебскага атрада, з якім праводзіў ліквідацыю мяцяжоў эсэраў у Оршы і Сянно. 3 вер. 1918 камісар 1-й Магілёўскай, 24-й «Жалезнай» дывізій. З 1919 на Усх., Туркестанскім франтах. У 1922—24 нач. Віцебскага губ. аддзела АДПУ. Пазней да 1945 на кіруючых пасадах у органах АДПУ, НКУС, НКДБ. Канд. у чл. ЦВК СССР у 1924—25.

т. 6, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

капе́ечны, ‑ая, ‑ае.

1. Вартасцю або цаной у адпу капейку. Капеечная манета. // Які дае малую выгаду, невялікі прыбытак. [Вінгель] меў недзе паблізу тут прыгарадную хату, нейкае капеечнае рамяство ў руках. Чорны.

2. перан. Вельмі дробязны; нікчэмны. Капеечная хітрасць. □ Калі мы падраслі, — Не давала Радзіма заседзецца, Да ўтульных пярын, Да капеечных спраў прысуседзіцца. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)