АГЛЯЕ́ННЕ ГЛЕ́БЫ,

глебаўтваральны працэс, які адбываецца ў анаэробных умовах з удзелам мікраарганізмаў, пры наяўнасці арган. рэчыва і пастаянным або працяглым абвадненні асобных гарызонтаў або ўсяго профілю глебы. Назіраецца амаль усюды ў глебах рознага генезісу і мех. складу, найчасцей у гумідных глебах. Вонкавая прыкмета агляення глебы — спецыфічная афарбоўка аглееных гарызонтаў: ад белавата-шызага ці шэра-блакітнаватага ў лёгкіх глебах да шызавата-сіняга або зеленаватага ў поймавых і чарназёмападобных. Гл. таксама Глей.

т. 1, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ТНЫЯ ГЛЕ́БЫ,

глебы, якія ўтвараюцца ва ўмовах працяглага або пастаяннага пераўвільгатнення пад вільгацелюбівай расліннасцю ў розных геагр. зонах. Пашыраны на Беларусі, у Расіі, Канадзе, ЗША, Бразіліі, Аргенціне, Інданезіі і інш. краінах. Фарміруюцца пераважна ў выніку забалочвання сушы. Характэрна агляенне, часта трапляюцца тарфяныя гарызонты. Гал. асаблівасць глебаўтваральнага працэсу — намнажэнне торфу. Ніжняя мяжа глебавага профілю прыблізна супадае з глыбінёй, да якой летам апускаюцца глебавыя воды (ад 30 да 50—80 см і больш). Паводле профілю падзяляюцца на тарфяна-балотныя глебы, глеявата-балотныя і лугава-балотныя (усе ёсць на Беларусі).

т. 2, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)