Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
ПА́МЯЦЬ СІКО́РЫ,
позназімовы сорт яблыні селекцыі І.П.Сікоры. Раянаваны на Беларусі.
Дрэва слабарослае з паўкруглаватай кронай. Пладаносіць на 3—4-ы год пасля пасадкі. Зімаўстойлівы, сярэднеўстойлівы да паршы. Плады 130—150 г, авальна-канічныя. Асн. афарбоўка зялёная, покрыўная — чырванавата-карычневая ў выглядзе размытага румянцу і толькі на сонечным баку плода. Мякаць светла-зялёная, вельмі шчыльная, кісла-салодкая, сярэдняй сакавітасці, дробназярністая. Захоўваецца да чэрвеня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРЫ́НЫ (Littorinidae),
сямейства пярэдняшчэлепных малюскаў. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераных, радзей у халодных і субтрапічных морах Паўн. паўшар’я. Вядомы з палеацэну. Жывуць на літаралі (адсюль назва) да глыб. 50 м. Прамежкавыя гаспадары некат. паразітаў.
Ракавіна даўж. да 45 мм, авальна-канічная, гладкая, бывае грубая спіральная. Афарбоўка пярэстая з белымі або аранжавымі палосамі на цёмным фоне, часам аднаколерная. Кормяцца расліннасцю і дэтрытам. Раздзельнаполыя, некат. яйцажывародныя. Ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТА́ЙСКАЯ А́СТРА (Callistephus chinensis),
кветкавая расліна сям. складанакветных. 1 від. Пашырана на Д. Усходзе, у Кітаі, Японіі. Родапачынальнік розных дэкар. сартоў, аб’яднаных больш як у 40 груп. На Беларусі вырошчваюць найб. вядомыя сарты з груп Страусава Пяро, Швонепадобныя, Ігольчастыя, Прынцэса, Унікум, Трыумф.
Аднагадовая травяністая расліна выш. 20—100 см. Сцябло прамастойнае, галінастае, апушанае. Лісце ад авальна-рамбічнай да лапатападоўжанай формы. Кветкавыя кошыкі рознакаляровыя, буйныя з псеўдаязычковых (па краі суквецця) і трубчастых (у цэнтры) кветак. Плод — апушаная сямянка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́СТРЫЦЫ (Ostreidae),
сямейства двухстворкавых малюскаў. Вядомы з палеазою. Каля 50 відаў, пашыраных у цёплых і ўмераных морах да глыб. 70 м, утвараюць значныя скопішчы — вустрычныя банкі. Найб. вядомыя: вустрыца ядомая (Ostrea edulis), вустрыца гіганцкая (Crassostrea gigas), вустрыца пласціністая (Crassostrea denselamellosa), вустрыца віргінская (Crassostrea virginica).
Ракавіны даўж. 6—45 см, няправільнакруглаватай або авальна-клінападобнай формы. Створкі несіметрычныя: ніжняя (ёй вустрыцы прырастаюць да камянёў, скал) сподкападобная, верхняя пляскатая. Фільтратары. Гермафрадыты, некаторыя раздзельнаполыя; у ваду выходзіць лічынка, якая сфарміравалася. Ядомыя, здабываюць і штучна разводзяць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЖАВІ́ЦА (Turritis),
род кветкавых раслін сям. капуставых. 3 віды. Пашыраны ў Еўропе і гарах Афрыкі. На Беларусі па ўсёй тэр. трапляецца вежавіца гладкая, або голая (Turritis glabra). Расце на сухіх схілах, пустках, у барах і ярах, на высечках і ўзлесках.
Аднагадовыя, шызыя ад васковага налёту расліны з прамастойным сцяблом выш. да 1,4 м. Прыкаранёвае лісце ланцэтнае, выемчатае або надрэзана-зубчастае, сцябловае авальна-ланцэтнае, сцяблоабдымнае. Кветкі дробныя, жаўтавата-белыя, у гронкападобных суквеццях. Плод — стручок. Лек. (пры астыце, рэўматызме, дыярэі і цынзе) і кармавыя расліны. Выкарыстоўваюцца ў нар. медыцыне і ветэрынарыі.