Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АБНАЎЛЕ́НЦЫ,
апазіцыйны рух у рус. правасл. царкве ў 1920—40-я г. Узніклі пасля Кастр. рэвалюцыі. Выступалі за «абнаўленне царквы», за яе лаяльныя адносіны да Сав. дзяржавы; мелі на мэце змяніць традыц. формы рэліг. дзейнасці, не закранаючы асновы веравучэння і культу. Змагаліся супраць кіраўніцтва афіц. рус. царквы, якое ў пач. 1920-х г. займала антысав. пазіцыі.
Асн. групы абнаўленцаў: «Жывая царква», «Царкоўнае адраджэнне», «Саюз абшчын старажытнаапостальскай царквы». З пераходам кіраўніцтва патрыяршай царквы на шлях лаяльнасці рух абнаўленцаў пачаў затухаць. Многія з іх парвалі з рэлігіяй, некаторыя вярнуліся ў старую царкву. Пасля смерці аднаго з лідэраў абнаўленства А.І.Увядзенскага (1946) рух спыніўся.
т. 1, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АЎТАНО́МНАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́,
аб’яднанне бел. епархій абнаўленчай царквы (гл. ў арт. Абнаўленцы). Існавала ў 1924—34. Утворана ў маі 1924 на чале са Свяшчэнным сінодам і мітрапалітам магілёўскім і беларускім на 1-м Бел. абласным царк. саборы ў Магілёве. Падзялялася на 5 епархій, налічвала каля 500 парафій (пераважна ва ўсх. рэгіёне; у снеж. 1924 прыходы Дубровенскага р-на абвясцілі ўласную незалежнасць). Выдавала час. «Белорусский православный вестник» (Магілёў, 1924—27). Мітрапаліты Уладзімір (1924—26), Іосіф (І.П.Крачатовіч; 1926—34). З пач. 1930-х г., ва ўмовах пераходу сав. дзяржавы да жорсткай антырэліг. палітыкі і агульнага крызісу абнаўленства, аўт. царква пачала траціць пазіцыі і спыніла існаванне. Парафіі вярнуліся пад уладу Маскоўскага патрыярхату.
т. 2, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЕПА́РХІЯ,
тэр.-адм. адзінка правасл. царквы з цэнтрам у Магілёве. Утворана ў 1632 па ініцыятыве мітрапаліта Пятра Магілы як адзіная тады правасл. епархія на Беларусі (усе астатнія былі пераведзены ў унію). У 1633 зацверджана прывілеем караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV. З 1675 наз. таксама Беларускай, пазней назвы мяняліся. Падпарадкоўвалася Кіеўскай мітраполіі. Пасля пераходу апошняй пад юрысдыкцыю Маскоўскай патрыярхіі (1685) магілёўскіх епіскапаў прызначала Масква, але па-ранейшаму зацвярджала каралеўская ўлада. Пасля ўваходжання Магілёва ў склад Рас. імперыі (1772) залічана ў 1774 да 2-га класа. З 1833 ахоплівала толькі тэр. Магілёўскай губ. У 1920—30-я г. епархіяй кіравалі абнаўленцы, якія ў 1924 стварылі Беларускую аўтаномную праваслаўную царкву. У сярэдзіне 1930-х г. яе прыходы перайшлі пад юрысдыкцыю кананічнай Мінскай епархіі. У канцы 1930-х г. М.п.е. з-за антырэліг. палітыкі ўлад фактычна спыніла дзейнасць. У сак. 1942 адноўлена ў складзе Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Пасля Вял. Айч. вайны епіскапы не прызначаліся. У 1989 дзейнасць епархіі адноўлена ў складзе Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскай патрыярхіі. Ахоплівае тэр. Магілёўскай вобл. У 1997—52 царквы.
І.А.Пушкін.
т. 9, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)