абласны́

прыметнік, адносны

адз. мн.
м. ж. н. -
Н. абласны́ абласна́я абласно́е абласны́я
Р. абласно́га абласно́й
абласно́е
абласно́га абласны́х
Д. абласно́му абласно́й абласно́му абласны́м
В. абласны́ (неадуш.)
абласно́га (адуш.)
абласну́ю абласно́е абласны́я (неадуш.)
абласны́х (адуш.)
Т. абласны́м абласно́й
абласно́ю
абласны́м абласны́мі
М. абласны́м абласно́й абласны́м абласны́х

Крыніцы: krapivabr2012, piskunou2012, prym2009, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

Ваенна-рэвалюцыйная арганізацыя пры Абласным саюзе РСДРП Літвы і Беларусі 1/26; 2/45, 426, 547—548, 560; 3/118; 4/12; 5/320; 7/226; 9/237

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́І МАСТА́ЦКІЯ.

Збіраюць, зберагаюць, вывучаюць, папулярызуюць і экспануюць зборы твораў мастацтва. Як комплексы спецыяльна прыстасаваных памяшканняў уключаюць экспазіцыйныя залы, запаснікі, выставачныя залы, рэстаўрацыйныя майстэрні, навук. б-кі, фотатэкі і інш. Экспазіцыя звычайна будуецца па храналогіі і нац. школах мастацтва, мае комплексны характар (у залах разам экспануюцца творы жывапісу, скульптуры і дэкар.-прыкладнога мастацтва). Часам экспазіцыя будуецца часткова або цалкам па асобных калекцыях, якія паступілі ад уладальнікаў у дар ці на захоўванне. Некат. зборы твораў прадстаўляюць толькі адзін від мастацтва, найчасцей жывапісу (гл. Карцінная галерэя). Разнавіднасць М.м. — музеі архітэктурныя.

Стварэнне М.м. звязана з развіццём калекцыяніравання. Першыя буйныя зборы твораў мастацтва вядомы з часоў антычнасці. У эпоху сярэднявечча калекцыі твораў мастацтва зберагаліся ў палацавых галерэях, цэрквах, манастырах і інш. У 16 ст. на аснове прыватных калекцый створаны першыя ў Еўропе музеі — Дрэздэнская карцінная галерэя, Луўр у Парыжы, Прада ў Мадрыдзе, Уфіцы ў Фларэнцыі і інш Фарміраванне асн. еўрап. музеяў завяршылася ў 19 ст., калі яны сталі даступныя для шырокай публікі і склалася тыпалогія спец. музейнага будынка. Сярод найб М.м. свету таксама Баварскія дзяржаўныя зборы карцін у Мюнхене, Брытанскі музей у Лондане. Ватыканскія мастацкія музеі, комплекс Дзярж музеяў у Берліне (у т. л. Пергамон-музей), Метраполітэн-музей у Нью-Йорку, Рускі музей і Эрмітаж у С.-Пецярбургу, Музей выяўленчых мастацтваў імя А.С.Пушкіна і Траццякоўская галерэя ў Маскве і інш.

На Беларусі першы прыватны М.м. вядомы з 16 ст. (музей-«кабінет» Радзівілаў у Нясвіжы). У 17—1-й пал. 19 ст. багатыя зборы твораў жывапісу, скульптуры, габеленаў, фарфору, манет, зброі і інш. былі ў шэрагу сядзіб і замкаў магнатаў: Агінскіх (маёнтак Лучай Пастаўскага р-на Віцебскай вобл), Зорычаў (г. Шклоў Магілёўскай вобл.), Паскевічаў (Гомель), Сапегаў (в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл., г.п Ружаны Брэсцкай вобл.), А.Тызенгаўза (Гродна, Паставы), Тышкевічаў (г. Лагойск Мінскай вобл.) і інш. У 1787—1820 пры Полацкім калегіуме езуітаў існаваў музей, які змяшчаў карцінную галерэю. У 1855 на аснове калекцыі Тышкевічаў заснаваны Віленскі музей старажытнасцей, у 1921 — Беларускі музей у Вільні. У 1939 створана Дзярж. карцінная галерэя Беларусі (з 1957 Дзярж. маст. музей, з 1993 Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь), у 1970 — Бялыніцкі мастацкі музей імя В.К.Бялыніцкага-Бірулі. Калекцыі твораў бел. стараж., сучаснага нар., самадзейнага мастацтва зберагаюцца ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, Веткаўскім музеі народнай творчасці, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Гомельскім абласным краязнаўчым музеі, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Гурынскай карціннай галерэі, Дзіўнаўскім музеі мастацтва і этнаграфіі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В.Масленікава, Магілёўскім мастацкім музеі В.К.Бялыніцкага-Бірулі, Музеі беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы Мінскага р-на, Музеі старажытнабеларускай культуры ІМЭФ Нац. АН Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва і Сучаснай беларускай скульптуры музеі імя А.А.Бембеля ў Мінску, Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, Полацкай карціннай галерэі і інш.

Да арт. Музеі мастацкія. Фрагмент экспазіцыі рускага мастацтва ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.
Да арт. Музеі мастацкія. Фрагмент экспазіцыі грэчаскага і рымскага мастацтва Метраполітэн-музея ў Нью-Йорку.
Да арт. Музеі мастацкія. Зала Пергамон-музея. Берлін.
Да арт. Музеі мастацкія. Эрмітаж. Белая зала.

т. 11, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АЎТАНО́МНАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́,

аб’яднанне бел. епархій абнаўленчай царквы (гл. ў арт. Абнаўленцы). Існавала ў 1924—34. Утворана ў маі 1924 на чале са Свяшчэнным сінодам і мітрапалітам магілёўскім і беларускім на 1-м Бел. абласным царк. саборы ў Магілёве. Падзялялася на 5 епархій, налічвала каля 500 парафій (пераважна ва ўсх. рэгіёне; у снеж. 1924 прыходы Дубровенскага р-на абвясцілі ўласную незалежнасць). Выдавала час. «Белорусский православный вестник» (Магілёў, 1924—27). Мітрапаліты Уладзімір (1924—26), Іосіф (І.П.Крачатовіч; 1926—34). З пач. 1930-х г., ва ўмовах пераходу сав. дзяржавы да жорсткай антырэліг. палітыкі і агульнага крызісу абнаўленства, аўт. царква пачала траціць пазіцыі і спыніла існаванне. Парафіі вярнуліся пад уладу Маскоўскага патрыярхату.

т. 2, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ЦАРКО́ЎНА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.

Існаваў у 1897—1918 у Магілёве. Заснаваны Е.Р.Раманавым, размяшчаўся ў будынку б. бернардзінскага кляштара. Пл. экспазіцыі 140 м​2, больш за 6 тыс. экспанатаў, атрыманых у асн. з рызніц і царк. кладовак, з археал. раскопак Раманава (каменныя і жал. прылады працы, фрагменты ганчарнага посуду, упрыгожанні, манеты і інш.). Сярод экспанатаў: абразы 16—18 ст. магілёўскага, маскоўскага, смаленскага, стараабраднага пісьма на палатне, дошках, выразаныя з дрэва, медзі, свінцу, у т. л. абразы 17 ст. «Богаяўленне» з Петрапаўлаўскай царквы, «Раство Багародзіцы» і «Мікола Цудатворац» з Мікалаеўскай царквы і інш., некат. з іх у абкладах работы магілёўскіх майстроў А.Воўчака і П.Сліжыка; калекцыя напрастольных і нацельных крыжоў (пераважна 18 ст., многія ў інкруставаных і каштоўных абкладах), медны пацір 17 ст. з Мікалаеўскай царквы, інкруставаная даразахавальніца 18 ст. з Крыжаўзвіжанскай царквы, шытая шоўкам і золатам плашчаніца 1556, сярэбраная мітра магілёўскага архіепіскапа Г.Каніскага (1758); часткі іканастасаў, царскія вароты і бакавыя алтарныя дзверы 17—18 ст., скульптурныя выявы святых і інш.; магільныя пліты кн. Друцкай-Сакалінскай (1588) і Арсенія Азаровіча (1652), драўляныя надмагільныя пліты 17—18 ст. з Мікалаеўскай царквы. У бібліятэчным аддз. захоўваліся мінея 1490-х г., выдадзеная ў Кракаве, шматлікія богаслужэбныя кнігі 16—18 ст., біблія 1751 з гравюрамі, напрастольныя евангеллі 1568, 1637, 1640, 1764, кнігі магілёўскіх, маскоўскіх і львоўскіх выданняў 17—18 ст., у т. л. «Гутаркі Іаана Златавуста» (1623), «Словы і прамовы» Феафана Пракаповіча (1760—74). У архіве музея зберагалася больш за 4 тыс. дакументаў пераважна 17 ст., 26 каралеўскіх грамат 16—18 ст., у т. л. Стафана Баторыя на магдэбургскае права Магілёву (1577), інвентары горада, замка, воласці (1604) і інш. З 1919 экспанаты музея захоўваліся ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі.

Літ.:

Записки Северо-Западного отдела Русского географического о-ва. Вильна, 1910. Кн. 1. С. 224—229.

А.А.Седзін.

т. 9, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́МЦАЎ ПАВО́ЛЖА АЎТАНО́МНАЯ САВЕ́ЦКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

нацыянальна-тэрытарыяльнае ўтварэнне ў складзе Рас. Федэрацыі, якое існавала ў 1918—41 у Ніжнім Паволжы, дзе з 18 ст. жылі ням. каланісты. Засн. паводле Дэкрэта СНК РСФСР ад 19.10.1918 як Аўт. вобласць (Прац. камуна) немцаў Паволжа, тэрытарыяльна аформілася ў 1918—19 і 1922. Пл. 28 тыс. км², нас. (1939) 605,5 тыс. чал., у т. л. 66,4% немцаў, 20,4% рускіх, 12% украінцаў. Сталіца — г. Энгельс (да 19.31 наз. Пакроўск). Падзялялася на 22 кантоны (раёны) і 2 самаст. адм.-гасп. адзінкі (г. Энгельс і р.п. Чырвоны Тэкстыльшчык). Раўнапраўныя дзярж. мовы — нямецкая, руская, украінская. Гаспадарка мела агр.-індустр. характар. У студз. 1919 у Варэнбургу (цяпер с. Прывольнае) пасля харч. рэквізіцыі адбылося антысав. сял. паўстанне (задушана, 32 паўстанцы расстраляны). У час голаду 1921—22 насельніцтву вобласці дапамагалі харчамі Міжнар. саюз дапамогі дзецям (кіраўнік Ф.Нансен) і Амерыканская адміністрацыя дапамогі. 6.1.1924 на XI абласным з’ездзе Саветаў абвешчана АССР немцаў Паволжа (пераўтварэнне вобласці ў АССР зацверджана сумеснай пастановай ВЦВК і СНК РСФСР ад 20.2.1924). 31.1.1926 на 3-м з’ездзе Саветаў рэспублікі прынята яе Канстытуцыя. У 1930-я г. ў рэспубліцы было 5 ВНУ, 11 тэхнікумаў, 172 калгасныя клубы, 121 б-ка, 20 дамоў культуры, 52 кінатэатры, 4 тэатры (ням., рус., укр., дзіцячы), выдаваліся 29 газет (з іх 21 на ням. мове). З 1938 пачалося закрыццё ням. нац. школ, рэпрэсіравана значная частка ням. інтэлігенцыі і кіруючых работнікаў. Пасля нападу фаш. Германіі на СССР рэспубліка скасавана (указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 28.8.1941), яе ням. насельніцтва прымусова вывезена на спецпасяленні ў Новасібірскую і Омскую вобл., Алтайскі край, Казахстан. Большасць раёнаў рэспублікі з г. Энгельс уключана ў Саратаўскую, астатнія — у Сталінградскую (цяпер Валгаградская) вобл. Рашэннямі Прэзідыума Вярх. Савета СССР адменены высунутыя ў 1941 беспадстаўныя абвінавачанні сав. немцаў у дапамозе гітлераўцам (указ ад 28.8.1964) і забарона вяртацца ў Паволжа (указ ад 3.11.1972). Канчаткова немцы Паволжа рэабілітаваны паводле Дэкларацыі Вярх. Савета СССР ад 14.11.1989 і Закона РСФСР ад 26.4.1991, якія датычыліся ўсіх б. рэпрэсіраваных народаў СССР.

Літ.:

Емельянов В.П. Нужна ли нам республика немцев Поволжья? Саратов, 1991;

Герман А.А. Немецкая автономия на Волге, 1918—1941. Ч. 1. Автономная область, 1918—1924. Саратов, 1992.

У.Я.Калаткоў.

т. 11, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́І ЭТНАГРАФІ́ЧНЫЯ Збіраюць, захоўваюць, вывучаюць, экспануюць і папулярызуюць прадметы нар. культуры і побыту, вытв. дзейнасці, твораў мастацтва, дакумент. крыніц і інш. розных народаў. М.э. — неад’емная частка гісторыка-культ. спадчыны, крыніца па вывучэнні этналогіі народа і яго традыцый. Большасць М.э. комплексныя: спалучаюць 2 і больш блізкія тэматычныя кірункі — гісторыю, археалогію, мастацтва, дойлідства (гл. Скансэн), краязнаўства, рэлігіязнаўства і інш.

Прататыпам стараж. М.з. былі спец. ўладкаваныя святыя месцы з культавым інвентаром і сакральнымі рэліквіямі. Вял. геагр. адкрыцці садзейнічалі пашырэнню этнагр. ведаў, збору і калекцыяніраванню экзатычных рэчаў з жыцця і побыту розных народаў. Пазней узніклі спец. ўстановы, якія сталі цэнтрамі па ахове, сістэматызацыі і экспанаванні этнагр. помнікаў. У 19 ст. значныя этнагр. калекцыі мелі Брытанскі музей у Лондане, музей Ашмола ў г. Оксфард (Вялікабрытанія), Лейдэнскі музей (Нідэрланды), музеі натуральнай гісторыі ў Нью-Йорку і Чыкага (ЗША). Спецыялізаваныя М.э. або этнагр. аддзелы ёсць амаль ва ўсіх краінах свету. Сярод буйнейшых М.э. — Берлінскі, Лейпцыгскі, Дрэздэнскі, Гамбургскі (Германія), Стакгольмскі, Варшаўскі, Кракаўскі (Польшча), Музей нар. мастацтва і этнаграфіі ў Будапешце. Нац. музей нар. мастацтва і звычаяў у Парыжы, краязнаўча-этнагр. музеі ў Ротэрдаме (Нідэрланды) і Антверпене (Бельгія), Нац. этнагр. музеі ў Мюнхене (Германія), Вене, Сафіі, г. Марцін (Славакія), нац. музеі ў Празе, музеі пры Кембрыджскім (Вялікабрытанія) і Гарвардскім (ЗША) ун-тах. Сярод буйных комплексных музеяў, што спалучаюць этнаграфію, антрапалогію і археалогію, — Музей чалавека ў Парыжы і Нац. музей у Атаве (Канада). Старэйшы М.э. ў Расіі — Кунсткамера, засн. Пятром I у С.-Пецярбургу ў 1719, з 1879 Музей антрапалогіі і этнаграфіі пры Рас. АН. У 1895 адкрыты Рус. музей у Пецярбургу з раздзелам этнаграфіі Расіі і сумежных краін, у 1934 на яго базе створаны Дзярж. музей этнаграфіі народаў СССР, з 1991 Расійскі этнаграфічны музей. У 1885 адкрыты Гандл.-прамысл. музей саматужных вырабаў (з 1947 Музей народнага мастацтва ў Маскве).

На Беларусі першыя этнагр. калекцыі вядомы з Радзівілаўскіх і Сапегаўскіх збораў 16—17 ст. У 2-й пал. 18 ст. ў маёнтку Сямяцічы на Гродзеншчыне Г.Сапегай-Ябланоўскай засн. Кабінет натуральнай гісторыі, дзе былі шырока прадстаўлены этнагр экспанаты: прадметы агр. дзейнасці, прылады працы, інструменты, посуд, вырабы з кары і дрэва. У 1787—1820 Кабінет натуральнай гісторыі існаваў пры Полацкім езуіцкім калегіуме. Помнікі этнаграфіі былі шырока прадстаўлены ў «Кабінеце» М.Гаўсмана ў Мінску (вядомы з 1870-х г.), краязн. музеі А.Ельскага ў в. Замосце Пухавіцкага р-на, музеях Э.Чапскага ў в. Станькава Дзяржынскага р-на, К. і Я.Тышкевічаў у г. Лагойск Мінскай вобл., З.Глогера ў маёнтку Яжэва каля Беластока (Польшча), В.Федаровіча ў Віцебску (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.). На базе збораў братоў Тышкевічаў адкрыты Віленскі музей старажытнасцей (1856), які меў асобны аддзел этнаграфіі. У канцы 19 — пач. 20 ст. дзейнічалі царк.-археал. музеі ў Віцебску, Магілёве, Мінску, фонды якіх складаліся і з этнагр. экспанатаў. Каштоўныя этнагр. экспанаты захоўваліся таксама ў Віцебскім і Полацкім «музеумах разных прадметаў лясной гаспадаркі» (засн. ў сярэдзіне 19 ст.), Магілёўскім музеі пры губ. стат. к-це (існаваў з 1867), музеі пры Горы-Горацкім земляробчым ін-це Магілёўскай вобл. і інш. На аснове збораў І.Луцкевіча ў 1921—45 дзейнічаў Беларускі музей у Вільні, дзе шырока былі прадстаўлены вырабы нар. майстроў. У пач. 20 ст. ў Магілёве арганізаваны гіст.-этнагр. музей пры Т-ве вывучэння бел. краю (з 1913 Т-ва вывучэння Магілёўскай губ.). Найбольшыя этнагр. калекцыі ў даваенны перыяд зберагаліся ў Бел. дзярж. музеі ў Мінску, Гродзенскім гіст.-археал. музеі, Пінскім музеі і інш. Збіральніцтва этнагр. матэрыялаў у пасляваенны перыяд звязана з аднаўленнем і пашырэннем сеткі краязн. музеяў, у рамках якіх пераважна і развіваліся этнагр. экспазіцыі. Найб. багата яны прадстаўлены ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі старажытнабеларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, філіялах Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі. У 1970—80-я г. створаны дзярж. і грамадскія музеі этнагр профілю. Найб. значныя з іх Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік, Музей беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы Мінскай вобл., Клецкі гісторыка-этнагр. музей, Веткаўскі музей народнай творчасці, Дзіўнаўскі музей мастацтва і этнаграфіі, Крошынскі музей нар. мастацтва і рамёстваў, Мотальскі музей народнай творчасці, Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры, Музей этнаграфіі ў Магілёве, Нараўлянскі этнагр. музей і інш.

В.С.Цітоў.

т. 11, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)