Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АБДАЛА́Х ІБН АЛЬ-САІ́Д МУХА́МЕД (Халіфа) (1846 — ліст. 1899),
правіцель незалежнай суданскай дзяржавы [1885—вер. 1898] пасля смерці Махдзі. Ліквідаваў сепаратызм правадыроў плямёнаў, умацаваў дзяржаву махдзістаў, стварыў моцную армію. Узначаліў супраціўленне суданцаў англ. каланізатарам у 1896—98. Пасля перамогі англічан пры Амдурмане (вер. 1898) кіраўнік партыз. барацьбы. Забіты ў баі.
т. 1, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБН БАТУ́ТА (Абу Абдалах Мухамед ібн Абдалах аль-Лаваці ат-Танджы) (24.2.1304, г. Танжэр, Марока — 1377),
арабскі падарожнік, купец. У 1325—49 вандраваў па Егіпце, Аравіі, Іране, Месапатаміі, Сірыі, М. Азіі, Крыме і паўд. абласцях Расіі, некалькі гадоў пражыў у Індыі, потым наведаў Інданезію і Кітай. Паміж 1349 і 1352 пабываў у мусульм. Іспаніі, у 1352—53 падарожнічаў па Зах. і Цэнтр. Судане. За 30 гадоў прайшоў шлях амаль у 120 тыс. км, пабываў ва ўсіх мусульм. краінах. Апісаў свае падарожжы з указаннем звестак аб прыродзе, грамадскім жыцці і гісторыі краін. Яго твор перакладзены на шматлікія мовы і лічыцца адным з шэдэўраў араб. літаратуры.
т. 7, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНСУ́Р, аль-Мансур Абу Джафар Абдалах ібн Мухамед (707—775), халіф [754—775] з дынастыі Абасідаў. Ажыццявіў у Халіфаце шэраг адм.-фін. рэформ, спрыяў развіццю гандлю і рамяства. У 762 заснаваў г. Багдад, які стаў сталіцай Халіфата.
т. 10, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУ́-БЕКР, Абдалах ібн Асман (572 ці 573 — жн. 634),
першы халіф [632—634] у Араб. халіфаце. Адзін з бліжэйшых паплечнікаў Мухамеда, разам з ім перасяліўся ў Медыну (622). Абраны халіфам пасля смерці Мухамеда. Задушыў паўстанні араб. плямёнаў, сепаратысцкія рухі ў Аравіі. Ваяваў супраць сасанідскага Ірана (633) і візантыйцаў у Палесціне (634).
т. 1, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБН ХАРДА́ДБЕХ, Ібн Хурдазбіх Абу-ль-Касім Убайдалах ібн Абдалах
[каля 820 (па інш. звестках, 826) — каля 912/913 (па інш. звестках, 885)],
арабскі географ. Паводле паходжання перс. Яго «Кніга шляхоў і дзяржаў» — важная крыніца па гісторыі Халіфата і сумежных краін, мае ўпамінанні славян і русаў; першы твор апісальнага характару на араб. мове, які дайшоў да нашых дзён.
т. 7, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДРЫ́СІ, аль-Ідрысі Абу Абдалах Мухамед ібн Мухамед (1100, г. Сеута, Марока — 1161 або 1165), арабскі географ і падарожнік. Адукацыю атрымаў у Кордаве. Вандраваў па Партугаліі, Францыі, Англіі, М. Азіі. З 1138 жыў у Палерма. На аснове сваіх назіранняў і звестак, атрыманых ад падарожнікаў, купцоў, паломнікаў, у 1154 склаў вял. каляровую карту свету на 70 аркушах (падзяліў Зямлю на 7 кліматаў, 10 частак у кожным клімаце) з суправаджальным тэкстам пад назвай «Забава таго, хто сумуе аб вандроўках па абласцях». Тэр. Беларусі на карце прадстаўлена ў асноўным на аркушы 65-м (паводле класіфікацыі аўтара, 5-я секцыя VII клімату). Пазначаны г. Мінск («Муніска») — першая выява горада на карце. Праца І. з’явілася вяршыняй класічнай араб. картаграфіі.
т. 7, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХДЗІ́ Суданскі, Мухамед Ахмед ібн ас-Сеід Абдалах (12.8.1844, в-аў Лебаб, Судан — 22.6.1885), арабскі рэліг. дзеяч, правадыр нар. паўстання ва Усх. Судане ў 1880-я г. Атрымаў традыц. рэліг. адукацыю ў Амдурмане і Берберы. Чл. суфійскага рэліг. ордэна Саманія. Пасля разрыву з кіраўніком ордэна пасяліўся на в-ве Аба на Ніле. Набыў вядомасць як таленавіты прапаведнік, заклікаў вярнуцца да першапачатковай «чысціні» ісламу, выкрываў злоўжыванні англа-егіп. улад. У 1881 абвясціў сябе махдзі, узначаліў барацьбу народаў Усх. Судана супраць замежнага панавання. У студз. 1885 авалодаў сталіцай Судана — г. Хартум. Заснаваў новую сталіцу — г. Амдурман, дзе неўзабаве памёр. Грабніца М.С. — месца паломніцтва мусульм. вернікаў Судана, а яго нашчадкі адыгрываюць важную ролю ў рэліг. і паліт. жыцці краіны.
т. 10, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХДЗІ́СТАЎ ПАЎСТА́ННЕ ў Судане,
паўстанне 1881—99 супраць англа-егіпецкіх улад і мясц. знаці. На 1-м этапе М.п. ўзначаліў мусульм. прапаведнік Мухамед Ахмед (гл. Махдзі Суданскі). У студз. 1883 паўстанцы занялі г. Эль-Абейд, у ліп. 1883 разбілі атрад англ. ген. У.Хікса. 26.1.1885 яны авалодалі адм. цэнтрам Судана г. Хартум, пры гэтым быў забіты англ. губернатар Ч.Дж.Гордан. Ў ходзе паўстання створана вял. мусульм. дзяржава са сталіцай у г. Амдурман. Пасля смерці Махдзі Суданскага (чэрв. 1885) дзяржаву ўзначаліў яго бліжэйшы паплечнік халіф Абдалах ібн аль-Саід Мухамед, пры якім яна ўключала б.ч. сучаснага Судана. У 1896 англ. войскі на чале з Г.Г.Кітчэнерам пачалі наступленне на дзяржаву махдзістаў, 2.9.1898 разбілі іх у бітве пры Амдурмане. Канчаткова паўстанне задушана пасля гібелі ў ліст. 1899 Абдалаха ібн аль-Саіда Мухамеда.
т. 10, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)