А́АРНЕ ((Aarne) Анці Аматус) (5.12.1867, г. Б’ёрнеборг, Фінляндыя — 5.2.1925),

фінскі фалькларыст; прадстаўнік т.зв. фінскай гісторыка-геагр. школы ў фалькларыстыцы. Распрацаваў і абгрунтаваў тэхн. прыёмы параўнальнага метаду, даў узоры яго дастасавання да казак, загадак, песень. Гал. працы: «Паказальнік казачных тыпаў» (1910), «Асновы параўнальнага вывучэння казак» (1913), «Параўнальнае вывучэнне загадак» (т. 1—3, 1918) і інш. На аснове яго паказальніка амер. казкавед С.​Томпсан склаў свой «Паказальнік казачных тыпаў» (1928). Міжнар. сістэму класіфікацыі казачных сюжэтаў А.—Томпсана выкарыстаў Л.Р.Бараг у паказальніку «Сюжэты і матывы беларускіх народных казак» (1978).

т. 1, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ДАРАЎ (Юрый Уладзіміравіч) (н. 8.5.1927, с. Рап’ёўка Базарна-Карабулакскага р-на Саратаўскай вобл., Расія),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1977). Скончыў Маск. тэатр. вучылішча імя М.​С.​Шчэпкіна (1949). Працаваў у Гродзенскім абл. драм. т-ры, з 1954 у Нац. акад. драм. т-ры імя М.​Горкага. Адначасова з 1968 -выкладае ў Бел. АМ. Творчасці С. ўласцівы лаканічныя выразныя сродкі, знешняя стрыманасць пры ўнутр. напружанасці, дакладнасць дэталей, пластычнасць маст. вобраза. Выканаўца гераічных, лірычных, вострахарактарных, камед. роляў. Ролі ў бел. рэпертуары т-ра імя М.​Горкага: лейтэнант Наганаў, палкоўнік Кусонскі, паліцай Зыль («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка», «Дзеля жыцця» К.​Губарэвіча), Гарачун («Білет у мяккі вагон» А.​Маўзона), Дробыш, Хазяінаў («Трывога», «Соль» А.​Петрашкевіча), Чарвякоў («Знак бяды» паводле В.​Быкава) і інш. Ролі ў класічным рэпертуары: Мікіта («Улада цемры» Л.​Талстога), Пратасаў, Бардзін, Ягор Булычоў, Бубнаў, Жан («Дзеці сонца», «Ворагі», «Ягор Булычоў і іншыя», «На дне» М.​Горкага, «Букееў і кампанія» паводле п’есы «Якаў Багамолаў» М.​Горкага), Актавій Цэзар, Банка («Антоній і Клеапатра», «Макбет» У.​Шэкспіра), барон Бэрлі («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера) і інш. Псіхалагічна паглыблена раскрыў характары Аарне («Каменнае гняздо» Х.​Вуаліёкі), Бернарда Шоу («Мілы лгун» Дж.​Кілці), Дасбергена Мустафаева («Узыходжанне на Фудзіяму» Ч.​Айтматава і К.​Мухамеджанава), Гартмана («Дзікунка» Ж.​Ануя), Фушэ («Вячэра» Ж.​Брысвіля) і інш. Удзельнічае ў тэлевізійных і радыёспектаклях.

Б.​І.​Бур’ян.

Ю.У.Сідараў.
Ю.Сідараў у ролі Ягора Булычова.

т. 14, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)